Па дарагім сэрцу адрасе

Спатканне з юнацтвам, з паважанымі настаўнікамі і сябрамі дораць вечары сустрэчы. У  першую суботу лютага, па традыцыі выпускнікі спяшаюцца ў свае родныя школы. І зноў іх кліча школьны званок, зноў яны гарэзлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі, зноў хочацца падняць руку і выйсці да дошкі…
Настаўніца Тухавіцкай СШ Святлана Зубік не хавала хвалявання ад маючай адбыцца падзеі.

– Тухавіцкая школа штогод гасцінна расчыняе дзверы сваім выпускнікам. Вечар сустрэчы для калектыву падзея заўсёды чаканая і хвалюючая. Да яе старанна рыхтуемся, імкнёмся зрабіць адметнай і незабыўнай. Мне, выпускніцы гэтай школы, асабліва прыемна займацца сцэнарыем вечара, праводзіць рэпетыцыі. Сёлета на сустрэчу з юнацтвам чакаем дзясятак выпускаў, сярод якіх і 45-гадовыя юбіляры. У 1973 годзе шчаслівыя, поўныя мараў і планаў юнакі і дзяўчаты атрымалі пасведчанні аб заканчэнні СШ. І праз чатыры з паловай дзесяцігоддзі яны ўспомняць сваіх настаўнікаў, аднакласнікаў і сяброў, прыгадаюць школьнае жыццё.
Святлана Васільеўна абяцае, што святочная праграма на нейкі час перанясе гасцей у мінулае. Нават размесцяцца выпускнікі за сапраўднымі партамі. А яшчэ ўсіх чакаюць конкурсы, песні, танцы і абавязкова сюрпрызы. Адзін з іх – відэаролік «Школьны альбом», дзе ў мностве фотаздымкаў кожны пазнае сябе.
У Тухавіцкай СШ сёння займаюцца больш як паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Для кожнага настаўніка школа – не проста месца працы, а другі дом.
– Ганаруся тым, што мяне вучылі такія педагогі як Ніна Чаранкевіч, Валянціна Новік, Таісія Хоміч, Віктар Зенчанка. Яны і сёння шчодра дзеляцца вопытам з маладымі калегамі, – расказвае Святлана Зубік, якая даўно і па праве стала калегай сваіх школьных педагогаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *