Засеўкі. У КСУП «Ліпнянка» першымі ў Ляхавіцкім раёне пачалі сеяць

Механізатар КСУП «Ліпнянка» Іван Буйкевіч

Не без цяжкасцяў, у супраціўленні з халоднымі «масамі» і масай іншых, нехарактэрных для гэтага адрэзку года кліматычных з’яў, вясна ўсё ж такі прабівае сабе дарогу. Усё настойлівей, больш ярка і вобразна. А што, як не сяўба, з’яўляецца адным з асноўных яе вобразаў?!
І вось яна – сяўба – прыйшла на палеткі Ляхавіцкага раёна. Позна, калі правесці параўнанне з мінулым годам: 8 сакавіка летась супраць 30 чысла таго ж  месяца сёлета.

Аўтарам раённых засевак выступіла КСУП «Ліпнянка». Зранку ў мінулую пятніцу зямля была дастаткова густа «выбелена» снегам. А ўжо ў другой палове дня на адным з ліпскіх палеткаў грукаталі трактары.
З перыметра таго самага поля позірку адкрываецца абсалютна пастаральная карцінка. Фарбаў убачанаму дабаўляе расказ дырэктара прадпрыемства Станіслава Берташа:
– Зранку з мэтай «закрыцця» вільгаці на полі працавалі дыскавыя бароны. Разбілі скарынку, чым істотна паскорылі сыход вады з паверхні ў глыбіню поля. Яно літаральна на вачах стала ўсё больш і больш падсыхаць. Пасля пусцілі камбінаваны шыроказахопны агрэгат, і праз некаторы час у работу пайшоў пасяўны агрэгат. Так, падобная схема работы з’яўляецца некалькі больш затратнай. Аднак на даным этапе лічу яе мэтазгоднай і апраўданай. Чым? Магчымасцю больш ранняга пачатку пасяўных работ. У гэтым годзе тэрміны іх правядзення і так сціснуты позняй вясной. Чаканне можа аказацца куды больш дарагім.
Пачалі з аўса і на не-вялікім, плошчай усяго ў сем гектараў, кавалку палетка. У цэлым жа яравы ліпнянскі клін гэтага года складзе 580 пасяўных гектараў, амаль на сотні з якіх будзе вырошчвацца іменна авёс. Кампанію апошняму складуць ячмень, а таксама гарох і лубін на зерне.
Наколькі ў тэхнічным плане падрыхтаванымі падышлі да веснавых палявых работ аграрыі «Ліпнянкі»? У дапамогу поліфункцыянальнаму пасяўному агрэгату, які знаходзіцца ў рабоце, тут чакаюць прыбыцця новай пакупкі. Універсальную пнеўмасеялку маюць намер выпусціць у поле адразу ж, што называецца з колаў. У агрэгацыі з трактарам Беларус-1221 і пасля АКШ-падрыхтоўкі глебы. Дырэктар прадпрыемства не выключае сітуацыі, што працаваць сейбітам давядзецца ў дзве змены. Матывіроўка такому раскладу простая, ясная, зразумелая – адсеяцца аптымальна па тэрмінах і ў рамках вызначанай тэхналогіяй якасці.
Пра Івана Буйкевіча, а гэта іменна ён выконваў партыю «сола» на пасяўным палетку, Станіслаў Берташ гаворыць як пра адказнага работніка, умелага спецыяліста:
– Ён у нас і на збожжаўборачным камбайне працуе, і на кормаўборачным, калі прыходзіць час касавіцы. Зараз вось Беларус-3022 і пасяўны агрэгат.
А за два дні да пасяўной падзеі ў «Ліпнянцы» правялі перадпасяўны сход. Асноў-ную яго тэму фарміравала традыцыйнае ў такіх выпадках кола пытанняў: умовы працы, памер аплаты за зробленае на кожнай з аперацый, нормы выпрацоўкі, сістэма бонуснасці і іншае. Канешне ж, яшчэ і яшчэ раз нагадалі пра дыктатуру правілаў тэхнікі бяспекі.
Некалькі раней, па словах дырэктара, аднак з прыцэлам на яравую кампанію прадпрыемства даўпарадкавала сталовую, задача якой – гатаваць гарачае харчаванне для працаўнікоў, занятых на гарачых пасяўных і не толькі работах.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Больш фота тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *