Сябры, трывалы наш саюз

Сёлета 2 красавіка ўжо 22-гі раз адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Свята сімвалізуе блізкасць народаў не толькі на культурным і гістарычным узроўні, нас аб’ядноўвае і агульная сацыяльна-эканамічная прастора, якая працягвае актыўна фарміравацца, адкрывае ўсё новыя адрасы плённага і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва. У тым ліку, дзякуючы намаганням і нашых землякоў.

Загадчык вытворчасці ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» Анатолій Марчык і вадзіцель
Сяргей Брэль перад адпраўкай прадукцыі ў Расію.

Імпарт-экспарт

Па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, за мінулы год тавараабарот Ляхавіцкага раёна з расійскімі рэгіёнамі склаў больш за 14 мільёнаў долараў (тэмп росту – 146 працэнтаў да ўзроўню 2016 года), у тым ліку экспарт дасягнуў амаль 11,5 мільёна долараў. Сальда знешняга гандлю станоўчае – «плюс» склаў амаль
9 мільёнаў долараў.
У 21 расійскі рэгіён накіроўваецца большая частка ўсяго экспарту раёна. У самых розных кутках Расіі спажыўцы набываюць у магазінах сметанковае масла вытворчасці СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». У шэрагу рэгіёнаў добра ведаюць прадукцыю ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», які пастаўляе ў суседнюю краіну ялавічыну. Запатрабаваныя электратэхнічныя вырабы ТАА «Трансэлектракамплект». Торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі два гады плённа супрацоўнічае з Калінінградскай вобласцю – экспартуе туды паліўныя брыкеты. Летась пачаў экспарт і ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас»: пастаўляў у Расію разнастайныя вырабы з пластмасы.

У «Медуніцу»  і на турнір  Валюкевіча

З Расіі ў наш раён прыязджае нямала гасцей. Адны –  у якасці турыстаў, каб пазнаёміцца з багатай тутэйшай гісторыка-культурнай спадчынай і палюбавацца маляўнічымі краявідамі, адпачыць, напрыклад, у аграсядзібах. Ёсць расійскія прыхільнікі беларускага адпачынку ў «Медуніцы» і «Чыжах». Заснавальнік «Медуніцы» Аляксандр Панфіла прапануе адпачываючым пешыя і веласіпедныя экскурсіі па месцах, звязаных з Першай сусветнай вайной, дзе да нашых дзён захаваліся шматлікія дзоты і доты. За свежым паветрам, воднымі забавамі, для сямейнага адпачынку прыязджаюць у «Чыжы».
Сярод расіян вельмі папулярныя беларускія санаторыі, прафілакторыі, дзе можна выдатна адпачыць і паправіць здароўе.
Як паведамілі ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС, у Ляхавіцкім раёне 262 грамадзяніна Расіі маюць від на жыхарства,  21 атрымаў дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі.
Ёсць і такія, для каго наш раён –  куточак блізкай і дарагой сэрцу малой радзімы, а Расійская Федэрацыя –  цяперашняе месца жыхарства і другая радзіма. Прыемна, што яны не губляюць сувязь з Беларуссю. Як, напрыклад, майстар спорту міжнароднага класа чэмпіён Еўропы Генадзій Валюкевіч. Летась на базе ДЮСШ прайшоў ХІІ адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы гэтага знакамітага спартсмена. Удзел у традыцыйным турніры прымаюць юныя легкаатлеты не толькі з Ляхавіцкага раёна, але і з іншых рэгіёнаў Брэстчыны.
І заснавальнік турніра сочыць за спаборніцтвамі, уручае прызы пераможцам. Генадзій Валюкевіч падтрымлівае цесную сувязь са сваёй малой радзімай.

Вучымся  і дэкламуем Пушкіна

Традыцыйна развіваюцца расійска-беларускія адукацыйныя стасункі. Выпускнікі беларускіх школ паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы Расіі, а расіяне прыязджаюць за ведамі і будучай прафесіяй у Беларусь. У тым ліку ў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Зараз у ЛДАКу на аддзяленні ветэрынарнай медыцыны вучацца трое грамадзян Расіі. Для Лідзіі Сірак ідзе апошні год вучобы, далей – дыплом, статус маладога спецыяліста і першае гарантаванае месца працы. У ЛДАКу навучэнцы-расіяне разам з беларускімі равеснікамі слухаюць лекцыі, выконваюць практычныя і лабараторныя работы, з задавальненнем удзельнічаюць у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. Адчуваюць сябе як дома.
У розныя гады юныя ляхавічане-гімназісты Міхаіл Літвіненка, Дзмітрый Шэйко, Антон Мацейчык, Антон Краўцэвіч, Юлія Матчэня перамагалі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства».
Для развіцця творчых здольнасцей вучняў і абуджэння ў іх цікавасці да творчай спадчыны вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, які носіць яго імя, штогод праводзіць міжнародны Пушкінскі фестываль «Сябры, цудоўны наш саюз…». У адкрытым конкурсе эсэ «Невядомы вядомы Пушкін» удзельнічала вучаніца Жарабковіцкай СШ Вольга Войтуль (настаўніца Галіна Навумік). Работа Вольгі адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *