Парадкавы нумар першы. У Ляхавіцкім раёне аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні
Сярод традыцыйных абавязковых вясновых клопатаў першы і неадкладны – навядзенне парадку. Пасля зімы заўсёды шмат «падснежнікаў», у ролі якіх не першацветы, а мінулагодняе смецце. Усё гэта вельмі псуе агульны выгляд тэрыторыі і настрой людзей, якія і павінны паклапаціцца пра парадак.
Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне час з 12 сакавіка па 28 красавіка прысвяціць добраўпарадкаванню, азеляненню і навядзенню парадку на тэрыторыях населеных пунктаў раёна, у ходзе месячніка прыняць удзел у рэспубліканскім, абласным і арганізаваць раённы суботнікі. Створана рабочая група па правядзенні месячніка, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч. Зацікаўленыя службы і арганізацыі, сельвыканкамы абавязаны арганізаваць работу з насельніцтвам па навядзенні парадку ў горадзе і сельскай мясцовасці; забяспечыць прыцягненне вучнёўскай моладзі і працоўных калектываў да ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах месячніка.
Далучаемся ўсе!