У мінулым годзе у Ляхавічах нарадзілася шэсць Аляксандраў і сем Аляксандр
Старажытныя імёны Аляксандра і Аляксандр у нашым раёне летась трапілі ў пералік надзвычай запатрабаваных і любімых бацькамі нованароджаных. Але па папулярнасці яны, усё ж такі, саступілі некаторым іншым.
У 2009 годзе ў аддзеле загса райвыканкама і сельвыканкамах пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 161 дзяўчынка і 133 хлопчыкі. Часцей за ўсе ў іх першых дакументах значыліся імёны Анастасія (так летась назвалі 11 дзяўчынак), Мілана (10), Вікторыя (9), Паліна і Ганна (па 8), Арцём (10), Мікіта (9), Уладзіслаў (7), Раман і Павел (па 6). А безумоўнымі лідэрамі ў імянных рэйтынгах сталі Дар’я (гэта імя бацькі падарылі пры нараджэнні 13 дзяўчынкам) і Максім (такое імя выбралі таты і мамы для 19 хлопчыкаў).
Наогул жа, за год нашы землякі з вялікай колькасці імёнаў спынілі свой выбар на 52 жаночых і 40 мужчынскіх. Сярод іх ёсць як традыцыйна папулярныя славянскія (Ульяна, Марыя, Лізавета, Алена, Мацвей, Міхаіл, Іван, Аляксей і іншыя), так і не зусім звыклыя для нас (Эліна, Эрыка, Эліза, Сабрына, Ясенія, Дамініка). Многія бацькі, якія жадаюць назваць сваё дзіця прыгожа і разам з тым адметна, звяртаюцца да старадаўніх імёнаў. Так, сёння сярод нашых маленькіх землякоў ёсць Дзямід і Радамір, Яраслаў і Ева, Васіліса і Васіліна. А таксама Хрысціна і Крысціна, 4 Даніілы і 2 Данілы, 4 Глебы і Любоў, 5 дзяўчынак з імем Сафія і адна Соф’я.
Зрэшты, усе імёны, што выбралі бацькі для сваіх сыночкаў і дачушак, прыгожыя і мілагучныя. І няхай іх уладальнікі і ўладальніцы будуць шчаслівымі.
Вольга НОВІК, галоўны спецыяліст аддзела загса райвыканкама.