Тутэйшыя

Важкія надоі, намалоты, прывагі. За ўсім гэтым – працавітыя, адданыя справе і сваёй малой радзіме надзейныя тутэйшыя людзі, звычайныя вяскоўцы – тыя, хто штодзень пісаў і піша біяграфію калектыву. Калі на кожнага чалавека, так ці інакш звязанага з гэтым сельгаспрадпрыемствам, адвесці хаця б старонку, атрымалася б шматтомная энцыклапедыя пад назвай «Зямля і людзі».

Працоўная доблесць

Аператар машыннага даення МТФ «Жарабковічы» Лідзія Чаркас – адна з самых вопытных, у прафесіі больш за 30 гадоў. За яе надоямі паспее не кожная маладая: летась атрымала 8695 кілаграмаў малака ў сярэднім ад кожнай каровы. На гэтай МТФ у Чаркасаў сямейны падрад. Сын Арцём – слесар. Нявестка Інэса – загадчыца фермы.
Толькі словы падзякі ў свой адрас за бездакорную працу чуюць загадчыца фермы «Улазавічы» Вольга Аляшкевіч, аператары машыннага даення МТК «Чашчы» Святлана Калядзіч, МТФ «Дамашы» Наталля Карповіч і Анастасія Таўпека. Тры дзесяцігоддзі, як дзетак, пеставала, гадавала цялушак Ірына Вайцяхоўская. Гэтаму вучыла і сваю дачку Наталлю, якая замяніла маці на ферме.
Вясна не за гарамі. Сонейка прагрэе зямлю, і палі напоўняцца гулам трактароў. Сяўба і жніво для механізатараў – праверка на трываласць і прафесіяналізм. І яе годна прайшлі Іван Палуэктаў, Анатолій Пятух, Міхаіл Собаль, Дзмітрый Туцін, Аляксандр Холад, Андрэй Дзянішчык, Аляксандр Сокал, Раман Турко, Пётр Блашэнка, Сяргей Карповіч. Магчыма, хтосьці з іх паўторыць дасягненне Яўгенія Казакевіча, які працуе ў гаспадарцы з 1971 года і па сённяшні дзень: паляводам, трактарыстам, жывёлаводам. У працоўнай кніжцы вадзіцеля Івана Сергяені толькі адзін запіс: «1973 год. Прыняты вадзіцелем у калгас «Беларусь».
У 1974 годзе ветэрынарную службу «Беларусі» ўзначаліў Леанід Шклянік, 31 год ён сачыў за здароўем тутэйшага статка. І ў свае 74 гады Леанід Васільевіч не можа сядзець без справы, працуе заатэхнікам.
Такіх прыкладаў адданасці роднай зямлі ў гаспадарцы, якая днямі адзначае 70-годдзе, нямала. Адзін з іх – Ждановічы: Анатолій – галоўны эканаміст (яго бацькі таксама жарабко-віцкія працаўнікі), жонка Тамара – бухгалтар, сын Віктар – вадзіцель.
Калі палічыць агульны стаж у «Жарабковічах» начальнікаў участкаў Міхаіла Багацкага, Анатолія Куніцкага, Уладзіміра Адаські, Аляксей Навалочка, то ён перасягне стагоддзе.
Механізатар, аграном, намеснік старшыні – старонкі працоўнай біяграфіі сённяшняга дырэктара таварыства Антона Булатага, бацька якога Тадэвуш Булаты ўсё жыццё працаваў механізатарам у гаспадарцы. Ёсць на-
дзея на дастойны працяг – сын кіраўніка Павел пакуль студэнт, а на канікулах не першы год шчыруе камбайнерам на жніве.
У калгас «Беларусь» 35 гадоў назад інжынерам-энергетыкам уладкаваўся Леанід Варвашэвіч, цяпер ён намеснік дырэктара ААТ, яго жонка Вольга – бухгалтар.

На сваёй зямлі

Скрыжаванне вуліц Лугавой і Мінскай у аграгарадку Жарабковічы. Яшчэ год назад тут была малапрывабная пустка, але менавіта гэтаму месцу пасля добраўпарадкавання наканавана стаць цэнтрам культуры, месцам спатканняў закаханых і прыемнага адпачынку пад ціхае шапаценне дрэў і птушыныя спевы. Першыя «цаглінкі» ў падмурак сквера закладзены. Летась устаноўлены лаўкі, зроблены альпійскія горкі. Сёлета будуць пасаджаны дрэвы.  Гэта адзін з праектаў. «Жарабковічы» будуюцца, добраўпарадкуюцца. І не толькі цэнтральная сядзіба. Тыдзень-другі, і ў вёсцы Канюхі гасцінна расчыніць дзверы пасля маштабнай рэканструкцыі аб’ект грамадскага  харчавання: у будынку былой школы пад адным дахам размясціліся сталоўка, танцавальная і банкетная залы, пакоі для адпачынку.
На парадку дня – уладкаванне дарогі да новага малочнатаварнага комплексу «Чашчы», пешаходных дарожак у аграгарадку Жарабковічы, добраўпарадкаванне дарогі да майстэрняў.
Сельгаспрадпрыемства пастаянна аказвае дапамогу падшэфным школам і дзіцячым садкам у падрыхтоўцы да новага навучальнага года, забеспячэнні сельгаспрадукцыяй і інш.
У вырашэнні многіх сацыяльных пытанняў актыўна ўзаемадзейнічае з Жарабковіцкім сельвыканкамам. У гаспадарцы не шкадуюць сродкаў на дабрачыннасць. За актыўны ўдзел у рэстаўрацыі помнікаў і добраўпарадкаванні месцаў пахавання воінаў і мірнага насельніцтва, загінуўшых у гады вайны, у вёсках Сваятычы, Пірштукі, Канюхі, аграгарадках Жарабковічы і Падлессе, граматай і падарункам раённай арганізацыі прафсаюзаў узнагароджана і ААТ «Жарабковічы».
Істотную падтрымку маюць сённяшнія працаўнікі і пенсіянеры сельгаспрадпрыемства па ўмовах калектыўнага дагавора. Ёсць чым пахваліцца і ў паспяховым  фірменным гандлі – гаспадарка мае магазіны ў аграгарадку Падлессе і вёсцы Зарытава.

Маладая гвардыя

– Можна сказаць, выцягнула шчаслівы білет. Ні на які горад не прамяняю ні Сваятычы, дзе жыву, ні «Жарабковічы», дзе працую. Добрая зарплата, выдатныя ўмовы, дружны калектыў – ад дабра дабра не шукаюць, – сцвярджае юрыст Таццяна Гібеж, якая працуе ў ААТ амаль 10 гадоў. Таварыства выдзеліла легкавы аўтамабіль для канторскіх работнікаў, якія жывуць у Сваятычах, Таццяна па сумяшчальніцтве яго вадзіцель. Дарэчы, яе маці – аператар машыннага даення, свякроў – малаказборшчык, муж – загадчык Сваятыцкага ФАПа.
Таццяна, можна сказаць, адна з маладой гвардыі мясцовых працаўнікоў, усяго тут працуе каля 120 чалавек ва ўзросце да 31 года. Дзейнічае пярвічка БРСМ, якую ўзначальвае аўтамеханік Георгій Жук.
Амаль штогод прыходзіць у гаспадарку маладое папаўненне. Размеркавацца ў «Жарабковічы» – удача. У калектыўным дагаворы прапісаны сацыяльныя гарантыі. У прыватнасці, маладому спецыялісту, які прыбыў на работу па размеркаванні, выплачваецца 6 службовых акладаў пры заключэнні пагаднення, што адпрацуе ў гаспадарцы не менш за 3 гады. Штомесячна маладым сем’ям выдаткоўваюцца грашовыя сродкі на частковую кампенсацыю расходаў за наём жылля; прадастаўляюцца доўгатэрміновыя беспрацэнтныя крэдыты на будаўніцтва і набыццё дамоў ці кватэр і іншае. Увогуле, чарга на ўласныя квадратныя метры ў гаспадарцы невялікая. Летась наваселле ў рэканструяваных доміках (за сродкі гаспадаркі заменены дах, водаправод, ацяпленне, зроблены капітальны рамонт) у Канюхах справілі 4 маладыя работнікі. Адзін з іх механізатар Аляксандр Навумчык. Хутка ў яго сям’і чакаецца папаўненне – першынец.

Прафсаюзы  заўжды побач

Мясцовы прафсаюз займае актыўную пазіцыю, наладжаны  грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, палажэнняў калектыўнага дагавора,  праводзяцца бясплатныя кансультацыі па жыллёвых пытаннях. Ініцыятар добрых спраў – старшыня прафсаюзнай пярвічкі Людміла Мікуліч.
– Людмілу Аляксандраўну цяжка застаць у рабочым кабінеце. Яна на палявым стане, у вытворчых майстэрнях, на фермах. Паспявае трымаць на кантролі і пытанні аховы працы, імкнецца быць у гушчыні працоўных будняў, і ў час святаў разам з вяскоўцамі, – расказвае пра калегу старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура. За больш чым пяцігодку прафсаюзнага лідарства Людміла Мікуліч атрымала нямала ўзнагарод. Адна з апошніх – студзеньская: нагрудны знак Беларускага прафсаюза работнікаў АПК «За заслугі». Дарэчы, сельгас-прадпрыемства вызначана як адно з базавых у раёне для распаўсюджвання лепшага вопыту работы прафсаюзных пярвічак.

Перамогі не толькі  на хлебным полі

Кубкі, медалі, граматы, мноства прызавых месцаў у разнастайных раённых спартыўных і турыстычных спаборніцтвах –   «Жарабковічы» ўмеюць перамагаць не толькі на хлебным полі. Каманда сельгаспрадпрыемства заняла І месца па выніках раённай спартакіяды працоўных калектываў у мінулым годзе. Тое, што ў здаровым целе здаровы дух, які далёка не лішні для чалавека працы, упэўнены былы інжынер-электрык гаспадаркі Вячаслаў Свінабурка. Менавіта ён калісьці захапіў спортам землякоў. Цяпер яго эстафету пераняў малады калега інжынер па ахове працы Сяргей Новік.
– Нашых не трэба прымушаць трэніравацца. У прызначаны час збіраемся разам у спартыўнай зале школы. Кіраўніцтва гаспадаркі падтрымлівае спорт і спартсменаў-аматараў у тым ліку і матэрыяльна, – гаворыць Сяргей Новік.
Які від спорту ні вазьмі, у Жарабковічах ёсць свае чэмпіёны. У лыжных гонках – даярка Вольга Войтуль, механізатар Дзмітрый Лук’янчык, жывёлаводы Вячаслаў і Алена Бойка, настольным тэнісе і більярдзе – Сяргей Новік, дартсе –  жывёлавод Ірына Лук’янчык і інжынер Аляксей Падрэз. Каманды па міні-футболе, валейболе, перацягванні каната неаднаразова пацвярджалі званне лепшых у раёне. Традыцыйна штогод у аграгарадку Жарабковічы ладзіцца спартыўнае свята, на якое прыязджаюць спартсмены-аматары не толькі з Ляхавіцкага раёна.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Валявы, настойлівы, мэтанакіраваны, часам, магчыма, і занадта жорсткі ў патрабавальнасці, апантаны ў адносінах да работы. Такім застаўся ў памяці землякоў старшыня спачатку калгаса «Беларусь», а потым і СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько. Старшынёўскі стаж Віталія Іванавіча – 34 гады. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка багацела, больш заможным станавілася жыццё тутэйшых працаўнікоў. Яго паважалі, да яго меркавання прыслухоўваліся, з ім раіліся. І ён рабіў многае для сваіх землякоў. Як і яго папярэднікі, якія ў розныя часы ўзначальвалі гэтую адну з лепшых гаспадарак Ляхавіччыны.

Начальнік участка «Падлессе» Міхаіл Багацкі (на пярэднім плане)  і калектыў машынна-трактарнага парка.

Загадчыца МТФ «Дамашы» Таццяна Пірштук, заатэхнік Леанід Шклянік з жывёлаводамі.

Начальнік участка «Сваятычы» Анатолій Куніцкі (злева) і механізатары.

Галоўны інжынер Вячаслаў Буцько (другі злева) з калегамі-механізатарамі.

Маладая сям’я Анастасіі і Максіма Нічыпарэнкаў з дзецьмі Яраславам і Кацюшай.

Спортінструктар і па сумяшчальніцтве інжынер па ахове працы Сяргей Новік.

За прылаўкам фірменнага магазіна ў Зарытаве Наталля Несцяровіч і Надзея Сокал.

Паважаныя працаўнікі і ветэраны ААТ «Жарабковічы!
Ад усёй душы віншуе вас з юбілейнай датай Ляхавіцкая раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК!
Гэты дзень – свята не толькі для гаспадаркі, але і для кожнай сям’і. Умацоўвайце і прымнажайце ўсё добрае, што створана многімі пакаленнямі тутэйшых работнікаў, а дасягненні сённяшнія няхай становяцца кропкай адліку для будучых.
Жадаем вам, дарагія сябры, вашым родным і блізкім здароўя і дабрабыту, удачы і дастойнага шчаслівага жыцця!
Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць ветэранам ААТ «Жарабковічы» – тым, хто ствараў аснову сённяшняга дабрабыту гаспадаркі, закладваў традыцыі прафесійнага майстэрства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *