У апошні дзень лютага

28 лютага фінішавала зімовае першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат. За сценамі спецыялізаванага Брэсцкага манежа завіхалася завіруха і трымаў градус мароз. А пад зводамі арэны трымалі гарачы экзамен юныя атлеты. Кожны з іх заваяваў права выступаць на рэспубліканскім форуме пад сцягам роднага рэгіёна, быць адным з 22 членаў каманды сваёй вобласці, горада Мінска. Дружыну нашай вобласці фарміравалі лёгкаатлеты з Брэста, Баранавіч, Пінскага, Кобрынскага, Пружанскага, Ляхавіцкага раёнаў. Ляхавіцкая «заяўка» на рэспубліканскім першынстве была прадстаўлена трыма прозвішчамі. Прызавымі, як пазней стала вядома.
Таццяне Смірновай у бегу на 1500 метраў з перашкодамі дастаўся сярэбраны медаль першынства. Бронзу прымералі на сябе Ганна Макоўская і Юрый Тарлюк адпаведна ў бегу на 3 000 і на 400 метраў.
Як паведаміў адзін з трэнераў каманды, трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Андрэй Іванюценка, з-за хвароб многія з атлетаў – першых нумароў брэсцкай зборнай вымушаны былі прапусціць гэты старт. Не самы аптымальны склад, не самае высокае – толькі чацвёртае – каманднае месца. Залаты, сярэбраны і бронзавы камандныя прызы адправіліся ў Магілёў, Гомель і Віцебск адпаведна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *