Тут творчы дух, тут кожны – талент

Кожны раз, прыязджаючы сюды,   чакаеш убачыць і пачуць нешта   новае, цікавае і арыгінальнае.  Умеюць мясцовыя педагогі і вучні здзівіць. Яны пастаянна знаходзяцца  ў творчым пошуку. Прычым,  датычыцца гэта не  толькі вучэбна-выхаваўчага працэсу, але  і спартыўных дасягненняў, добраўпарадкавання  і навядзення парадку як непасрэдна ў самой навучальнай установе, так і на вялікай  тэрыторыі вакол будынка, які па планіроўцы – адзіны такога кшталту ў раёне.

Тут светлыя, па-сучаснаму абсталяваныя класныя пакоі, патанаюць у зелені вазонаў калідоры, прасторны хол,  на сценах інфармацыйныя стэнды рознай тэматыкі. Як у іншых вучэбна-педагагічных комплексах, пад адным дахам размешчаны дзіцячы сад і школа – вось і пераемнасць пакаленняў. І не дзіўна, што мясцовыя дашкаляты без усялякага страху ідуць у першы клас, ім тут знаёмы кожны куточак. А тутэйшыя настаўнікі паспяваюць сярод выхаванцаў дзіцячага сада разглядзець будучых выдатнікаў і “харашыстаў”.

Без перабольшвання можна сцвярджаць, што Малагарадзішчанскі ДС-СШ –  сапраўдная скарбніца  інтэлектуальных талентаў.  За апошнія 10 гадоў вучні гэтай школы 8 разоў займалі 1-е месца  сярод сельскіх устаноў адукацыі раёна па колькасці заваяваных дыпломаў на раённых прадметных алімпіядах па інфарматыцы, беларускай мове, гісторыі, грамадазнаўстве, хіміі, біялогіі, астраноміі, фізіцы і матэматыцы. З абласных алімпіяд рабяты прывезлі дыпломаў больш, чым вучні ўсіх сельскіх школ раёна разам. Асаблівы гонар – дыплом  ІІІ ступені  Аляксандра Карповіча на рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы.

— У нас даўно распрацавана і дзейнічае праграма “Адораныя дзеці”. Яе асноўная мэта – фарміраванне такой адукацыйнай прасторы, якая б садзейнічала рознабаковаму развіццю асобы, выяўленню найбольш таленавітых вучняў. З таленавітымі рабятамі работа вядзецца  па кожнай вучэбнай дысцыпліне і ўключае ў сябе групавыя заняткі, дыскусіі, дыялогі,  творчыя заданні. Усё для таго, каб развіваць у школьнікаў мысленне, заахвочваць да самаўдасканалення і самаразвіцця, – расказвае пра спецыфіку работы  дырэктар Малагарадзішчанскага ДС-СШ Анатолій Тураў, які кіруе навучальнай установай больш за 20 гадоў. Яго падтрымлівае і намеснік дырэктара  па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ядвіга Плескацэвіч:

—        Яшчэ ў пачатковай школе мы вызначаем схільнасці дзяцей да вывучэння пэўных прадметаў. Настаўнікі падтрымліваюць інтарэс да вучобы, да ўдзелу ў розных конкурсах. У мінулым навучальным годзе ў нас было 10 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд  “Кенгуру”, “Зубраня”, “Буслік”, “Інфа-мышка” і іншых). Галоўнае – даць дзіцяці адчуць поспех, тое, што і  ў яго абавязкова  ўсё атрымаецца, толькі трэба вельмі па-старацца.

Такая паслядоўнасць, сістэматычнасць, пастаянная работа настаўнікаў па павышэнні  свайго педагагічнага майстэрства, цеснае ўзаемадзеянне і ўзаемаразуменне з бацькамі вучняў і своеасаблівая атмасфера, дзе ва ўсіх адчуваецца жаданне вучыцца, спасцігаць новае, дае вынікі. Ды яшчэ якія!  Штогод  пераважная большасць выпускнікоў гэтай школы становіцца студэнтамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны.  І абавязкова адзін ці некалькі паступаюць на бюджэтную форму навучання ў БДУІіР ці БДУ на спецыяльнасць “інфармацыйныя тэхналогіі”. Сярод былых і сённяшніх студэнтаў гэтых ВНУ гонар школы – Андрэй і Аляксей Плескацэвічы,  Аляксандр Зубік,  Аляксей Вярбіла, Валянцін Патоцкі, Аляксандр Варвашэвіч, Раман Захаранкаў, Аляксандр Патоцкі. І, канешне, нельга не ўспомніць Аляксандра Карповіча, пераможцу рэспубліканскай      алімпіяды 2009 года па інфарматыцы.  Цяпер Аляксандр – паспяховы трэцякурснік і многія экзамены здае “аўтаматам”.  Вось што значыць спалучэнне трывалых ведаў, адоранасці і працавітасці.

Не толькі інфармацыйныя тэхналогіі прывабліваюць малагарадзішчанскіх школьнікаў. Яшчэ адзін папулярны і запатрабаваны накірунак – хіміка-біялагічны. Учарашнія вучні Вольга Грыцкевіч, Аляксандр Грынько,  Вікторыя Шчукава, Гражына Віхноўская – цяпер студэнты-бюджэтнікі медыцынскіх універсітэтаў.  І ўсё гэта выпускнікі звычайнай сельскай школы, якія без рэпетытарства паступаюць у прэстыжныя ВНУ.

Тутэйшыя педагогі бачаць у кожным школьніку асобу, не падобную на іншых, са сваімі схільнасцямі і інтарэсамі, слабасцямі і захапленнямі, імкненнем да адкрыццяў і пазнання свету. Гледзячы  на поспехі сваіх старэйшых сяброў, імкнуцца да ведаў і цяперашнія вучні.  Так, сёлета па выніках абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды Антон Захаранкаў атрымаў  пахвальны водгук па інфарматыцы (настаўнік Аляксандр Касабуцкі), літаральна некалькі балаў не хапіла юнаку да прызавога месца.

Не толькі вучобай і перамогамі на інтэлектуальных баталіях славяцца малагарадзішчанскія школьнікі. Тут у пашане здаровы лад жыцця і заняткі спортам. Настольны тэніс, міні-футбол, лёгкая атлетыка, шахматы  папулярныя сярод мясцовых рабят — хлопчыкі і дзяўчынкі аддаюць ім увесь свой вольны час і часта займаюць прызавыя месцы на разнастайных раённых спабор-ніцтвах. Жадаючыя ўмацаваць сваё здароўе зімой займаюцца ў спартыўнай зале, а ў цёплую пару года мясцовы стадыён  не пустуе ніколі.  Апошнія са значных поспехаў  – 2-е месца  ў круглагадовай  раённай спартакіядзе школьнікаў  і  ў раённым шахматным турніры. Спартыўны гонар школы – Алег Катко,  Іван  Ліхач,  Мікалай Зубік, Міра Карповіч.

Школьнікі таксама з задавальненнем наведваюць развіццёвыя і прадметныя факультатывы, гурткі, займаюцца ў філіяле Тухавіцкай музычнай школы. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе тут з’явілася ноу-хау – працуе міжшкольны факультатыў па інфарматыцы для 9-класнікаў. Здольнасці па прадмеце ў рабят з гарадскіх і сельскіх школ развівае вопытны настаўнік-наватар Аляксандр Касабуцкі, сааўтар многіх інтэлектуальных перамог малагарадзішчанскіх разумнікаў.

— Таленты неабходна падтрымліваць і заахвочваць. Мы шмат увагі надаём  матэрыяльнаму і маральнаму стымуляванню. Абавязкова праводзяцца агульнашкольныя лінейкі, на якіх лепшыя з лепшых узнагароджваюцца дыпломамі і прэміямі, – гаворыць Анатолій Тураў.

— У поспеху рабят, канешне, вялікая заслуга і настаўнікаў. Але без бацькоўскіх падтрымкі і разумення дабіцца важкіх вынікаў было б значна цяжэй.  Мы ўдзячны  татам і мамам, якія падтрымліваюць пачынанні педагогаў, дапамагаюць нам у развіцці здольнасцей іх дзяцей. Такія ўзаемаадносіны школы і сям’і дарагога вартыя, – разважае Ядвіга Плескацэвіч.

Тройчы за апошнія 5 гадоў Малагарадзішчанскі ДС-СШ атрымліваў статус пераможцаў конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі. На пытанне, у чым сакрэт такога пастаянства, Анатолій Тураў адказвае:

— Ад мудрасці настаўніка, яго педагагічнага таленту, вытрымкі і тактоўнасці,  творчага пошуку, мабільнасці, інтарэсаў залежыць, якім будзе сённяшні вучань – будучыня нашай краіны. Не пабаюся быць пафасным, але кожнага са сваіх калег магу назваць Настаўнікам з вялікай літары. Асабліва ўдзячны  Аляксандру Касабуцкаму, Станіславе Канцэлярчык, Таісіі Гатоўчыц, Надзеі Патоцкай,  Галіне Лук’янчык, свайму намесніку Ядвізе Плескацэвіч, якія заўсёды ў гушчыні школьных падзей..

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *