З клопатам пра здароўе. Прашу слова!
Хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. А паспяховасць лячэння ў прамой залежнасці ад правільна пастаўленага дыягназу. На гэтым этапе без высокатэхналагічнага абсталявання не абысціся. Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца – адзін з прыкладаў дзяржаўнага клопату пра здароўе насельніцтва, забеспячэнне медустаноў сучаснай медыцынскай тэхнікай. Возьмем аддзяленне рэнтгенаўскай дыягностыкі. У райбальніцы ёсць тры стацыянарныя рэнтгенкабінеты. Некалькі гадоў назад пасля рэканструкцыі памяшкання ў бальніцы ўстаноўлены апарат «Уніэксперт 3 плюс», набыты за сродкі Міністэрства аховы здароўя. У паліклініцы два рэнтгенкабінеты з сучасным абсталяваннем. Дыягнастычны апарат, аснашчаны лічбавым сканіруючым «Пульмасканам-760У», робіць здымкі органаў грудной клеткі, касцей, суставаў, прыдатачных пазух носа і іншых, а дэнтальны – здымкі зубоў. Летась праведзена прафінансаваная раённым бюджэтам мадэрнізацыя рэнтгенкабінета, дзе праводзіцца флюараграфія.
Медабноўкі ёсць амаль у кожным падраздзяленні райбальніцы. Праводзіцца рамонт, у тым ліку і капітальны, сельскіх устаноў аховы здароўя, паляпшаюцца ўмовы і для медыкаў, і для пацыентаў.
Радуе, што кожны год у ЦРБ прыходзіць маладое кваліфікаванае папаўненне: урачы і сярэдні медыцынскі персанал. Выдатна зарэкамендавала сябе і настаўніцтва, калі больш вопытныя калегі бяруць шэфства над навічкамі. Інтарэсы маладых, акрамя прафкама, прадстаўляе і савет моладзі, які я ўзначальваю. Мы актыўна ўдзельнічаем не толькі ў мерапрыемствах, што ладзяцца сярод медыкаў, але і ў раённых.
Цяпер рыхтуемся прыняць актыўны ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Адзін з кандыдатаў у дэпутаты сустракаўся з калектывам медыкаў.
Днямі, як і ўсе выбаршчыкі, я атрымаў ад участковай выбарчай камісіі Ляхавіцкага-Інтэрнацыянальнага ўчастка паведамленне пра час і месца галасавання, а яшчэ інфармацыю пра кандыдатаў у дэпутаты.
Памятаю, з якім гонарам і хваляваннем ішоў першы раз галасаваць. Лічу вельмі важным асабіста на выбарчым участку выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю – аддаць голас за дастойнага кандыдата ў дэпутаты.
Сяргей ПАМАЗАНСКІ,
загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі райбальніцы.