Яго каляя
Наш зямляк Іван Рабцэвіч – машыніст цеплавоза ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Прафесія нерастыражаваная, з элементамі незвычайнасці. Але толькі для тых, хто мала сабе ўяўляе схему торфабрыкетнай вытворчасці. На справе, чыгунка каляёй у 750 міліметраў выконвае там ролю асноўнага шляху. А чыгуначны састаў – «цялежка», на жалезных плячах якой фрэзторф з балотных даляў дастаўляецца да месца брыкетавання. Машыніст лакаматыва кіруе працэсам і, адпаведна, мае права звацца асноўным звяном у гэтым няпростым і некароткім лагістычным ланцугу.
Прафесійная каляя «цеплавозніка» Рабцэвіча раўняецца амаль 40 гадам бесперапыннага працоўнага стажу. За плячыма Івана Іванавіча тысячы кіламетраў дарог, у спісе яго працоўных здабыткаў – дзясяткі тысяч тон перавезеных грузаў.
Выканальніцкая дысцыпліна, адказнасць за даручаную справу, вытворчы і «настаўніцкі» вопыт. Такія і не толькі словы-статусы ў адрас машыніста цеплавоза Івана Рабцэвіча «знайшоў» дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.