Не толькі асабістае

Год малой радзімы

Журналісцкае задавальненне, радасць газетчыка – калі напісаныя табою радкі пачуты, калі яны ўвасобіліся ў нейкае карыснае дзеянне, дапамогу, падтрымку, прымусілі задумацца, падштурхнулі асэнсаваць, пераасэнсаваць, зрабіць «рэвізію» ў сваёй душы.
Я доўга вагалася, друкаваць ці не, але ўсё ж вырашыла на карысць «так». І пад рубрыкай «Не толькі асабістае» з’явілася публікацыя «З ненапісанага дзённіка…» («ЛВ» № 8 за 31 студзеня г. г.) з успамінамі пра час за паўстагоддзя назад, пра калгас імя Сталіна, пасля – «Беларусь» (сёння ААТ «Жарабковічы») і яго старшыню, майго бацьку, Пятра Бычкова. Усе сумненні наконт мэтазгоднасці публікацыі канчаткова развеяліся чытацкім рэзанансам. Цёпла, дружалюбна,  удзячна пісалі і тэлефанавалі ў рэдакцыю землякі, пакідалі каментарыі на сайце: не засталося незаўважаным, зачапіла, закранула.
Аўтар заўсёды хвалюецца, «чым яго слова адзавецца», спадзяецца на рэакцыю чытачоў, таму што незаўважаныя радкі – пустое. Працяг атрымаўся: як высветлілася, публікацыя падштурхнула многіх землякоў спыніцца-азірнуцца і ўгледзецца ў далечыню прайшоўшых гадоў, у дарагое-вялікае – тое, што бачыцца на адлегласці часу. І пачуць рэха таго далёкага ў сваёй душы сёння. Рэха, непадуладнае часу. Рэха, якое гучыць і праз пакаленні. Трэба толькі захацець пачуць. І калі такое жаданне, такая патрэба з’яўляюцца пасля прачытанага, значыць прачытанае аказалася на адной хвалі са стукам твайго сэрца.
…Пазваніла зямлячка Алена Іванаўна Таранда. Расказала, што шмат думала, успамінала, «нібы вярнулася ў маладосць, прыгадала той час і многіх людзей, з кім побач жыла і працавала ў Жарабковічах». Узрушыла тэлефанаванне дачкі Ганны Ерафееўны Цыуля з Зарытава, якая па просьбе сваёй мамы пераказала яе ўспаміны пра калгас тых гадоў, пра старшыню, пра цяжкі час, наогул, пра людзей-суседзяў. Педагог Анатолій Уладзіміравіч Тураў, у мінулым дырэктар Малагарадзішчанскай СШ, гаварыў пра сваіх родных людзей, якія ў Вялікую Айчынную пайшлі на фронт… Вольга Фёдараўна Плескацэвіч, Мікалай Мікалаевіч Куліцкі, Святлана Уладзіміраўна Лынша і многія іншыя, па іх словах, зрабілі свае «падарожжы» ў мінулае.
Прыгадваю гэта, каб падкрэсліць: няхай і не гучала ў размовах слова «патрыятызм», аднак, менавіта ён і нішто іншае – прычына шчырай павагі, пашаны да пакалення тых, хто ваяваў і перамог, хто залечваў раны зямлі, пасадзіў сады, засеяў ніву зернем, вырасціў хлеб, адбудаваў гарады, вёскі і вёсачкі.
Гэты чытацкі водгук абудзіў думкі і пачуцці, якія ў будзённай мітусні знаходзіцца пад стосам шматлікіх спраў, штодзённых клопатаў: тое, што было, і тыя, хто быў, не прайшлі бясследна і не маглі прайсці бясследна. Сувязь сённяшняга дня і мінулага непарыўная. Мы ёсць. Імкнёмся, марым, намагаемся, рушым уперад. Яны былі. Імкнуліся, марылі, намагаліся, рушылі ўперад. І яны засталіся ў нашых сэрцах. Проста не заўсёды памятаем, што недзе ў шафе ляжыць тоўсты сямейны альбом з чорна-белымі фотаздымкамі. Проста век скарасцей, мабільны час, безліч спраў. Але нешта закранула, загучала настальгічнай нотай – і адкрываеш гэты самы альбом ці свой школьны дзённік, зберажоны мамай, якой ужо даўно няма на свеце, ці кнігу «Памяць», ці накіроўваешся ў музей, альбо  едзеш да грушаўскай алеі, у савейкаўскі парк ці ў Флер’янова да ажэшкінскага дуба… У кожнага свае «прыпынкі» для душэўнай размовы сам-насам з сабою, свой выток, які называецца малой радзімай, і які сілкуе найдаражэйшую, адзіную, непаўторную нашу агульную Бацькаўшчыну.
Год малой радзімы, як жа ты дарэчы. Рукамі і душой датыкнуцца да таго, што любім. Адсунуць параду для самазаспакоеных – «не ўспамінай мінулае, не зазірай у будучыню, а жыві выключна сённяшнім днём». З думай пра будучыню, з удзячнасцю да мінулага робім сённяшні дзень такім, якім хочам яго бачыць. Не толькі і не столькі сузіраем-назіраем, а дзейнічаем, аўтарствуем у стваральных ініцыятывах і карысных справах.
Помнім пра ўчора, помнім пра заўтра. І ўсё, што з гэтага вынікае.
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Не толькі асабістае

  • 15/03/2018 в 10:39
    Permalink

    Когда в газете появилась рубрика «Сто радкоў ад рэдактара», чамусьці падумала, што будуць вучыць і настаўляць. Ан не! Заўсёды пачынаю газету з другой старонкі ў спадзяванні знайсці там новае рэдактарскае меркаванне і роздум. Дзякуй!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *