Вуліца малодшага сына. Вуліца ў Крывошыне, дзе жыў Сяргей Свянтэцкі, цяпер носіць яго імя
Жыццё складаецца з гісторый і падзей. І тых людзей, якіх сустракаеш на сваім шляху. Бывае, чыйсьці лёс не проста ўзрушвае – падштурхоўвае да пераасэнсавання многіх з’яў і каштоўнасцей. Такім для мяне стала знаёмства з Алай Свянтэцкай з вёскі Крывошын – мамай мужнага юнака Сяргея, які навек застаўся васямнаццацігадовым, зрабіўшы крок у бессмяротнасць.
Пайшло трэцяе дзесяцігоддзе, як яна пахавала свайго Сярожку – сына-героя, мужны ўчынак якога дапамог выратаваць многія жыцці. Подзвіг салдата занатаваны ў памяці родных, сяброў, саслужыўцаў. Маці знайшла сілы жыць далей, не закрылася ад людзей. Яе Сяргей, якога яна з мужам вучыла быць сапраўдным чалавекам, не мог у складанай сітуацыі паступіць інакш. Жыццё юнака з вёскі Крывошын трагічна абарвалася ў ліпеньскі дзень 1997 года ў сутычцы з асабліва небяспечнымі злачынцамі.
…Спецвагон знаходзіўся на чыгуначнай станцыі Баранавічы-Палескія. Сяргей Свянтэцкі разам з іншымі салдатамі тэрміновай службы вайсковай часці 7404 канваіраваў асуджаных у месцы адбывання пакарання. Здарылася нечаканае. Злачынцы спланавалі ўцёк і напалі на канваіраў з нажамі. Сяргей быў стажорам (знаходзіўся на апошнім дзяжурстве ў такім статусе) і зброі ў яго не было. Але ён стаў на шляху звар’яцеўшых нелюдзяў. І загінуў. Групавы ўцёк быў спынены…
Ваеннаслужачы ўнутраных войскаў Сяргей Свянтэцкі ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Пасмяротна. Ён першым з унутраных войскаў удастоены гэтай узнагароды.
З фотаздымкаў на маму Алу глядзіць-усміхаецца хлопчык. Яе хлопчык. Вось Сярожка ў дзіцячым садзе, вось ідзе ў 1 клас. А вось кадр, дзе ўся сям’я разам – муж Рычард, сыны Эдзік і Сяргей.
Як жа яе малодшанькаму пасавала ваенная форма… З дзяцінства ён марыў служыць у міліцыі, хацеў паступіць у акадэмію, таму вельмі радаваўся службе ва ўнутраных войсках. Ала Іванаўна часта глядзіць на фотаздымкі ў альбоме. А яе нязменны маршрут – да месца, дзе пахаваны Сярожа, побач са сваім татам.
…Імем мужнага земляка названа вуліца ў яго роднай вёсцы Крывошын. Тут жыве яго мама і ўся сям’я Свянтэцкіх. На будынку мясцовай СШ – мемарыяльная дошка, у школьным музеі асобны раздзел прысвечаны гераічнаму выпускніку.
18 сакавіка, менавіта ў векавы юбілей унутраных войскаў і, дарэчы, вайсковай часці, дзе служыў Сяргей Свянтэцкі, ваеннаслужачыя аддалі даніну памяці свайму загінуўшаму таварышу. Усклалі кветкі на магілу, цішыню разарваў ружэйны залп… Салдаты пабывалі ў музеі Крывошынскай СШ, прайшлі строем пад гукі духавога аркестра.
Шмат успаміналі пра Сярожу – Сяргея Рычардавіча Свянтэцкага.
Мама Сяргея Ала Свянтэцкая:
– Колькі б ні мінула часу, сэрца па сыне баліць. Любая маці мяне зразумее. Кожны раз думаю, як бы склалася жыццё, калі б Сярожка вярнуўся жывым… Гэтай восенню, 7 лістапада, яму б споўнілася 40 гадоў. Цяжка, бясконца балюча.
Але вельмі ўдзячна камандаванню часці і ўсім ваеннаслужачым – не забываюць, дапамагаюць і падтрымліваюць, віншуюць са святамі, прыязджаюць. Вось і гэтымі днямі дзякавалі за сына на святочным мерапрыемстве ў вайсковай часці. Затым быў Мінск, Палац Рэспублікі. Напярэдадні Дня міліцыі разам з роднымі загінуўшых пры выкананні воінскага абавязку была запрошана на сустрэчу з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, які гаварыў пра тое, што подзвіг не мае тэрміну даўнасці, што мужнасць – рыса патрыёта, што памяць пра герояў – назаўсёды.
У Мінску мы ўсклалі кветкі да мемарыяла загінуўшым супрацоўнікам унутраных спраў і ваеннаслужачым унутраных войскаў, маліліся за сыночкаў у храме.
Аліна Дыдышка, былы дырэктар Крывошынскай СШ:
– Сціплы, але вельмі працалюбівы, выхаваны, добразычлівы і чулы – такім памятаю Сяргея Свянтэцкага. Уважлівы да дарослых, дружалюбны да аднакласнікаў. Любая работа ў яго руках ладзілася. Перакладвалі печку ў школе – і Сярожка тут як тут, дапамагаў. Актыўнічаў у мастацкай самадзейнасці, у спорце – любіў фізкультуру, прыгожа маляваў.
Эдуард СВЯНТЭЦКІ, брат Сяргея:
– Нягледзячы на нашу чатырохгадовую розніцу (я старэйшы), Сяргей імкнуўся быць у лідарах. Зараз разумею: спяшаўся брат жыць, усюды хацеў сябе паспытаць. Я па старшынстве стараўся яго апякаць, падтрымліваць, хоць ён вызначаўся самастойнасцю.
Разам нам было цікава, нас аб’ядноўвалі агульныя справы і інтарэсы. Задумалі навучыцца іграць на гітары, і нас не спыніла тое, што на заняткі трэба было ісці ў Галаўнінцы праз лес. Мы ж былі разам. Горка, што прыходзіцца гаварыць пра роднага чалавека ў мінулым часе…
Сяргей КОЗАК, намеснік камандзіра в/ч 7404:
– У гісторыі ўнутраных войскаў, бадай, у кожнай часці, ёсць узоры асабістай мужнасці, гераічныя старонкі. У нашай яны звязаны з Сяргеем Свянтэцкім. Ён у страі назаўсёды. Ля памятнага знака з ягоным барэльефам адбываецца рытуал уручэння зброі салдатам. Тут у піянеры ўступаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, уручаюць членскія білеты бээрэсэмаўцам.
У пакоі баявой славы асобная экспазіцыя прысвечана радавому Сяргею Свянтэцкаму. У казарме ля яго фота заўсёды стаяць жывыя кветкі. Імя Сяргея Свянтэцкага навечна занесена ў спісы асабовага складу часці. З гонарам і пашанай гучала яно і на ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных стагоддзю з дня ўтварэння ўнутраных войскаў і нашай часці.
Успамінаю вечар памяці Сяргея Свянтэцкага, што прайшоў мінулым летам у Крывошыне. Тады Ала Іванаўна расказвала, як яе сын прыгожа маляваў, як з братам Эдзікам дапамагаў бацьку, як мог разабраць на запчасткі і скласці бензапілу, як запраўскі цырульнік валодаў нажніцамі… Памяць выхоплівала імгненні, мілыя сэрцу хвіліны, калі ўся сям’я была разам. І твар жанчыны святлеў ад добрай усмешкі.
Час не спыняе бег. Сёння Ала Іванаўна сваю любоў і клопат аддае дарагім унучкам – Настачцы і Кацярыне. Радуецца, што Насця спраўдзіла сваю мару і вучыцца ў музычным каледжы. Падрастае Каця, а якую справу выбера сабе – пакажа час.
Бабуля Ала пастаянна ў руху, не сядзіць без работы. Пасадзіла расаду памідораў, кветак. Кветак у яе вялікае мноства. Яны, гаворыць, упрыгожваюць кожны дзень, паляпшаюць настрой. А яшчэ яны, напэўна, адзінае, што мама можа аднесці свайму заўсёды васямнаццацігадоваму Сярожку. З вечным болем, вечнай любоўю, вечнай памяццю.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Воистину правда—в жизни всегда есть место подвигу. Сколько отваги. решительности, смелости в этом юноше, который ценой своей жизни встал на пути преступников. Сергей — герой нашего времени. Низкий поклон матери, воспитавшей такого сына. Долг земляков— чтить память про Сергея Свентецкого.