Кадры рашаюць усё?
7 лютага ў ЦРБ медыцынскія работнікі ўсіх устаноў аховы здароўя раёна сабраліся на традыцыйнае падвядзенневынікаў работы за мінулы год. Галоўны ўрач Уладзімір Усцюшкоў расказаў калегам пра асноўныя накірункі работы ўсіх падраздзяленняў, спыніўся на здабытках ляхавіцкіх медыкаў і сканцэнтраваў увагу на найбольш адчувальных праблемных пытаннях. Гаварылася, што па-ранейшаму існуе недахоп урачоў, павялічваецца (як і ў цэлым па вобласці) смяротнасць сярод людзей працаздольнага ўзросту.
Сярод асноўных прычын смяротнасці пераважаюць сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя хваробы, смерць ад знешніх фактараў.
Уладзімір Усцюшкоў падкрэсліў, што насельніцтва раёна атрымлівае ўвесь комплекс медыцынскіх паслуг у поўным аб’ёме. Вядзецца работа і над кадравым патэнцыялам. Па словах галоўнага ўрача, у жніўні чакаецца прыезд на работу 10 маладых урачоў – выпускнікоў медыцынскіх ВНУ.
Прадоўжыцца і аснашчэнне неабходным медыцынскім абсталяваннем устаноў аховы здароўя ў горадзе і ў сельскай мясцовасці, як і запланаваныя рамонтныя работы. Тыдзень таму рамонт за кошт сродкаў з мясцовага бюджэту распачаўся ў Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі. Нягледзячы на гэта, амбулаторыя будзе функцыянаваць у ранейшым рэжыме.
У падвядзенні вынікаў работы ўстаноў аховы здароўя раёна прыняла ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Святлана Крапівіна.
Галіна КАНЬКО