Звіняць цымбалы і гармонік грае
У 1991 годзе на творчым небасхіле Ляхавіч запалілася новая зорка — Эдуард Сіліцкі, які стварыўансамбль народнай музыкі «Народныя музыкі» і якім нязменна кіруе да сённяшняга часу. А праз 3 гады калектыву было прысвоена званне «народны».
Нават з назвы ансамбля зразумела, што прыярытэтным напрамкам творчасці з’яўляецца прапаганда беларускай народнай песні і музыкі. У рэпертуары разнастайна прадстаўлены творы беларускіх кампазітараў, народныя песні і танцы, аўтарскія песні і музычныя кампазіцыі Эдуарда Сіліцкага. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Калектыў вызначаецца самабытнасцю, мастацкім узроўнем, асаблівай манерай выканання, мае свой, адметны і арыгінальны падыход да аранжыроўкі музычных твораў.
Канцэртная дзейнасць ансамбля даволі насычаная. Яго музыканты прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх масавых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў горадзе і раёне. З абменнымі канцэртамі пабывалі ў Ганцавічах, Баранавічах, Нясвіжы, Капылі і інш. Па выніках паспяховага ўдзелу ў абласным свяце-конкурсе гарманістаў і выканаўцаў прыпевак «Грай, гармонік, звіні, прыпеўка» і за песню «Грай, гармонік», якую Эдуард Сіліцкі напісаў спецыяльна для гэтага свята, калектыў узнагароджаны граматай за творчыя поспехі.
«Народныя музыкі» — жаданыя госці не толькі на сцэнічных пляцоўках Беларусі. Ансамбль прымаў удзел у міжнародным фестывалі «Надбужскія фальклорныя сустрэчы» ў горадзе Сакалоў-Падляскі Рэспублікі Польшча, у міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (стаў лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі «ансамбль народнай музыкі», такога ж дыплома ўдастоены і салісткі ў намінацыі «хто каго?»). Любой канцэртнай праграме з удзелам «Народных музыкаў» поспех гарантаваны.
Галіна КАНЬКО