Значнасць просьбы не аспрэчваецца
Дэпутаты Конькаўскага сельскага Савета дэпутатаў не дзеляць пытанні, якія паступаюць да іх ад жыхароў, на галоўныя і другарадныя – калі нехта звярнуўся з просьбай, значыць для яго яна значная. Вяскоўцы ідуць да народных абраннікаў з рознымі праблемамі, нават з такімі, як дапамагчы заараць агарод, прывезці салому-сена і г.д. Дэпутаты актыўна ўдзельнічаюць у іх станоўчым вырашэнні.
Яны разам з супрацоўнікамі міліцыі, сельвыканкама і іншых зацікаўленых службаў з дня ў дзень займаюцца прафілактычнай работай. Асаблівая ўвага – тым сем’ям, дзе заўважана сяброўства з гарэлкай. Калі такія «падшэфныя» становяцца на шлях выпраўлення, пачынаюць працаваць і аплачваюць камунальныя паслугі, глядзяць за дзецьмі, гэта сведчыць: жаданы вынік ёсць.
Прыемна, што ў спісе кандыдатаў у дэпутаты бачу прозвішчы людзей нераўнадушных, хто ўжо мае дэпутацкі вопыт. Бачу і новыя імёны сярод кандыдатаў – таксама энергічных і адказных землякоў. Выбар кожны з нас будзе рабіць асабіста і асэнсавана.
Марыя ГЛОБУЗ, стараста аграгарадка Конькі.