Лячэнне з гібкім графікам
Усё тут звычайна, па-бальнічнаму: доўгі калідор, палаты на абодва бакі, на пасту ветліва сустракае медсястра і спрытна, хуценька спяшаецца да пацыентаў выконваць назначэнні ўрача. Пацыентаў шмат, адны толькі прыйшлі і чакаюць прыёму ўрача, іншыя ўжо збіраюцца дадому (на гадзінніку толькі 15.00), хтосьці накіроўваецца ў палату.
А бальнічныя ложкі перасцілаюцца і зноў чакаюць пацыентаў. Тут спакойна – нібы «ціхая гадзінка» зацягнулася. Гэта пра аддзяленне дзённага знаходжання пацыентаў.
Дзённы стацыянар райпаліклінікі, як яго па-ранейшаму называюць пацыенты, для многіх ляхавічан вельмі зручнае выйсце. Тут «без адрыву ад вытворчасці» можна падлячыцца, прайсці прафілактычны курс, каб не дапусціць абвастрэння хранічнага захворвання. Аддзяленне – сапраўдная палачка-выручалачка, вельмі запатрабаваная. Ды і эканамічны бок такой практыкі гаворыць сам за сябе. Кошт лячэння аднаго пацыента ў звычайным стацыянары абыходзіцца дзяржбюджэту ў 48, 31 рубля, у дзённым – усяго 3,81.
Жыхарка Вялікай Лотвы Кацярына Палуян такой медпаслугай скарысталася ўпершыню і надзвычай ёю задаволена:
–Так і хочацца сказаць: не аддзяленне – санаторый. Для мяне ўрач падабрала зручны час, прыходжу на кропельніцу пасля або перад рабочай зменай. Не трэба адкрываць бальнічны ліст. Медперсанал тут цудоўны, добразычлівыя адносіны падбадзёрваюць, усё ж такі пазітыў у лячэнні – рэч неабходная.
Пацыентам дзённага стацыянара даступныя ўсе медпаслугі і працэдуры, якія прапануе бальніца: ін’екцыі, кропельніцы, фізіяпрацэдуры, а яшчэ, калі трэба, урач накіруе на кардыяграму або фібрагастрадуадэнаскапію, здаць аналізы і іншыя.
…Урача ў сваім кабінеце не застала – Кацярына Куляшова праводзіла абход хворых.
Вельмі ўважлівая, кампетэнтная. Пацыенты паважаюць Кацярыну Аляксееўну за прафесіяналізм. Доктар ведае, кожнаму неабходна ўвага, яна здольна выявіць галоўнае ў адчуваннях хворага, адкарэкціраваць назначэнні: увага і ўважлівасць – рысы добрага ўрача.
Медсёстры Вольга Кавальчук і Сняжана Чайкоўская за дзень па аддзяленні «набегаюць» не адзін кіламетр: каму кропельніцу паставіць, каму ўкол, падкажуць, на якія працэдуры ісці, пацікавяцца, як сябе адчувае ад лячэння, ці ўсё задавальняе.
– Адметнасць нашага аддзялення: лячыць пацыентаў, пры гэтым іх звычайны рэжым амаль не мяняецца. Гэта людзі з захворваннямі, якія не патрабуюць кругласутачнага назірання. У аддзяленні можна набыць медыкаменты, прайсці неабходны курс лячэння, атрымаць кансультацыю ўрача. Дарэчы, дзённы стацыянар мнагапрофільны: тут мы прымаем пацыентаў тэрапеўтычнага, неўралагічнага, хірургічнага, педыятрычнага профілю, – адзначае доктар Куляшова.
Чатыры палаты, 12 ложкаў, здаецца, не так і многа. Але ў двухзменным рэжыме за мінулы год тут пралячылася больш за 1000 чалавек. Пры гэтым 221 працуючы скарыстаўся медпаслугамі без адрыву ад вытворчасці.
Пра кампетэнтнасць, нераўнадушнасць, добразычлівасць супрацоўнікаў гэтага аддзялення вядома многім і не толькі са шматлікіх водгукаў землякоў. Пра свой калектыў Кацярына Аляксееўна расказвае з асаблівай цеплынёй:
– З такімі медсястрычкамі і санітарачкамі працаваць адно задавальненне. Я ўпэўнена ў іх прафесіяналізме і ў высокіх чалавечых якасцях.
Дарэчы, і тутэйшай чысціні і парадку, што знаходзяцца ў клапатлівых руках санітарак Дануты Ступаковай і Соф’і Касянковай, можна толькі пазайздросціць.
… Падаконнік расквечаны архідэямі: белымі, фіялетавымі, ружовымі. Як і належыць, у кабінеце ўрача парадак, але з нехарактэрнай для бальнічнага пакоя асаблівай утульнасцю. Кветкавы дызайн дапаўняюць хрызантэмы – некалькі дзён назад гэта абаяльная, добразычлівая і вельмі сціплая жанчына адзначыла юбілей. Дарэчы, сёлета спаўняецца 10 гадоў, як Кацярына Аляксееўна працуе ўрачом-тэрапеўтам дзённага стацыянара. Але яе прафесійны вопыт вымяраецца дзесяцігоддзямі. У 1982-м пасля заканчэння Мінскага медінстытута размеркавалася ва Ураджайнінскую ўчастковую бальніцу. Там і пазнаёмілася з будучым мужам Міхаілам Куляшовым. Пасля яны перавяліся ў райбальніцу, дзе Міхаіл Мікалаевіч шмат гадоў працуе намеснікам галоўнага ўрача. Дарэчы, у працоўнай кніжцы Кацярыны Аляксееўны і яе мужа адзін запіс – Ляхавіцкая райбальніца. І сёння гэтыя мілыя людзі, апранаючы белы халат, адчуваюць радасць ад заняткаў любімай справай.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.
ДА СЛОВА
За мінулы год у аддзяленні дзённага знаходжання пралячылася больш за 1000 чалавек, пры гэтым з тых, хто працуе, 221 атрымаў меддапамогу без адрыву ад вытворчасці. Сёлета пацыентамі дзённага стацыянара ўжо сталі звыш 100 чалавек. У асноўным звяртаюцца ў аддзяленне з хваробамі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату і інш.
Стацыянар працуе ў двухзменным рэжыме. У рабочыя дні з 8.00 да 20.00, у выхадныя і святочныя – з 8.00 да 14.00.
Согласна, не каждый , если есть выбор, с удовольствием отправиться на больничную койку. Конечно, выберет возможность получать врачебные назначения и ночевать дома. В отделении доступны все больничные услуги. Притом можно и не находиться на больничном и поправлять здоровье. Персонал внимательный и квалифицированный. Действительно, заочный санаторий.
Сапраўды такое аддзяленне толькі на карысць землякам. А медыкі там цудоўныя: заўсёды ветлівыя, клапатлівыя, дораць кожнаму сонечны настрой, які садзейнічае выздараўленню. Гэтыя якасці толькі дапаўняць прафесіяналізм работнікаў аддзялення. Дзякуй ім за нераўнадушнасць і адданасць справе!!!