“Якая я шчаслівая”
Мама, мамачка, самая лепшая і самая любімая на свеце”, – так і толькі так гавораць пра Таццяну Сокал яе сямёра дзяцей. А яна не проста матуля, а маці-гераіня, узнагароджаная ордэнам Маці, які ёй вельмі пасуе да твару. Гонар маці, яе жыццё, яе працяг, яе будучыня, яе ўсё – сыны Аляксандр, Генадзій, Іван, Раман, Яўгеній, Валянцін і доўгачаканая дачушка Надзея. Мацярынскае сэрца заўжды напоўнена пяшчотай і любоўю, якія яна паспявае аддаваць кожнаму са сваіх дзяцей, мужу Васілію.
Не стамляецца штодзённа клапаціцца пра іх, дапамагае, раіць, падтрымлівае, суцяшае і песціць – ласкавым дотыкам, радасным позіркам і шчырымі словамі. А яны, яе сонейкі, любяць сваю мамачку і жонку моцна-моцна, ганарацца ёю і дапамагаюць ва ўсім.
— Нават не ведаю, як спраўлялася б і дома, і па гаспадарцы, і на працы – на ферме, каб не муж і дзеці. У нас работа не дзеліцца на мужчынскую і жаночую. Хлопцы і посуд памыюць, і ў хаце парадак навядуць, і з гаспадаркай управяцца, і на полі – лепшыя памочнікі. Без іх, як без рук, – расказвае пра сямейны ўклад мнагадзетная маці.
Сям’я ў Сокалаў не толькі вялікая, але і вельмі працавітая і дружная. “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго” – гэта пра іх. І аснова асноў ва ўсім – мама. Ёй першай давяраюць свае тайны старэйшыя, дзеляцца радасцямі і навінамі малодшыя. Канешне, слова і парады бацькі таксама дарагога варты, але мама – гэта ж мама.
— Ніколі не думала, што ў маёй сям’і бу-дзе сямёра дзяцей. У планах было двое, ну максімум трое. Але лёс вырашыў па-свойму, і Бог даў такі скарб, такое шчасце, што нарадавацца не можам. Кожнае дзіця жаданае, любімае і непаўторнае. Усякі раз падчас цяжарнасці думала: усё, цяпер абавязкова бу-дзе дзяўчынка, а нараджаўся зноў хлопчык. Затое якая цяпер у мяне абарона і дапамога расце, – з гонарам гаворыць Таццяна Міхайлаўна.
Няцяжка зразумець, з якой радасцю і агульным захапленнем 6 гадоў таму сустрэла вялікая мужчынская палова Сокалаў доўгачаканую вестку аб тым, што мама нарадзіла дачушку. І назвалі яе такім гучным і шматабяцальным імем Надзея. Чаго тут утойваць, Надзя – усеагульная любіміца, вакол яе круціцца жыццё, песцяць яе і бацькі і браты.
— Канешне, рада, што ў мяне ёсць дачушка. А цяпер яшчэ на адну дзяўчынку стала больш: у старэйшага Аляксандра ўжо свая сям’я, у якой гадуецца маленькая Валерыя. Так што я ўжо і бабуля, – расказвае Таццяна Міхайлаўна.
Ёсць у характары Таццяны адметныя рысы – мэтанакіраванасць і настойлівасць. Якую задачу перад сабой ні паставіць – абавязкова даб’ецца яе паспяховага рашэння. Трэба бачыць, як па-майстэрску яна ўпраўляецца з любой тэхнікай, аднолькава ўпэўнена адчувае сябе за рулём аўтамабіля, мікрааўтобуса і трактара. Паспявае і з хатнімі справамі (а накарміць такую вялікую сям’ю, управіцца па вялікай гаспадарцы і навесці парадак у 2-х павярховым доме – не жартачкі), і на рабоце ладзіцца – яна аператар машыннага даення на ферме “Патапавічы” СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”.
Па добрай традыцыі, штогод на свяце-ўшанаванні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК раёна ўручаецца спецыяльны прыз газеты “Ляхавіцкі веснік”. У мінулым годзе яго ўладальніцай стала менавіта Таццяна Сокал.
А ў галоўнае жаночае свята, як заўжды, сям’я Сокалаў будзе кветкамі і падарункамі віншаваць сваю дарагую і любімую матулю і жонку. Яна зноў будзе свяціцца ад радасці і замілавання. І, пяшчотна абдымаючы сваіх родных, ціхенька скажа: “Якая я шчаслівая!”.