Дом, у якім заўсёды цёпла

Розныя жыццёвыя гісторыі ў пастаяльцаў Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў. У кагосьці ёсць родныя, ды не хочуць бабулі-дзядулі ім замінаць, а хтосьці застаўся зусім адзін на ўсім свеце. Узрост і адзіноцтва асабліва адчуваюцца зімой, калі нават простыя дзеянні – напрыклад, насекчы дроў ці прынесці з калодзежа вады – становяцца сапраўдным выпрабаваннем.
Ганчароўскі дом выдзяляецца добраўпарадкаванай тэрыторыяй, на якой знайшлося месца і лаўкам, і пладовым дрэвам, і іншым зручнасцям. З галінкі на галінку пераскоквае
птушка – прыляцела на сталаванне да кармушкі…

Сцежка пачышчана і пасыпана, у памяшканні цёпла і ўтульна, чуюцца галасы – бабулі і дзядулі абмяркоўваюць навіны, адпачываюць у сваіх пакоях. Сацыяльны работнік Іна Васілеўская наводзіць чысціню. Пра сваіх сталых падапечных клапоцяцца яе калегі Аксана Кузняцова, Іна Коршун, Таццяна Курак. Памыюць, папрасуюць бялізну і адзенне, перасцелюць ложкі, выпішуць ва ўрачэбнай амбулаторыі рэцэпт, прынясуць лякарства, купяць прадукты. Падтрымаюць добрым словам, пацікавяцца здароўем, зразумеюць і дапамогуць. А каб на надворку адчувалася гаспадарская рука, стараецца рабочы па абслугоўванні Уладзімір Сяргей.
– Глядзім, дзе таннейшыя прадукты. Ездзім за заказамі-пакупкамі ў Ляхавічы­, – дзеліцца Людміла Ігнатовіч, якая ў сацыяльным аб’екце сярод іншых абавязкаў адказная і за прыгатаванне ежы. Два дзесяцігоддзі адпрацавала поварам у дзіцячым садзе (дарэчы, у яго будынку і размяшчаецца дом сумеснага пражывання). Умее дагадзіць пажылым людзям: фарш на катлеты і галубцы толькі ўласнага прыгатавання, бліны на сыроватцы, дранікі – прыемнага апетыту! І зусім яе не палохае колькасць бульбы, якую трэба надзерці на тарцы, каб бабулі-дзядулі з апетытам паелі. Радуе іх стравамі беларускай кухні, улічвае густы пастаяльцаў. Самая лепшая адзнака для повара – чыстыя талеркі пасля абеду.
З бульбай сёлета дапамаглі СВК «Ляхавіцкі» і райаграсэрвіс, агародніну перадалі школьнікі СШ №1 (спецыяльна для пажылых арганізавалі акцыю), з падарункамі прыязджаюць свяшчэннаслужыцелі з касцёла і царквы, іншыя нераўнадушныя землякі, ладзяцца тут канцэрты і сустрэчы.
Сёлета ў доме сумеснага пражывання зімуюць 9 чалавек, узрост некаторых перасягнуў восьмае і дзявятае дзесяцігоддзе. Да многіх прыязджаюць родныя, прывозяць пачастункі.
Самы малады ў доме і па часе знаходжання, і па ўзросце – Іван Макарэвіч з Навасёлак. Вяскоўцу толькі пайшоў восьмы дзясятак. Яму тут падабаецца. Расказвае, што жывуць, як у санаторыі. Усе прыветныя і добразычлівыя, ды і сам сабе гаспадар – калі захацеў, тады і прачнуўся. Не трэба печку прапальваць, думаць, што паесці, –усё гатовае. Можна і ў магазін самому адправіцца. Сацыяльных работнікаў называе сцюардэсамі – тыя толькі ўсміхаюцца.
Пасля смерці жонкі пажыў адзін. Да дзяцей не захацеў, кажа, у іх сваіх клопатаў хапае, ды і кватэра на пятым паверсе. Шмат гадоў Іван Андрэевіч працаваў вадзіцелем, многае ў жыцці пабачыў, нават падымаў цаліну.
Любіць прайсціся па вуліцы Іван Вялічка, падыхаць паветрам, вярнуцца думкамі ў мінулае, калі завіхаўся па гаспадарцы ў Мінічах, штодзень спяшаўся на працу ў саўгас «Ганчароўскі».
З Зубелевічаў Вікенцій Гайдукевіч. Быў на чыгунцы абходчыкам. Штодзень пешшу адмяраў кіламетраў дзесяць. За работу меў падзякі і граматы.
Сафія Махнач з Вялікага Падлесся – руплівіца і пявуння. Была звеннявой у гаспадарцы, муж –трактарыстам. Прыгадвае, як некалі спявала ў Падлескім хоры пад кіраўніцтвам Цітовіча. Ганарыцца, што сястра Вера з жанчынамі выступала ў Маскве ў Калоннай зале перад Сталіным. Соню тады не ўзялі ў паездку – маладая была.
Канстанцін Лапіч – з Навасёлак Крывошыскага сельсавета. З жонкай жылі душа ў душу. Калі яе не стала, не змог жыць адзін і папрасіўся ў Ганчары. Але дом свой не забывае, калі прыязджае, абавязкова пагутарыць з суседзямі, пахваліцца новым месцам жыхарства, пабывае на магіле жонкі.
З горыччу дзеліцца, што родныя даўно памерлі Іосіф Татарыновіч, засталася толькі ўнучка. Жыў нейкі час у яе, але цягнула дадому. Іосіф Адамавіч працаўніком і гаспадаром быў, якіх пашукаць, –
залатыя рукі.
Вясковую справу ведае не па чутках Міхаіл Збіруховіч. Рана ўстаць і позна легчы – такім было ўсё яго жыццё ў Мядзведзічах. У гаспадарцы некалі працаваў конюхам.
Марыя Казакевіч нарадзілася ў Старых Будах у 1924-ым, замуж пайшла ў Гаслаўшчыну. Успамінае ваенныя гады, расказвае, што жыццё яе не песціла, пра траіх дзяцей, якіх пахавала. Працавала паляводам. Цяжка было, голадна, але верылі ў лепшае.
Адзін з тутэйшых жыльцоў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Штундзер. Нядаўна адзначыў 90-гадовы юбілей. Калісьці працаваў вадзіцелем у Жарабковічах, паспяваў зай-мацца хатнімі клопатамі. Цяпер сілы ўжо не тыя, таму папрасіўся ў Ганчары – чуў, што для пажылых тут створаны ўсе ўмовы. Пры неабходнасці даставяць у райбальніцу транспартам ТЦСАН.
Канешне, гэта ўсяго толькі скупыя фрагменты жыцця, у якім было месца ўсяму – і радасці, і шчасцю, і гору. А зараз яны рады, што не даводзіцца бавіць доўгія зімовыя вечары ў адзіноцтве, намнога прыемней добрай кампаніяй глядзець кінафільмы, любімыя перадачы. Плануюць, што вясной пасадзяць невялікі агародчык – гэтым летам ужо мелі вопыт, гатавалі смачныя салаты з уласна вырашчаных памідораў, зяленіва, цыбулі.
Ніхто тут не сядзіць у чатырох сценах. Дазваляе здароўе – выходзяць у магазін, прагульваюцца па вуліцы. У цёплы час любяць пасядзець на лаўцы з вяскоўцамі.
– Важна, што насельнікі Ганчароўскага дома сумеснага пражывання не адчуваюць сябе забытымі. Сацыяльныя работнікі ведаюць патрэбы кожнага свайго падапечнага. Прычым пажылыя пад кругласутачным доглядам – сацработнікі дзяжураць і ноччу. За год тут пажылі-пагасцявалі пазменна два дзясяткі чалавек. Для адзінокіх пажылых грамадзян такая форма жыццеўладкавання, асабліва на зімовыя месяцы, надзвычай зручная. Яны аплачваюць камунальныя паслугі, харчаванне і паслугі сацыяльных работнікаў. У месяц, у залежнасці ад сезона, атрымліваецца ад 150 да 200 рублёў, – адзначае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Равінская.
Спецыялісты ТЦСАН частыя госці ў Ганчарах, уважліва ставяцца да жыцця падапечных сацыяльнай установы.
…Вечарэе. На небе з’явіліся першыя зоркі. Мацнее марозік, і прыгожа пераліваюцца ў святле ліхтароў пушыстыя сняжынкі. Цішыню ў пакоях парушае гук тэлевізара – усе сабраліся на вячэрні кінасеанс. У Ганчароўскім доме сумеснага пражывання надвор’е цёплае і камфортнае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Разам не адзінока

Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская цікавіцца здароўем Сафіі Махнач.

Абед у чатыры рукі ад сацработніка Людмілы Ігнатовіч і Івана Вялічкі

Сацработнікі Іна Васілеўская і Людміла Ігнатовіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *