Перадпасяўны расклад. Гатоўнасць №1

На гэты час летась на асобных участках яравога палетка ўжо магчыма было назіраць першыя ўсходы. Сёлетняе ж надвор’е істотна адцягнула пачатак веснавых палявых работ. У гэтым адметнасць сезона, яго дадатковыя складанасці. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама звярнулі ўвагу на банальную, аднак, першачаргова важную ісціну: тэрміны пачатку сяўбы не павінны стаць абгрунтаваннем іх магчымаму больш позняму завяршэнню. Калі гаварыць пра раннія збожжавыя і зернебабовыя, рацыянальны варыянт – справіцца з імі за два тыдні. А гэта 7 тысяч пасяўных гектараў. Далей – больш: за раннімі настане час больш цеплалюбівых культур. Усяго – 20300 гектараў. У абрысах іменна такой плошчы размесцяцца ў гэтым годзе яравыя пасевы і пасадкі нашага раёна. Якасна справіцца з такім аб’ёмам работ дазволяць спрадвечныя старанне і самаадданасць у працы вяскоўцаў. Яшчэ – граматная арганізацыя работ, дастатковасць матэрыяльных рэсурсаў, ступень падрыхтоўкі тэхнікі і іншыя вытворчыя і невытворчыя складнікі. Да ліку невытворчых аднясём і факт спрыяльнасці надвор’я, паколькі сельская гаспадарка не можа схавацца за сцены і пад дах памяшканняў.

Пра галоўнае
Гектары, тоны, іншыя лічбавыя, а таксама якасныя вытворчыя характарыстыкі маюць значэнне ў тым выпадку, калі былі «здабыты» не за кошт страты здароўя нейкага з удзельнікаў працэсу. Любая траўма – сур’ёзны брак у рабоце як канкрэтнага выканаўцы, так і шэрага ведамасных і пазаведамасных службаў, адказных за недапушчэнне падобнага. Работу ў гэтым накірунку варта прызнаць цвёрдай гадавой канстантай. Тым не менш, напярэдадні і падчас пасяўной (як і іншых масавых сельгаскампаній) яна актывізуецца і ўзмацняецца. Ужо не першы тыдзень работа раённай мабільнай групы па ахове працы сканцэнтравана на маніторынгу стану АП увогуле і тэхнікі бяспекі ў тым ліку ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна. Мэта, як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, – аказанне гаспадаркам практычнай, метадычнай і любой іншай дапамогі ў пытаннях захавання АП і ТБ. Пад увагай – правільнасць абсталявання тэрыторыі мехдвароў, выкананне нарматыўных патрабаванняў правілаў ТБ у працэсе рамонтаў і абслугоўвання тэхнікі, забяспечанасць механізатараў і іншых катэгорый спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы, наяўнасць медыцынскага агляду ва ўсіх, у каго гэта патрабуецца, і шэраг іншых момантаў.
Заўвагі ўспрымаюцца з разуменнем і абяцаннем іх максімальна хуткага выпраўлення, падкрэсліў Мікалай Бурбуць і дадаў, што маніторынг будзе працягвацца і далей, у тым ліку ў палявых умовах і на прадмет выпраўлення раней выяўленых заўваг.

Тэхнічны агляд
Агляд тэхнікі, што знаходзіцца ва ўладанні аграрыяў і большасць якой з дня на дзень стане ў баразну, пачнём з трактароў. Згодна інфармацыі райсельгасхарчу, у «гаражы» сельгас- і асобных іншых арганізацый, што працуюць на зямлі (ільнозавод, ільнонасенстанцыя), налічваецца 324 трактары. Розных класаў, у тым ліку і 43, магутнасць рухавіка якіх стартуе ад 250 конскіх сіл. Яны асноўны складнік пасяўной эпапеі – працуюць з камбінаванымі глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі. Яшчэ 26 сакавіка дзве адзінкі трактароў гэтай групы знаходзіліся ў няспраўным стане. Матор аднаго з «ДжонДзіраў» ААТ «Шлях новы» быў на рамонце ў спецыялізаваным сэрвісе. За мінулы тыдзень пытанне вырашана. А вось у Ляхавіцкім райаграсэрвісе з пяці наяўных энерганасычаных трактароў у стан палявой гатоўнасці зараз прыведзена пакуль чатыры: пяты працягвае знаходзіцца ў руках рамонтнікаў.
Тыя з трактароў, што адпрацавалі чарговы міжсэрвісны перыяд, да пачатку веснавых работ прайшлі планавае тэхнічнае абслугоўванне. З пачатку года на мэты ТА (аплата кошту работ, набыццё фільтраў і змазачных матэрыялаў) з раённага бюджэту выдаткавана 20 тысяч рублёў.
Для праверкі гатоўнасці сельгастэхнікі да веснавых палявых работ 26 сакавіка ў раёне працаваў прадстаўнік Мінсельгасхарчу. Камісійна, разам са спецыялістамі райсельгасхарчу былі наведаны 6 нашых аграарганізацый. У трох з іх – ААТ «Жарабковічы», ДП «Нача» і СВК «Ляхавіцкі» – камісія адзначыла 100-працэнтную гатоўнасць тэхнікі да вядзення веснавых палявых работ. У «Шляху новым», КСУП «Востраў-Агра» і «Ліпнянка» сітуацыя адрозніваецца ў горшы бок. Акрамя «ДжонДзіра», на які была ўжо спасылка, на момант праверкі ў «Шляху новым» працягвалі рамантаваць два з шасці сваіх камбінаваных глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў. Над агрэгатамі працягвалі працаваць таксама рамонтнікі «Ліпнянкі» і «Вострава-Агра».
Як адзначыў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Міхаіл Новік, ашчаднасць, дакладная паўната і высокая якасць падрыхтоўкі да вядзення веснавых палявых работ важна яшчэ і з пункту гледжання даволі высокай зношанасці тэхнікі. Практычна нічога новага: палявы «стаж» асноўных механізмаў, машын, агрэгатаў складае пяць і больш гадоў. Да таго ж, у падобнай сітуацыі важным з’яўляецца і факт наяўнасці ў гаспадарках фонду расходных матэрыялаў і найбольш схільных да паломкі запасных частак. Каб мець неабходнае калі не пад рукой, то ў межах уласнага склада, умоўна кажучы.

Работа  да сёмага поту
Існуе нямала эпітэтаў, якія вельмі слушна, дакладна і вобразна характарызуюць работу ў полі. У тым ліку веснавым, якое ніяк не даруе вольнасцяў з працоўным часам. Некаторыя з сельгаспрадпрыемстваў раёна маюць намер падвоіць адпушчаны на яравую кампанію час. Працаваць на сяўбе ў дзве змены запланавалі чатыры гаспадаркі раёна. У «Жарабковічах» тры пасяўныя агрэгаты ў складзе двух «ДжонДзіраў» і МТЗ-3022 укамплектаваны двума механізатарамі. У «Шляху новым» двухзменны рэжым работы запланаваны для двух занятых на сяўбе трактароў, у «Ляхавіцкім» – як у «Шляху новым», у райаграсэрвісе двухзменка «свеціць» «ДжонДзіру» ў пасяўной агрэгацыі.
Аб тым, што экіпажы ў складзе двух механізатараў на трактар сфарміраваны, сведчыць адпаведны пайменны план-графік.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *