ZALA перамозе паспрыяла
Наўрад ці атрымаецца ўявіць сучаснае жыццё без разнастайных паслуг, якія прапануюць сувязісты. Да звыклых накшталт хуткага тэлеграфа, міжнароднай, міжгародняй і мясцовай тэлефоннай сувязі, праваднога радыёвяшчання пастаянна дадаюцца новыя, больш сучасныя – інтэрактыўнае тэлебачанне, скорасны доступ у інтэрнэт і г.д. Прычым важна не толькі колькасць прапаноўваемых паслуг, але і іх якасць. Менавіта гэтыя аспекты сталі асноўнымі падчас падвядзення вынікаў работы раённага вузла электрычнай сувязі за мінулы год, якое адбылося напрыканцы мінулага тыдня.
Гаворачы пра тое, з якімі вытворчымі дасягненнямі прыйшлі мясцовыя сувязісты ў 2012 год, начальнік РВЭС Анатолій Лукашэвіч адзначыў, што ў мінулым годзе гарадскім і сельскім абанентам устаноўлена 483 тэлефоны, агульная колькасць уладальнікаў тэлефоннай сувязі ў цэлым па Ляхавіччыне дасягнула 11861. Шчыльнасць тэлефонаў на 100 жыхараў па горадзе складае 49,4 (гэта 2-гі паказчык па вобласці), у сельскай мясцовасці – 37,5. Як адзначыў Анатолій Тадэвушавіч, усе заяўкі задаволены. Такая станоўчая дынаміка склалася і дзякуючы таму, што ў сувязістаў з’явілася магчымасць устаноўкі бесправадных тэлефонаў па тэхналогіі WLL.
Усё больш папулярным сярод ляхавічан становіцца шырокапалосны доступ у інтэрнэт. Па стану на 1 студзеня гэтага года 2525 абанентаў карыстаюцца byfly і VPN.
Інтэрактыўнае тэлебачанне працягвае заваёўваць новых прыхільнікаў і з’яўляецца сур’ёзным канкурэнтам для кабельнага і спадарожнікавых талерак. Нямала аматараў ZALA і на Ляхавіччыне: на 1 студзеня 2012 года налічваецца 2711 абанентаў (такім чынам, на 100 чалавек прыходзіцца 23 падключэнні). Па гэтым паказчыку Ляхавіцкі РВЭС – лепшы ў вобласці (сярэднеабласны паказчык – 10,9). Да інтэрактыўнага тэлебачання маюць доступ як гараджане, так і вяскоўцы. З 26 сельскіх АТС на 20 можна падключыцца да ZALA. Як расказаў Анатолій Лукашэвіч, у мінулым годзе пабудавана 10 новых вузлоў. Для больш якаснай перадачы гэтых паслуг пабудавана 3 тэлекамунікацыйныя шафы, каб наблізіць абсталяванне непасрэдна да абанентаў – жыхароў вуліц Інтэрнацыянальнай, Арлоўскага і Будаўнікоў. Разам з тым, кіраўнік РВЭС падкрэсліў, што, на жаль, не ўдалося задаволіць заяўкі ўсіх жадаючых карыстацца паслугамі інтэрактыўнага тэлебачання. Гэта, у першую чаргу, было звязана з нерытмічнымі пастаўкамі неабходнага абсталявання. Аднак, у бліжэйшы час (да канца І квартала гэтага года) сітуацыя павінна змяніцца да лепшага, і яшчэ амаль у 300 дамоў нашых землякоў завітае доўгачаканая ZALA.
Калектыў працуе над павышэннем якасці паслуг і паляпшэннем культуры вытворчасці. Сярод станоўчых прыкладаў – бездакорная і прафесійная работа электрамеханікаў сувязі Дзмітрыя Паніна і Аляксандра Касцюка.
Пра развіццё сродкаў сувязі гаварыў і намеснік начальніка РВЭС Дзяніс Крымскі, пра вынікі маркетынгавай дзейнасці – кіраўнік групы продажу паслуг Мікалай Яцушка.
Намеснік дырэктара Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Генадзій Говін станоўча ахарактарызаваў работу ўсіх падраз-дзяленняў РВЭС і падкрэсліў, што калектыў выканаў пастаўленыя на 2011 год задачы. У сходзе прымалі ўдзел старшыня адзінай арганізацыі прафсаюза Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Васілій Бойка і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Гурскі.
Галіна КАНЬКО