Дарожнае заданне
Актыўна, арганізавана, якасна – такія патрабаванні да выканання ямачнага рамонту дарог паставіў перад дарожнай службай (ДРБУ-200 і ДЭУ-24) старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. На апаратнай нарадзе адзначалася, што на гарадскіх вуліцах рамонтныя работы пачаліся на мінулым тыдні. Што датычыцца ДЭУ-24, то ў яго непачаты край клопатаў па добраўпарадкаванні ўчасткаў паабапал дарогі Баранавічы-Ляхавічы на ўездзе ў райцэнтр.
На нарадзе ўздымалася і пытанне грэйдзіравання гарадскіх вуліц. Да гэтых работ камунгас пакуль не прыступаў.
Пад асаблівым кантролем сельвыканкамаў павінны быць аграгарадскія і вясковыя вуліцы, месцы агульнага карыстання, нежылыя дамы і закінутыя сядзібы. Асобная размова – пра парадак на могілках. Адрамантаваць, пафарбаваць агароджу, вывезці спілаваныя дрэвы – справы, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.У якасці станоўчага прыкладу – добраўпарадкаванне могілак у Малым Падлессі (Конькаўскі сельсавет) і Савейках (Ганчароўскі сельсавет). А вось да стану могілак у Перахрэсці (Начаўскі сельсавет) нямала пытанняў.
На нарадзе ўздымалася і яшчэ адна праблема – запазычанасць перад камунгасам. У нашым раёне па 83 рахунках дапушчана пратэрмінаваная запазычанасць за камунальныя паслугі. Ёсць даўгі, чый «узрост» дасягае 21 месяца. Кіраўніцтву камунгаса і начальніку аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама даручана распрацаваць сістэму спагнання даўгоў, актывізаваць работу па прымусовым высяленні злосных неплацельшчыкаў. Але неабходна дасканала разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку. Адна справа, калі не плаціць грамадзянін, які не хоча працаваць, вядзе амаральны лад жыцця, і зусім іншая, калі запазычыла па рахунках мнагадзетная сям’я, якая трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Да вырашэння падобных пытанняў павінны падключыцца аддзел адукацыі, спорту і турызму, камісія па справах непаўналетніх, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
На нарадзе разгледжаны іншыя пытанні.
Галіна КАНЬКО.