Млечны шлях
Экспарт тавараў і паслуг безумоўна і зразумела займае адзін з першых радкоў у раскладзе прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Важнасць моманту дыктуецца яшчэ і вымушанай залежнасцю нашага гаспадарчага комплексу ад рознага кшталту імпартных паставак: вуглевадароднай сыравіны, напрыклад.
Разлік жа па рахунках магчымы ў выпадку наяўнасці, як мінімум, высокаліквідных уласных прапаноў і актыўных намаганняў па іх прасоўванні на сусветны рынак. Шлях да станоўчага балансу ў гандлі са знешнімі партнёрамі складаны і зусім несхематычны.
Ляхавіччыне ў гэтым сэнсе ёсць што сказаць: і летась, і два гады таму ў рабоце са знешнім рынкам эканоміка раёна здолела “выгандляваць” бездэфіцытнае сальда. Радуе і дынаміка: калі па выніках работы ў 2010 годзе перавышэнне экспарту над імпартам ацэньвалася ў 11 мільёнаў долараў ЗША, то аналагічная леташняя лічба аказалася прыкладна ўдвая больш выгаднай. Узнос у фарміраванне валютнага пірага рабілі і робяць каля дзясятка прадпрыемстваў Ляхавіччыны розных формаў уласнасці. Мае месца і значнае адрозненне ў гісторыі, геаграфіі і аб’ёмах экспартных паставак. Калі для асобных прадпрыемстваў леташнія нязначныя замежныя пастаўкі сталі дэбютам на знешнім рынку, іншыя там даўно ўжо свае. Іх ведаюць, цэняць як надзейных партнёраў, якасных вытворцаў, чыя гандлёвая марка ў многіх заходніх краінах мае брэндавае гучанне. За магчымай высакамоўнасцю гэтых характарыстык – сапраўдны твар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. “Аксакал” знешнегандлёвага рынку, прадпрыемства з’яўляецца таксама і самым значным нашым экспарцёрам – “прыцягвае” больш як палову ўсіх раённых валютных паступленняў. Сакрэту са стратэгіі і тактыкі пранікнення і ўтрымання замежных рынкаў на прадпрыемстве не робяць. Ды і ці стане для каго сакрэтам, што на першым месцы тут якасць выпускаемай прадукцыі. А вось дабіцца выдатнай якасці няпроста і – слова з песні не выкінеш – нятанна. Сучаснае абсталяванне, напрыклад, з’яўляецца абавязковай для таго ўмовай. А яшчэ ёсць кваліфікаваны, асабіста і ў вы-творчым плане высокадысцыплінаваны працоўны калектыў на чале з дырэктарам Вячаславам Жукоўскім, і кожны з дзвюх соцень работнікаў – майстар на сваім участку адказнасці.
Аснову экспартнага прадукту малочнага завода складае казеін тэхнічны. Увесь аб’ём яго выпуску экспартуецца. Дзелавыя сувязі з партнёрамі з Германіі, Францыі, Польшчы, Мексікі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Расіі і некаторымі іншымі выпрабаваны ўжо часам, вызначаюцца пастаянствам і надзейнасцю бакоў. На што “купляюцца” еўрапейцы і паўночнаамерыканцы? Зноў-такі – якасць, што адпавядае патрабаванням СТБ ІСО 9001, правіць баль. Дадатковым козырам, па словах галоўнага эканаміста завода Таццяны Бушэйка, з’яўляецца і аб’ём фасоўкі нашага казеіну – пад запыт спажыўцоў. Мінулагодні попыт, адпаведна, пастаўка склала 860 тон бялковага прадукту.
Аднак, не казеінам адзіным гандлюе з замежжам Ляхавіцкі малочны. Ёсць іншыя пазіцыі вытворчасці, цікавыя замежнікам. Напрыклад, ляхавіцкае сметанковае масла заслужыла высокую ацэнку ў расіян. Завод, дарэчы, мае асабліва глыбокія традыцыі вы-творчасці гэтага прадукту, асартымент вызначаецца шырокай разнастайнасцю ўтрымання тлушчу: ад 67 да 82 працэнтаў. Карціна ляхавіцкім маслам будзе не поўная, калі не ўзгадаць, што, як нямногія ў краіне, свой прадукт завадчане атрымліваюць шляхам трансфармацыі свежых вяршкоў высокай тлустасці. І ніякіх узмацняльнікаў смаку ці колеру, кансервантаў, інгрэдыентаў расліннага паходжання. Вызначэнне “біяэка- натурпрадукт”, мяркую, дакладнае.
Экспартны вектар завода, адзначыла Таццяна Бушэйка, мацнее пастаянна. Калі замежныя пастаўкі апошняга года вышлі на ўзровень прыкладна 60 працэнтаў агульных аб’ёмаў вытворчасці, то яшчэ пяцігодку таму былі працэнтаў на 20 больш сціплымі. Пры тым, што за пройдзены час экана-мічнага лібералізму на еўрапейскім і іншых рынках больш не стала. Хутчэй наадварот. Ва ўнісон сітуацыі мянялася вытворчая і маркетынгавая лінія прадпрыемства.
Пры ўсёй паспяховасці і выгаднасці работы на экспарт завод памятае пра сацыяльнасць сваёй ролі. Інакш кажучы, замежныя пастаўкі – не ва ўрон задавальненню патрэбнасцяў жыхароў свайго раёна, вобласці, краіны. Кефірна-малочны рад пад гандлёвай маркай “Ляхавічок” у імгненне вока знікае з халадзільных паліц магазінаў горада Брэста, іншых абласных і раённых цэнтраў краіны, карыстаецца ня-зменным попытам у сціплых сельскіх крамах.
З прыкладна дзясятка экспарцёраў раёна да ліку найбольш паспяховых варта аднесці таксама прадпрыемства па вытворчасці свініны ЗТАА “БелДан”, завод па вырабу тарфяных паліўных брыкетаў ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”, спецыялізаванае на вытворчасці электратэхнічнай прадукцыі ТАА “Трансэлектракамплект”.
Згодна прагнозу, у бягучым годзе Ляхавіччына разлічвае на пастаўку за межы краіны тавараў і паслуг на суму не менш за 30 мільёнаў долараў ЗША. Вялікі патэнцыял — у развіцці экспарту паслуг.
Іван КАВАЛЕНКА