Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны
Непрыемная сустрэча
8 сакавіка каля 11 гадзін раніцы на аўтадарозе Баранавічы — Ляхавічы сутыкнуліся трактар з аўтамабілем. Вадзіцель трактара з кормараздатчыкам з ААТ «Шлях новы» пры павароце на Конькі не прапусціў «Аўдзі», на якой сям’я з Баранавічаў ехала ў напрамку Ляхавічаў. Пасажырка легкавушкі атрымала цялесныя пашкоджанні і была дастаўлена для аказання меддапамогі ў Ляхавіцкую райбальніцу. Праводзіцца праверка.
Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы інспектар АДАІ.
Браканьерская выхадка
Супрацоўнікі Баранавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету падчас рэйда на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва недалёка ад вёскі Заліпенне знай-шлі разабраную тушу цяжарнай самкі еўрапейскай казулі.
У адносінах неўстаноўленай асобы ўзбуджана крымінальная справа па частцы 4 арт. 282 КК. Незаконныя дзеянні браканьера нанеслі навакольнаму асяроддзю шкоду на суму больш за 8000 рублёў.
РАСК праводзіць расследаванне.
Пагроза – гэта злачынства
Днямі пракурор раёна ўзбудзіў крымінальную справу па арт. 186 КК у адносінах жыхара аграгарадка Нача. Вясковец 2 сакавіка ў стане алкагольнага ап’янення размахваў нажом і пагражаў жонцы забойствам. Сямейнаму скандалісту давядзецца адказваць перад законам, які прадугледжвае за такое злачынства максімальнае пакаранне да 2 гадоў пазбаўлення волі.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, намеснік начальніка РАСК.