Летуценнік з Жарабковіч

У другі дзень сакавіка 1937 года ў вёсцы Жарабковічы ў сялянскай сям’і Станкевічаў нарадзіўся сын, якому далі імя Анатолій. Дзяцінства будучага паэта  было цяжкім: адзін за адным памерлі бацькі. Але свет не без добрых людзей.

З дапамогай старэйшых сясцёр і мачахі юнак скончыў сямігодку ў Жарабковічах і паступіў у Слонімскае рамеснае вучылішча на чырванадрэўшчыка. Потым была праца на лесапільным заводзе ў Архангельскай вобласці, служба ў арміі. Пасля дэмабілізацыі Анатолій Станкевіч вярнуўся ў  Беларусь, жыў і працаваў у Баранавічах – рабочым, сталяром, паспяхова закончыў вячэрнюю сярэднюю школу і ўніверсітэт рабселькараў пры баранавіцкай гарадской газеце “Знамя камунізму”. Не толькі залатыя рукі меў Анатолій Станкевіч, ён быў яшчэ і таленавіты творца.

Свой першы верш ён напісаў у 6 класе. У гэтым пачынанні хлопчыка падтрымаў настаўнік Яўгеній Булат.  У маі 1968 года ў баранавіцкай газеце ўпершыню надрукавалі  яго верш “Вясенняя замалёўка”. Лірычныя радкі Анатолія Станкевіча друкаваліся ў шэрагу рэспубліканскіх, абласных і раённых выданняў. Свет убачылі яго кнігі паэзіі “Білет да станцыі”, “Веру ў цяжкае шчасце”,  “На крылах пакутніцкага сумлення”.

Высока ацаніў творчасць паэта пісьменнік і крытык Уладзімір Калеснік.  А Максім Танк, упершыню прачытаўшы творы рабочага з Баранавічаў, быў так узрушаны імі, што сам звярнуўся ў часопіс “Нёман” з прапановай іх надрукаваць.

На працягу многіх гадоў Анатолій Іванавіч узначальваў літаратурныя аб’яднанні, якія існавалі і дзейнічалі ў Баранавічах.  У 1999 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Таленавіты чалавек  шмат чаго планаваў  у творчасці. Але мары, так і засталіся марамі. У гэтым жа 1999 годзе самабытны паэт трагічна загінуў.

… Прыхільнікі  таленту Станкевіча не забыліся пра яго. У 2010 годзе ў          Баранавічах выдадзены зборнік беларускамоўных вершаў Анатолія Станкевіча “Скрыжалі дабрыні”.

У адным са сваіх вершаў ён растлумачыў, што такое быць паэтам:

Калі твая радасць
загаворыць вершамі,
Калі твой боль
загаворыць вершамі,
Калі тваё сумленне
загаворыць вершамі,
Вось тады і назавуць
цябе Паэтам…

Гаворачы пра Анатолія Станкевіча, нельга не ўспомніць пра яго, як майстра. Ён рабіў дзівосныя лясныя скульптуры, мініяцюры і драўляныя карціны, дзе асноўным матэрыялам былі  карані, галінкі дрэў і г.д. Выставы яго работ былі адметнай з’явай у культурным жыцці Баранавічаў і наваколля.  За свой самабытны талент Анатолій Іванавіч атрымаў шмат узнагарод, у тым ліку і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Творы  рук майстра  і сёння ўпрыгожваюць школы, бібліятэкі, установы і прадпрыемствы.

Да 75-гадовага юбілею паэта бібліёграфы цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы падрыхтавалі інфармацыйны бюлетэнь “Летуценнік з Жарабковіч”. Акрамя звестак пра жыццёвы і творчы шлях нашага таленавітага земляка, тут змешчаны і бібліяграфічны спіс яго твораў, а таксама нарысы аб жыцці і творчасці паэта.

Надзея КІПЕЛЬ,
бібліёграф цэнтральнай раённай
бібліятэкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *