Дзякуй за мужнасць
Людзі асаблівай загартоўкі, высакародныя і надзейныя, мужныя і стойкія, сапраўдныя верныя сябры. Салдаты, якія пад кулямі душманаў, пад спякотным сонцам выканалі свой воінскі абавязак і засталіся вернымі прысязе. Гэта ўсё пра іх – воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вайна на чужой тэрыторыі аб’яднала і 57 нашых сённяшніх землякоў.
У іх ужо сталі дарослымі дзеці, у многіх падрастаюць унукі. Але рэха афганскай вайны час ад часу нагадвае пра тыя страшныя падзеі, і ў снах усплываюць імгненні далёкіх баёў, твары загінуўшых аднапалчан…
18-ы год запар 15 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ушанаванні прайшлі і на Ляхавіччыне.
У райваенкамаце воіны-інтэрнацыяналісты сабраліся разам за “круглым сталом”, каб пачуць адказы на пытанні, што іх цікавяць, ад спецыялістаў райвыканкама, жылкамунгаса, медыкаў. Кіраўнік справамі райвыканкама Уладзімір Дарашэнка расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, яго перспектывы.
Акрамя іншага, воінаў-інтэрнацыяналістаў цікавіла, у якіх санаторыях і прафілакторыях ім можна адпачыць і паправіць зда-роўе, іншыя пытанні.
Пад гукі духавога аркестра былыя воіны прайшлі па вуліцах горада. Да брацкай магілы былі ўскладзены кветкі і вянкі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Афгане Уладзіміра Малахвея і Святаслава Мядзвецкага і тых, хто пайшоў з жыцця ўжо дома, у мірны час.
Далей мерапрыемства прадоўжылася ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Вітаў землякоў ваенны камісар раёна Ігар Гусак. Усім удзельнікам афганскай вайны і бацькам загінуўшых па традыцыі аказана матэрыяльная дапамога. Экземпляры кнігі “На лініі агню” пра воінаў-інтэрнацыяналістаў Брэстчыны былі перададзены раённай “купалаўцы”, сельскім бібліятэкам і бібліятэкам гарадскіх школ і Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Самадзейныя артысты раёна падрыхтавалі святочны канцэрт.
Галіна КАНЬКО