Пад пільнай увагай КДК
На калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці разгледжаны вынікі работы КДК у 2017 годзе і вызначаны задачы на 2018 год.
Камітэтам была працягнута работа па ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю за выкананнем рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем даручэнняў Кіраўніка дзяржавы.
Сярод асноўных можна выдзеліць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, праведзеныя па пытаннях выяўлення дадатковых рэзерваў па зніжэнні затрат на жыллёва-камунальныя паслугі; эфектыўнасці дзяржаўнага рэгулявання ў галіне зямельных адносін, аховы і рацыянальнага выкарыстання зямель; забеспячэння якасці, бяспекі і збалансаванасці школьнага харчавання; стану і работы прадпрыемстваў хлебапякарнай галіны; выкарыстання бюджэтных сродкаў пры стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў і іншых маламабільных груп насельніцтва.
Акрамя таго, у 2017 годзе Камітэтам на пастаяннай аснове ажыццяўляўся кантроль за выкананнем кантралюючымі органамі патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка
2009 г. № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Праведзены шэраг арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў, накіраваных на безумоўнае выкананне кантралюючымі і нагляднымі органамі палажэнняў Указа № 376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці», які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2018 года.
Колькасць праведзеных Камітэтам праверак у 2017 годзе скарацілася на 27,6 працэнта. У той жа час павялічылася колькасць мерапрыемстваў папераджальнага характару, накіраваных у тым ліку на прафілактыку правапарушэнняў. Так, Камітэтам у 2017 годзе праведзена 130 маніторынгаў і 9 аўдытаў эфектыўнасці, па выніках якіх дадзены рэкамендацыі і прапановы па ўхіленні выяўленых недахопаў і далейшым удасканаленні дзейнасці. Па выніках праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў Камітэтам у 2017 годзе спагнана ў бюджэт 3,9 мільёна рублёў.
Значная ўвага надавалася рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. У 2017 годзе ў Камітэт паступіла 1180 зваротаў. Праведзены 52 прамыя тэлефонныя лініі, на якія паступіла 60 званкоў, у ходзе 52 выязных прыёмаў з кіраўніцтвам Камітэта паразмаўлялі 100 чалавек.
З улікам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ў зоне асобай увагі Камітэта ў гэтым годзе будуць знаходзіцца пытанні мэтавага і эфектыўнага выкарыстання сродкаў бюджэту і дзяржаўнай уласнасці, нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту, вяртання ў краіну валютнай выручкі, выканання заканадаўства пры арганізацыі і правядзенні закупак, зніжэння сабекошту выпускаемай прадукцыі.
Будзе працягнуты кантроль за рэалізацыяй дзяржаўных праграм і інвестыцыйных праектаў агульнадзяржаўнага значэння, сітуацыяй у будаўнічай галіне і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, аграпрамысловым комплексе і лясной гаспадарцы, на валютным і спажывецкім рынках.
Камітэт забяспечыць жорсткі кантроль за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што тычацца павышэння заработнай платы і своечасовасці яе выплаты, занятасці і працаўладкавання грамадзян, у тым ліку на новыя рабочыя месцы, уключаючы высокапрадукцыйныя і інш.
КДК Брэсцкай вобласці.