Хлеб у хаце гаспадар. ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна адзначае 70-гадовы юбілей

Назва «Жарабковічы» на слыху не толькі ў нашым раёне і далёка не толькі ў аграрным асяроддзі. Тутэйшыя хлебныя намалоты і ўраджаі цукровых буракоў не аднойчы аказваліся на самых высокіх радках абласных рэйтынгаў. А вялікі патэнцыял адной з самых буйных гаспадарак Ляхавіччыны дае ўсе падставы
спадзявацца, што такая паспяховая вытворчая практыка будзе мець дастойны працяг.
Праслаўляюць сваё сельгаспрадпрыемства і свой раён лепшыя жарабковіцкія працаўнікі – іх імёны штогод сярод пераможцаў раённых і абласных спаборніцтваў на жніве, нарыхтоўцы кармоў, сярод жывёлаводаў. І гэта выдатная традыцыя, што складвалася дзесяцігоддзямі.
А яшчэ гаспадарка адметная адной з галін сельгасвытворчасці, што тут развіваецца: авечкагадоўля ў такім маштабе, можна сказаць, рэспубліканскі эксклюзіў.
ААТ «Жарабковічы» – 70. Слаўны, плённы, выніковы шлях! І, што надзвычай важна, надзейныя і ўпэўненыя перспектывы.

Дырэктар ААТ «Жарабковічы»   Антон Булаты.

Канюхі, Падлессе, Сваятычы і Жарабковічы не толькі і не проста населеныя пункты на геаграфічнай карце раёна, яшчэ – даюць назву вытворчым участкам у структуры адкрытага акцыянернага таварыства «Жарабковічы». Участкі, што па сваіх памерах, вытворчым патэнцыяле маглі б быць і ў розныя часы з’яўляліся самастойнымі сельскагаспадарчымі структурамі. У тым ліку і такая «геаграфія» падкрэслівае веліч ААТ, ролю, месца, вагу і статус, якія гаспадарка займае ў эканоміцы раёна і не толькі. Разважаючы, у адказ на пытанне «ЛВ», пра маштабы прадпрыемства, яго дырэктар Антон БУЛАТЫ называе лічбы:
– Агульная тэрыторыя гаспадаркі складае 9630 гектараў. З іх 9137 гектараў – землі сельскагаспадарчага прызначэння. У тым ліку 6580 – ворыва і прыкладна 2 500 – лугі і паша. У структуры апошніх значная частка плошчаў прыходзіцца на ўгоддзі палепшаных характарыстык.

– Антон Тадэвушавіч, нават не аграрыі ведаюць: зараз, зімой, сельскагаспадарчыя ўгоддзі адпачываюць. У працаўнікоў палёў гэтым часам клопатаў таксама некалькі менш, чым у сезон, аднак, пра адпачынак гаварыць не выпадае.
– Калі вы пра штогадовы працоўны водпуск, то так: для механізатараў, спецыялістаў-аграрыяў, некаторых іншых катэгорый работнікаў ён прыпадае іменна на міжсезонне. Але зіма для нас – гэта, у першую чаргу, прэлюдыя вясны. Наколькі якасна і поўна падрыхтуешся да яравой кампаніі – настолькі запоўненымі акажуцца хлебныя засекі восенню. А, як ведаем, хлеб у хаце гаспадар. На адной толькі ўрадлівасці глебы, якой бы высокай яна ні была, на добры ўраджай не выйдзеш.

– Рамонтныя майстэрні ўяўляюцца зараз своеасаблівым гарачым  цэхам гаспадаркі. Наколькі такое параўнанне блізка да ісціны?

– Як вобраз – мае права быць. Тым больш, што ў нетрах рамонтнага цэха ёсць месца для кавальскай майстэрні. Але і без жартаў – у інжынерна-тэхнічных работнікаў, спецыялістаў-рамонтнікаў, механізатараў гарачыя працоўныя будні працягваюцца.
Нягледзячы на тое, што практычна ўсю тэхніку «першага выхаду» мы падрыхтавалі ўжо. Гаворка пра машыны для ўнясення тукаў і арганікі, плугі, пасяўныя агрэгаты, парк трактароў, аўто. Фінансавая напружанасць, лічу, не павінна быць шлагбаўмам на шляху абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадаркі. Паступовасць, але рэгулярнасць з’яўляюцца ў гэтым пытанні рацыянальным правілам.
З сёлетніх сур’ёзных набыткаў – яшчэ адзін самаходны апырсквальнік. У нашых умовах – цяжкія землі, якія доўга вызваляюцца ад вясенняй вільгаці, запоз-ненае (дзён на дзесяць у параўнанні з поўднем раёна) паспяванне зямлі – «Раса» агрэгат абсалютна незаменны. Гэта ў літаральным сэнсе ўсюдыход, што дазваляе раней прыступіць да падкормкі траў, азімых пасеваў. Пасля – работы па абароне раслін ад хвароб і шкоднікаў. І не толькі «Раса»: на тэму абнаўлення матчасткі гаспадаркі мы маглі б прадоўжыць.

– Антон Тадэвушавіч, вы ўзгадалі пра азімыя збожжавыя. Наколькі разумею, ва ўмовах «Жарабковіч» яны па ўраджайнасці даюць фору сваім яравым аналагам.
– З восені гаспадарка пасеяла 1500 гектараў пшаніцы, 650 – рапсу. У мінулым годзе сярэдні гектар азімай пшаніцы даў 67 цэнтнераў зерня. Яравы варыянт культуры атрымаўся некалькі менш важкім. І праўда, карэкціруем пасяўныя плошчы на карысць азімых. Адну з прычын мы ўжо раскрылі. Другая заключаецца ў імкненні максімальна разгрузіць яравую кампанію. Паўтару, у «Жарабковічы» яна прыходзіць пазней, а тэрміны правядзення работ з’яўляюцца аднолькава аптымальнымі. Хоць з далучэннем лёгкіх канюхоўскіх земляў у нас з’явілася магчымасць для больш ранняга вясенняга манеўру. На гэты год пад яравыя зерневыя пакінулі 1300 гектараў. Належыць пасеяць 900 гектараў цукровых буракоў, кукурузу на зерне і сілас, шэраг іншых культур.

– «Жарабковічы» – адно з двух у раёне сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць сучаснае бульбасховішча.
– Апошні год быў дастаткова ўраджайным на бульбу. У нас атрымалася сабраць амаль 370 цэнтнераў клубняў на круг. Восенню другім хлебам практычна не гандлявалі. Навошта, калі ёсць адмысловае сховішча, дзе можна прытрымаць тавар да вясны і прадаць з істотна большай выгадай. Між іншым, ужо былі тэлефанаванні з прапановай купіць нашу бульбу. Цану не называю, але дэльта з тым, што плацілі восенню, адчувальная.

– Яшчэ адзін і ці не рэспубліканскага маштабу жарабковіцкі эксклюзіў – авечкагадоўля.
– Гэты канюхоўскі «пасаг» вярнуўся ў гаспадарку. На даны момант на ферме ўтрымліваецца каля 4 000 бараноў, авечак, ягнят. Прычым колькасць апошніх з кожным днём прагрэсіўна павялічваецца. Зіма на ферме – час масавых акотаў. Да абарыгеннай пароды, якой у нашым выпадку з’яўляецца прэкас, за час гаспадарання дабавіліся мерыналандшаф і асканійская. Загадваць не буду, але думка аб арганізацыі сваёй вытворчасці па перапрацоўцы бараніны прыходзіць усё часцей.

– Нядаўна атрымалася пабываць на новым жывёлагадоўчым аб’екце ААТ «Жарабковічы». Уражанні ад наведвання МТК «Чашчы» самыя грандыёзныя.
– Будаваліся гаспадарчым спосабам, і тое, што вы маглі бачыць, – толькі першая чарга комплексу. Зараз там стаіць 660 галоў жывёлы. З іх 440 – каровы, ад кожнай з якіх у мінулым годзе ў сярэднім атрымана 7824 кілаграмы малака самай высокай якасці. Усяго ж у «Жарабковічах» 8 МТФ. І 6372 кілаграмы малака атрымана летась ад кожнай сярэдняй каровы. Што да кармоў, то апошнім трэндам гаспадаркі з’яўляецца паступовае змяншэнне ў рацыёне жывёлы сіласу на карысць сенажу. Кукурузы будзем сеяць менш, а бабовых траў – люцэрны, канюшыны, зернебабовых – наадварот.

– Антон Тадэвушавіч, пра што з таго, што хацелася б сказаць, я ў вас не спытаў?
– Хачу сказаць дзякуй працаўнікам нашай гаспадаркі. Усім і кожнаму: за працу, нястомнае служэнне аграрнай справе. Мы ніколі не забываліся пра вытокі гаспадаркі, якія каранямі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Тады, а таксама ў наступныя дзесяцігоддзі закладваўся стыль гаспадаркі, нараджаліся ідэі, прыходзілі першыя поспехі і перамогі. За ўсім гэтым – нашы першапраходцы і ветэраны наступных пакаленняў, якім асаблівая павага і шчырая ўдзячнасць. Усё, чаго дасягнулі «Жарабковічы», – плод вашых намаганняў, дарагія землякі.

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дарагія землякі! Шаноўныя працаўнікі   ААТ «Жарабковічы» і нашы паважаныя ветэраны!
Сёння ва ўсіх нас свята – гаспадарка адзначае прыгожы юбілей. Можам з гонарам адзначыць: да важкай даты падышлі з дастойным багажом. І ў гэтым, безумоўна, заслуга вельмі многіх людзей: усіх, хто сумленна працаваў і працуе, хто па-сапраўднаму перажывае за агульную справу і робіць усё, каб яна ладзілася. Дзякуй усім за нераўнадушнасць, працавітасць, адказнасць і разуменне. Ад шчырага сэрца – дабра і здароўя, дабрабыту і ладу ў кожнай сям’і, у кожным доме, працоўных поспехаў і натхнення.
Дырэкцыя і прафкам ААТ «Жарабковічы».

 

Прыгожы жаночы твар у бухгалтарска-эканамічнай службы ААТ «Жарабковічы».

Аператары машыннага даення МТК «Чашчы» Валянціна Усцінава, Анжэла Касцюк, Іна Панова.

МТФ «Улазавічы»: механізатар на падвозцы кармоў Уладзімір Грыцкевіч, жывёлаводы Іосіф Коктыш і Алег Галавенка.

Чабаны Людміла Падымава і Марына Русакевіч.

One thought on “Хлеб у хаце гаспадар. ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна адзначае 70-гадовы юбілей

  • 05/02/2018 в 12:41
    Permalink

    Шчыра віншую працаўнікоў ААТ «Жарабковічы». Сем дзесяцігоддзяў высока трымаюць марку сельгаспрадпрыемства. Умеюць працаваць і атрымліваць важкі ўраджай. Ела кашу з жарабковіцкай грэцкай крупы — спадабалася. Вырошчвайце яшчэ. Можа, як у мінулыя гады, пачнеце вырошчваць і кавуны?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *