Тут мы будзем галасаваць
Да самай важнай палітычнай кампаніі 2018 года – выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў – засталася ўсяго дзесяцідзёнка. 18 лютага ўсе 30 выбарчых участкаў, размешчаных на тэрыторыі Ляхавіччыны, адчыняць дзверы ў 8 гадзін раніцы.
А пачынаючы з 13 і да 17 лютага ўключна любы жадаючы зможа прагаласаваць датэрмінова. У гэтыя дні ўчасткі будуць працаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін.
Інфармацыйны стэнд, абсталяваныя кабіны для галасавання, урны для бюлетэняў – Ляхавіцкі-Кастрычніцкі ўчастак для галасавання № 5, размешчаны ў адміністрацыйным будынку лясгаса, да сустрэчы выбаршчыкаў поўнасцю гатовы. Як і на кожным участку, зараз тут арганізавана дзяжурства членаў участковай камісіі. У будныя дні з 17 да 19 гадзін і ў суботу з 12 да 14 гадзін кожны выбаршчык можа прыйсці сюды, каб азнаёміцца са спісамі, праверыць, ці ўнесена ў іх яго прозвішча. Праўда, як расказала старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Наталля Багдановіч (на здымку), такой магчымасцю карыстаюцца нямногія: спісы дакладна вывераны. У іх унесены прозвішчы 618 жыхароў вуліц Кастрычніцкай, Арлоўскага, Заходняй, Вакзальнай, Каштанавай, Сонечнай, Працоўнай і некалькіх завулкаў. Дарэчы, многія выбаршчыкі шаноўнага ўзросту, якім цяжка дабрацца да ўчастка самастойна, ужо звярнуліся ў камісію з просьбай арганізаваць для іх галасаванне на даму, у папярэднім спісе больш за 40 адрасоў.
Зараз у выбарчай кампаніі надзвычай адказны этап – агітацыйны. Кандыдаты ў дэпутаты сустракаюцца з выбаршчыкамі, знаёмяць іх са сваімі праграмамі. Каб нагадаць маладым землякам, што ад іх свядомага выбару залежыць многае, райкам БРСМ днямі правёў акцыю «Зрабі свой выбар» у аграрным каледжы. Маладыя людзі пісалі наказы сваім кандыдатам у дэпутаты. А ў бліжэйшыя дні бээрэсэмаўцы правядуць пікеты ў падтрымку кандыдатаў у дэпутаты.
Як паведамілі ў Ляхавіцкай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, пры камісіі пакуль акрэдытаваны адзін наглядальнік – ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Наглядальнікі будуць працаваць і пры ўчастковых выбарчых камісіях.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.