На спектакль збірае званок. Школьны

На заслужаным адпачынку спраў толькі прыбаўляецца. У многім за кошт таго, што завецца заняткамі для душы, таго, на што часу раней не хапала. З «доўгай шуфлядкі» можна даставаць усё, чым хацелася заняцца, напрыклад, вывучэннем англійскай мовы ці, як даўно марылася, запісацца на камп’ютарныя курсы або ў гурток мастацкай самадзейнасці.

Абмеркаванне сцэнарыя, рэпетыцыі, выступленні – такія дэталі з тэатральнага жыцця гарманічна ўпісаліся ў жыццёвы расклад ветэранаў педагагічнай працы гімназіі. Прапанову стварыць тэатральны гурток настаўніца Людміла Раманенка прыняла з энтузіязмам. Вопыт ёсць: за плячамі амаль 25 гадоў кіраўніцтва школьнай тэатральнай студыяй «Вобраз», больш за 20 спектакляў. Для чарговай пастаноўкі выбралі чэхаўскую п’есу «Вяселле». Лаліта Сабалеўская, Алег Галабокаў, Пётр Чарток, Аляксандр Каваленка, Тамара Халадзінская, Людміла Рагацэвіч, Міхаіл Курловіч, Іван Юрлевіч на ролі пагадзіліся адразу і з нецярпеннем чакалі пачатку рэпетыцый. Чакалі першага свайго спектакля, які яны прапанавалі да ўдзелу ў абласным этапе 14 рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны». Прэм’ера спектакля адбылася 17 студзеня і вельмі ўразіла гледачоў. Тэатральны калектыў выступіў перад гімназічнай публікай.
– Прыемна ўразіла стаўленне нашых педагогаў да справы. Адказныя, старанныя і вельмі таленавітыя. Нягледзячы на безліч клопатаў (многія, дарэчы працуюць, а хтосьці – слухач інстытута трэцяга ўзросту ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту), але заўсёды знаходзілі час на рэпетыцыі. З ахвотай вучылі тэксты, прыдумвалі касцюмы, дэкарацыі – адным словам, акунуліся ў работу з галавой. Шчыра сказаць, за столькі гадоў працы побач з гэтымі педагогамі не ведала пра іх выдатныя акцёрскія здольнасці, –расказвае Людміла Раманенка.
…Акцёры выходзяць на паклон. Відавочна, яны атрымліваюць асалоду ад таго, што робяць, бо гэта ад сэрца. Зала не шкадуе апладысментаў. Сапраўды, пастаноўка атрымалася моцная, вельмі шчырая і, хочацца дабавіць, прафесійная. Ігралі ж прафесіяналы, няхай і педагагічнай справы.
За актыўны ўдзел у рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці «Не старэюць душой ветэраны», асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю традыцый аматарскай мастацкай творчасці, павышэнне сацыяльнага статусу пажылых людзей і арганізацыю іх вольнага часу студыя ветэранаў працы гімназіі атрымала падзяку ад райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

 

ДАРЭЧЫ

Спектакль можна паглядзець на канале УouTub. За два тыдні пастаноўка набрала амаль 500 праглядаў.

 

One thought on “На спектакль збірае званок. Школьны

  • 03/02/2018 в 19:24
    Permalink

    малайцы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *