Голас вырашае многае
Ужо на наступным тыдні ўчасткі для галасавання па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання адчыняць свае дзверы для выбаршчыкаў.
У Ляхавіцкім раёне ўтворана 38 выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў у Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў. Агульная колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы, – 20153.
Рашэннем раённай выбарчай камісіі 17 студзеня былі зарэгістраваны 38 кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. З дня рэгістрацыі пачаўся агітацыйны перыяд: кандыдаты ў дэпутаты праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі, знаёмяць іх са сваімі праграмамі. Дарэчы, для гэтых мэт рашэннем райвыканкама вызначаны спіс памяшканняў.
У асноўны дзень выбараў, 18 лютага, усякая агітацыя забаронена.
Трэба сказаць, што праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы да выбараў. Сёння аформлены згодна ўсіх патрабаванняў і поўнасцю гатовы прыняць выбаршчыкаў усе 30 участкаў для галасавання ў нашым раёне. Зараз камісіі працуюць у будныя дні з 17 да 19 гадзін, у суботу – з 12 да 14 гадзін. Кожны выбаршчык мае права праверыць, ці ўключаны ён у спіс для галасавання, ці правільна ўказаны звесткі пра яго.
Нашы землякі падчас папярэдніх выбарчых кампаній дэманстравалі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Хочацца спадзявацца, што і сёлета жыхары Ляхавіччыны актыўна прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць за тых, каму на працягу бліжэйшых чатырох гадоў давяраюць прадстаўляць іх інтарэсы ў мясцовай заканадаўчай уладзе.
Традыцыйна для зручнасці выбаршчыкаў прадугледжана датэрміновае галасаванне. Калі няма магчымасці прыйсці на ўчастак у нядзелю 18 лютага, можна зрабіць гэта на працягу 5 дзён да дня асноўнага галасавання. Прычым, якім-небудзь чынам пацвярджаць прычыны, па якіх выбаршчык жадае прагаласаваць датэрмінова, не патрабуецца.
Пачынаючы з 13 і па 17 лютага ўключна ўсе ўчастковыя камісіі будуць працаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. 18 лютага выбарчыя ўчасткі будуць адчынены з 8 да 20 гадзін.
Нагадаю, што кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за іншых асоб не дапускаецца. Бюлетэнь выдаецца выбаршчыку, уключанаму ў спісы, пры прад’яўленні дакумента, што сведчыць асобу: пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), вадзіцельскага пасведчання, пенсійнага пасведчання або пасведчання інваліда (пры наяўнасці ў ім фотаздымка), студэнцкага білета, даведкі органаў унутраных спраў (для тых, хто страціў пашпарт), пасведчання на права жыхарства(для грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь).
Калі па якой-небудзь прычыне грамадзянін, які мае права галасаваць, акажацца не ўключаным у спіс выбаршчыкаў, на падставе дакумента, што сведчыць рэгістрацыю па месцы пражывання ці знаходжання, камісія ўключыць яго ў спіс дадаткова.
Калі выбаршчык па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не мае магчымасці прыйсці ў дзень выбараў на ўчастак для галасавання, то ён можа пісьмова ці вусна звярнуцца ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы знаходжання – на даму. Паведаміць пра сваё пажаданне можна ў любы дзень да выбараў, а 18 лютага гэта трэба зрабіць да 18 гадзін. Варта нагадаць, што такое галасаванне праводзіцца толькі ў асноўны дзень выбараў.
Андрэй НАВАГРАН,
старшыня раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.