Саюз прапануе партнёрства

У мінулы аўторак прафсаюзныя актывісты сабраліся ў ГДК на чарговае пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Удзел у ім узялі старшыні райкамаў галіновых прафсаюзаў, прадстаўнікі пярвічак, намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, саветнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Шышкевіч.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень (трэцяя злева), саветнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы ФПБ Таццяна Шышкевіч (другая справа) з прафсаюзнымі лідарамі раёна.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц трымала справаздачу аб рабоце за мінулы год, а таксама агучыла планы на 2018-ы.
Сярод прыярытэтных задач аб’яднання – развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, выкананне пагаднення паміж райвыканкамам, наймальнікамі і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, галіновых пагадненняў. Неабходнасць заключэння ў арганізацыях і на прадпрыемствах калектыўных дагавораў (у раёне яны сёння дзейнічаюць у 79 арганізацыях), захаванне працоўнага заканадаўства і вытворчай дысцыпліны, бяспечных умоў працы, рост заработнай платы – ключавыя моманты, на якіх засяродзіла ўвагу Святлана Курэц. На парадку прафсаюзнага дня –  маніторынг праблемных пытанняў, звязаных з аплатай працы, занятасцю і сацыяльнымі гарантыямі на прадпрыемствах і ва ўстановах, а таксама маніторынг цэн (у раёне ён праводзіцца па 98 найменнях тавараў).
Прафсаюзы вызначаюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. 72 іх члены ў нашым раёне ўвайшлі ў склад камісій на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, 31 зарэгістраваны наглядальнікамі.
Выконваючы патрабаванні дэкрэта аб садзейнічанні занятасці, прафсаюзы прымаюць непасрэдны ўдзел у стварэнні і рабоце спецыяльных камісій па працаўладкаванні. Ішла размова пра неабходнасць далучэння да прафсаюзнага руху калектываў прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Па-ранейшаму ў Ляхавіцкім раёне на большасці прыватных прадпрыемстваў не створаны прафсаюзныя пярвічкі. У якасці станоўчага прыкладу зноў гучала ТАА «Трансэлектракамплект», дзе нядаўна створана дзейсная і актыўная пярвічка. На прадпрыемстве прыняты і паспяхова працуе калектыўны дагавор, а прафкам плённа супрацоўнічае з кіраўніцтвам таварыства па выкананні сацыяльна-эканамічных гарантый работнікам.
На пасяджэнні савета гаварылі і пра канструктыўнае ўзаемадзеянне выканаўчай улады з прафсаюзамі, павышэнне эфектыўнасці работы грамадскіх камісій і грамадскіх інспектараў па ахове працы. Летась грамадская камісія правяла 25 маніторынгаў, выдадзена 18 рэкамендацый на ўхіленне 83 выяўленых парушэнняў.
18 жыхароў раёна ў мінулым годзе атрымалі кваліфікаваную дапамогу ад прававых інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі падчас штомесячных прыёмаў. Прафсаюзы клапоцяцца пра арганізацыю і правядзенне культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Летам прафарганізацыі выдзялялі сродкі на патаненне дзіцячых пуцёвак у аздараўленчыя лагеры. Аказвалася дапамога маламаёмасным і мнагадзетным сем’ям і ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Прафсаюзны Дзед Мароз завітаў да маленькіх ляхавічан у навагоднія і калядныя святы.
Сёлета будуць новыя ініцыятывы і праекты. Прыняты план работы раённага аб’яднання прафсаюзаў на бягучы год.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

ФАКТ

Ляхавіччына прафсаюзная – гэта больш за 8,5 тысячы чалавек, аб’яднаных у 81 пярвічку, якія прадстаўляюць 11 галіновых прафсаюзаў. У мінулым годзе ў раённым конкурсе на лепшую пярвічку перамагла арганізацыя камунгаса (старшыня Іна Смаршчок), на другім і трэцім месцах адпаведна пярвічныя арганізацыі СШ №1 (Таццяна Абражэвіч) і райбальніцы (Васілій Гарбачоў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *