Камунальны камплімент. 25 сакавіка – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Майстар Святлана Курловіч з работнікамі ўчастка саначысткі.

Вы звярталі ўвагу, якія ўтульныя і чыстыя нашы Ляхавічы? Колькі кампліментаў горад атрымлівае ад яго гасцей! Нельга не прызнаць, што ўзорны парадак у значнай ступені – справа рук камунальнікаў. Райцэнтр толькі прачынаецца, а работнікі ўчастка добраўпарадкавання КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» ужо шчыруюць. Яны – адказныя за чысціню на гарадскіх вуліцах і ў дварах, парках і скверах, на аўтобусных прыпынках.

Добраўпарадкаванне – адзін з асноўных камунальных участкаў. Акрамя яго ў ЖКГ уваходзяць кацельная гаспадарка, аўтатранспартны, бытавога абслугоўвання, саначысткі, аварыйна-тэхнічная служба і г.д.
– Рэалізацыя рэгіянальнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016-2020 гады – сярод галоўных задач нашага калектыву. Распрацаваны канкрэтныя планы па іх вырашэнні. Так, летась да ацяпляльнага сезона перавялі на мясцовыя віды паліва газавую кацельню па вуліцы Вакзальнай у райцэнтры. Гэта дазволіла амаль напалову знізіць сабекошт гігакалорыі, –  расказвае выконваючы абавязкі дырэктара жылкамунгаса Аляксандр Жук.
Адрас сёлетняй цеплавой новабудоўлі,  на якую выдаткоўвае сродкі Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця, – Чкалава, 5а. Блочна-модульная кацельня будзе працаваць на мясцовых відах паліва –
пілавінні. Яе ўвод дасць магчымасць жыльцам шматпавярховак бліжэйшых вуліц круглагадова карыстацца гарачай вадой.
Некалькі сезонаў запар паспяхова вытрымлівае зімовы экзамен кацельная гаспадарка – адно з самых вялікіх падраздзяленняў камунгаса. Тут працуе 150 чалавек, якія забяспечваюць бесперабойную работу 24 кацельняў (чатыры з іх – гарадскія). Гэты ацяпляльны сезон не стаў выключэннем. Начальнік участка Мікалай Плаўскі перакананы:
– Адказнае выкананне прафесійных абавязкаў – аснова паспяховай работы. Гэта даказваюць старшы майстар Аляксандр Вайцешык, майстры Дзяніс Сакуць, Юрый Жыжа, Сяргей Канцылярчык, электраманцёр Мікалай Бортнік, газаэлектразваршчык Дзмітрый Еўхач.
Участак водаправоднай і каналізацыйнай гаспадаркі 12 гадоў узначальвае Уладзімір Ракавец. У склад падраздзялення ўваходзяць і станцыі абязжалезвання. За суткі ў гарадской станцыі перапрацоўваецца ў сярэднім звыш 2500 (летам – 3500) кубаметраў вады. За працэсам сочаць 8 падрыхтаваных спецыялістаў. Скаргаў ад гараджан на якасць вады амаль не паступае (чаго, на жаль, пакуль не скажаш пра вяскоўцаў). На ўчастках, дзе ляжаць старыя водаправодныя трубы, праблемы ёсць. Замена старых інжынерных  сетак – у бліжэйшых планах ЖКГ.  Будуць праводзіцца і іншыя мерапрыемствы па паляпшэнні якасці вады.
Калектыў гэтага падраздзялення – 50 чалавек. Начальнік участка называе лепшых работнікаў: майстры Леанід Юрлевіч і Андрэй Кірыковіч, аператар дыстанцыйнага пульта Юрый Бурдзейка, слесар Яўгеній Захаранка, машыніст каналізацыйна-помпавай станцыі Юрый Грыцкевіч, аператар ачышчальных збудаванняў Мікалай Русакевіч, загадчыца лабараторыі Алена Якубоўская, лабарант хімічнага аналізу Кацярына Жукава.

Начальнік аўтатранспартнага ўчастка Дзмітрый Пішч (другі злева) і вадзіцелі.

Камунгас – шматпрофільнае прадпрыемства. Пра гэта сведчыць і яго адносна новы профіль – будаўнічы. Са здачы пасля капрамонту дома  № 26 па вуліцы Леніна ў райцэнтры, дзе Ляхавіцкая ЖКГ выступіла і заказчыкам, і падрадчыкам, прайшло пяць гадоў. За гэты час аб’ектаў дабавілася. Адзін з апошніх – дом № 6 па вуліцы Южакова. Хутка пачнуцца работы па ўцяпленні дома № 17 па вуліцы Інтэрнацыянальнай. На парадку дня – планавы рамонт  жыллёвага фонду.
Заўсёды гатовы выехаць на выклік работнікі аварыйна-тэхнічнай службы. На іх рахунку – шмат ухіленых пазаштатных сітуацый.
Яшчэ пяць гадоў назад  яны былі проста суседзі, а цяпер – адзін калектыў. Сёння камбінат бытавога абслугоўвання ў складзе жылкамунгаса – гэта цырульня, паслугі па рамонце і пашыве адзення, пральня і іншыя. На вёсцы сваю нішу ў абслугоўванні займаюць комплексныя прыёмныя пункты, куды па раскладзе выязджаюць майстры-цырульнікі, дзе аказваюцца іншыя паслугі.
У штатным рэжыме працуюць іншыя ўчасткі прадпрыемства. Што пра яго работу раскажуць лічбы?
– Адзін з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы – чысты прыбытак.Заданне на мінулы год перавыканана ў 19 разоў. Пры заданні 2,8 працэнта рэнтабельнасць продажаў склала 5,8 працэнта. Перавыкананы і мэтавы паказчык па энергазберажэнні, – расказвае Аляксандр Жук.
Летась колькасць пісьмовых прэтэнзій грамадзян на якасць аказваемых жыллёва-камунальных паслуг знізілася на 21 працэнт у параўнанні з 2016 годам – яшчэ адно пацвярджэнне, што камунальнікі сталі працаваць эфектыўней.

Закройшчык Вольга Рамановіч.

Камунгас – гэта не толькі вытворчасць, аказанне паслуг, але і вялікі – 420 чалавек – калектыў з цікавым і разнастайным пазапрацоўным жыццём. Пра камфортны адпачынак клапоціцца тутэйшая прафсаюзная арганізацыя, якую ўзначальвае Іна Смаршчок. На прадпрыемстве сябруюць са спортам. Ініцыятар шматлікіх здаровых мерапрыемстваў – фізкультурна-спартыўны клуб «Камунальнік». Работнікі прадпрыемства за кошт ЖКГ могуць наведваць трэнажорную і гульнёвую залы ДЮСШ. У мінулым годзе трое камунгасаўцаў паправілі здароўе ў санаторыях, у летніках па бясплатных пуцёўках адпачылі 22 хлопчыкі і дзяўчынкі, чые бацькі працуюць у Ляхавіцкай ЖКГ. Іна Смаршчок упэўнена, што толькі сумесныя экскурсійна-турыстычныя паездкі па памятных і культурна-гістарычных мясцінах дапамагаюць ствараць належны мікраклімат у калектыве.
Сваё прафесійнае свята –  Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, што адзначаецца ў нядзелю, сустрэнуць на працоўным месцы многія камунгасаўцы –
такая ў іх работа.
– Ад  кампетэнтнасці, уважлівых адносін  камунальнікаў да спажыўцоў залежыць настрой і камфорт многіх землякоў. Будзем і далей імкнуцца задаволіць землякоў якасцю камунальнага і бытавога абслугоўвання,  асартыменту паслуг, – падкрэслівае Аляксандр Жук.

Шаноўныя працаўнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», паважаныя ветэраны прадпрыемства! Шчыра віншуем вас з прафесійным святам.
Ганарымся, што ў нашай галіне працуюць адказныя, добрасумленныя людзі, адданыя сваёй справе.
Прыміце ўдзячнасць за няпростую і такую патрэбную працу, пажаданні поспехаў, шчасця, здароўя, дабрабыту, ладу і ўзаемаразумення ў сем’ях.
Дырэкцыя і прафкам
камунгаса.

Старшы майстар Леанід Юрлевіч, загадчыца лабараторыі Алена Якубоўская, лабарант Юлія Зялёнка, інжынер-мікрабіёлаг Тамара Траяноўская.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *