Кніга застаецца з чалавекам
Што мы ведаем пра сучасныя бібліятэкі? Як яны сёння выглядаюць і чым могуць нас парадаваць? На жаль, у многіхбібліятэка асацыіруецца з кніжнымі паліцамі, пакрытымі пылам, і строгімі жанчынамі ў акулярах, якія падбіраюць і выдаюць патрэбную чытачу літаратуру. Але на самай справе гэта далёка не так, і я паспрабую вас пераканаць у адваротным.
Бібліятэка ніколі не пераставала развівацца і ўдасканальвацца. І сёння яна не проста пункт захавання і выдачы кніг, а інтэлектуальны цэнтр, які засвойвае новыя спосабы абслугоўвання і перадачы інфармацыі. Змянілася сучасная моладзь – асноўныя карыстальнікі бібліятэчных паслуг, мяняецца і ўзровень прадастаўлення інфармацыі, галоўнымі рысамі якой з’яўляюцца аператыўнасць, даступнасць і актуальнасць.
Абанемент – гэта аддзел бібліятэкі, у якім чытачы бяруць літаратуру на дом. Мастацкую, вучэбную ці проста пазнавальную. У чытальнай зале можна атрымаць падборку з больш рэдкіх кніг і пазнаёміцца з перыядычнымі выданнямі. Але гэта далёка не ўсё. Аддзел абслугоўвання прапаноўвае шэраг дадатковых паслуг. Гэта ксеракапіраванне, карыстанне камп’ютарам для работы з базамі даных і электроннымі носьбітамі, сканіраванне.
У нас вы можаце падрыхтаваць рэферат, набраць і распячатаць яго, даведацца аб навінках мастацкай і галіновай літаратуры, праслухаць дыск, пачытаць сучасныя перыядычныя выданні, зняць выкрайку для моднага адзення…. Бібліятэка арыентавана на карыстальнікаў з розным узроўнем інфармацыйнай падрыхтоўкі. І не бяда, калі вы не валодаеце камп’ютарнымі навыкамі, — супрацоўнікі абавязкова прыйдуць вам на дапамогу.
Адным з прыярытэтаў у дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца работа прававога накірунку. З 2001 года на базе аддзела абслугоўвання і інфармацыі створаны публічны цэнтр прававой інфармацыі. Мэтай стварэння ПЦПІ з’яўляецца забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай, афіцыйнай і актуальнай прававой інфармацыі і павышэнне прававой культуры грамадства, фарміраванне ў кожнага прававых ведаў, навыкаў правамерных паводзін.
Фонд ПЦПІ складаюць рэсурсы прававой тэматыкі на традыцыйных і электронных носьбітах, тэматычныя прэс-папкі, база даных “Эталон”, у якой чытачы могуць пазнаёміцца, а пры неабходнасці вывесці на паперу тэкст патрэбнага закону, указа, пастановы… Фонд прававога характару выдзелены асобна, у зручным для чытача месцы. На пачатак 2012 года ён склаў 2058 адзінак.
Сярод разнастайных форм работы бібліятэк адзначу клубы па інтарэсах. Сёння патрэбнасць у такім відзе зносін паміж людзьмі ўзрастае, у сувязі з чым функцыя бібліятэкі як сучаснага цэнтра правядзення вольнага часу становіцца ўсё больш значнай.
Калі вы маладыя, ініцыятыўныя, любіце жыццё і імкнецеся зрабіць яго больш радасным і змястоўным, то створаныя пры бібліятэцы маладзёжныя клубы “Пошук” і “Сябрына” чакаюць вас. Штомесяц ладзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, канферэнцыі, конкурсныя праграмы і многае іншае. Заўсёды ахвотна прымаюць удзел у мерапрыемствах старшакласнікі гарадскіх школ і навучэнцы аграрнага каледжа.
Для людзей больш сталага ўзросту заўсёды гасцінна расчынены дзверы жаночага салона “Лада”, дзе вы можаце з карысцю для сябе за кубачкам гарбаты прыемна правесці час у нядзелю, атрымаць карысныя веды, падзяліцца вопытам, дапамагчы парадамі іншым, знайсці аднадумцаў і сяброў.
Па-ранейшаму работа бібліятэкі скіравана на адраджэнне духоўнай культуры і праваслаўных традыцый. У пошуках маральных арыенціраў людзі ўсё часцей звяртаюцца да рэлігіі. Добрай традыцыяй ужо сталі сустрэчы протаіерэя айца Георгія Жытко з нашымі землякамі ў літаратурнай гасцёўні бібліятэкі, куды могуць наведацца ўсе жадаю- чыя.
Чалавек да той пары чалавек, пакуль помніць свае карані, мінулае роднага краю. Відавочная сёння важнасць асветніцкай дзейнасці бібліятэкі ў галіне краязнаўства. Яна накіравана на папулярызацыю гісторыі, культуры, народных традыцый. Наша бібліятэка з’яўляецца цэнтрам краязнаўчай і фактаграфічнай інфармацыі не толькі аб сваім горадзе, але і аб раёне, вобласці. Асаблівая ўвага ў рабоце надаецца пошуку духоўных каранёў, літаратурнаму края-знаўству.
Захоўваючы традыцыйныя функцыі збіральнікаў і захавальнікаў інфармацыі, бібліятэка выступае ў ролі стваральнікаў уласных інфармацыйных рэсурсаў. Створаны паўнатэкставая база даных “Краязнаўства”, бібліятэчна-бібліяграфічныя базы даных “Раён у Вялікай Айчыннай вайне”, “Сядзіба Флер’янова”, “Ляхавіцкая фартэцыя”, “Сядзіба Грушаўка”, у якіх сабраны, і прадстаўлены краязнаўчы матэрыял у зручным для карыстальніка выгля-дзе. Ідзе работа над стварэннем паўнатэкставых баз даных “Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна” і “Культавая архітэктура раёна”.
Сучасная сацыяльная функцыя бібліятэк імкліва відазмяняецца. Але ў аснове нашай работы, канешне, кнігі. Яны ў наш час рэч нятанная, а бібліятэкі застаюцца адзіным месцам, дзе можна атрымаць іх – няхай у часовае карыстанне – затое ў пераважнай большасці бясплатна. Сёння літаратура ад класічнай да сучаснай, вялікі выбар перыядычных выданняў ад навуковых да забаўляльных, інфармацыя, карысная ўсім – ад школьніка да кіраўніка, – у бібліятэцы ёсць!
Мы пастараемся не расчараваць сваіх пастаянных прыхільнікаў і набыць новых сяброў. Таму калі хто яшчэ не пасябраваў з кнігай і нашай бібліятэкай, зрабіце гэта ў Год кнігі.
Віталія ЛАГУН,
бібліятэкар чытальнай залы ЦБ