Малочны «Цэнтр». У ДП «Нача» Ляхавіцкага раёна летась надаілі 6672 кілаграмы малака ад кожнай каровы
Палова чацвёртай гадзіны ночы. А ў Начы ў доме Вайцешыкаў, які сям’я атрымала ад гаспадаркі, ужо гарыць святло. Гаспадыня ціхенька, каб не разбудзіць дзяцей, збіраецца на работу. Такі расклад у яе вось ужо восем гадоў, з таго часу, як вырашыла прафесію паштальёна змяніць на іншую. Сёння Марына Вайцешык – адна з лепшых аператараў машыннага даення ў дзяржаўным прадпрыемстве «Нача». Як і іншыя тутэйшыя работнікі, штораніцу яна спяшаецца на малочнатаварную ферму «Цэнтр», каб у пяць гадзін пачаць першую дойку.
У кожным памяшканні выключны парадак. Чысціня тут у пашане, дастаткова толькі паглядзець на жывёлу: кожная з 639 кароў дойнага статка (усяго ў ДП больш за 2000 галоў БРЖ) – дагледжаная, мае сваё «месца пражывання». Гноевыдаленне, раздача кармоў і, канешне, даенне – тут даўно аўтаматызаваныя.
За паўгадзіны да дойкі даярка атрымлівае канцэнтраты і корміць жывёлу. Падсілкаваўшыся, рагулі гатовы падзяліцца малаком.
– Раней мылі вымя каровы, цяпер праводзім купіроўку – апрацоўваем спецыяльнымі рэчывамі, выціраем насуха аднаразовымі сурвэткамі, і толькі тады ў ход ідзе даільны апарат. Пасля зноў гігіенічныя працэдуры, каб не дапусціць распаўсюджвання бактэрый, – расказвае Валянціна Шаўчук. Летась ад кожнай каровы яна атрымала 7173 кілаграмы малака.
– Прывітанне, мая харошая. Стой, міленькая, – такі падыход да кожнай падапечнай рагулі перад дойкай у аператара Надзеі Жалнярэвіч.
– Каровы вельмі адчуваюць настрой.Таму стараюся, каб ён заўжды быў пазітыўны, – сцвярджае Надзея. – Трэба любіць сваю работу, ставіцца да яе адказна, тады ўсё атрымаецца. А заробак залежыць ад зробленага, штогод павялічваецца. Умовы працы, як бачыце, выдатныя. Гэта можа пацвердзіць і яе муж Віктар, ён жывёлавод у «Цэнтры».
Надзея Жалнярэвіч падменная на раздоі ў Наталлі Дараневіч. Менавіта Наталля Валер’еўна па выніках мінулага года ў перадавіках. На адну карову яна надаіла 7338 кілаграмаў малака.
Каля кожнай каровы прымацавана індывідуальная картка – своеасаблівы пашпарт жывёлы, дзе ўказаны даты нараджэння і расцёлу, сярэдні надой, колькасць кармоў-канцэнтратаў, неабходных для аднаго кармлення, іншыя даныя. Напрыклад, чорна-белая прыгажуня Жмурка з’явілася на свет у 2011 годзе, атрымала парадкавы нумар 20067, ацялілася 11 верасня 2017 года, за раз дае 23 кілаграмы малака…
А якія імёны ў тутэйшых рагуль! Аніта, Алівія, Анабэль, Каліна, Беласнежка, Галуба… Падбіраюцца яны ў спецыяльным каталозе.
Амаль пра кожнага работніка фермы можна сказаць – прафесіянал сваёй справы. Па выніках мінулага года прозвішчы аператара машыннага даення Людмілы Бубен, загадчыцы фермы Людмілы Чарапавіцкай, жывёлавода Святланы Кендыш, тэхніка па штучным асемяненні жывёлы Генадзія Манько занесены на дошку гонару «Начы». Валянціна Шостак стала другой у абласным прафесійным конкурсе сярод аператараў машыннага даення на групе кароў удойнасцю 5000-6000 кілаграмаў малака. У намінацыі сярод аператараў па штучным асемяненні ўзнагароду атрымаў Генадзій Манько.
Пасля заканчэння дойкі на галоўныя ролі выходзяць жывёлаводы-даглядчыкі: мыюць, чысцяць, прыбіраюць стойлы, клапоцяцца пра цялят, наводзяць парадак на кармавых сталах – усё павінна адпавядаць санітарным патрабаванням, толькі тады малако будзе належнай якасці.
Адзін з лепшых жывёлаводаў у гаспадарцы Міхаіл Шостак, ён у адказе за цялят ва ўзросце ад аднаго да трох месяцаў. Выдатны работнік – адказны, працавіты, дысцыплінаваны – характарызуе Шостака Людміла Чарапавіцкая. Такія ж словы гучаць у адрас Людмілы Алай, Святланы Кендыш. Адменна спраўляюцца са сваімі абавязкамі раздатчык кармоў на пагрузчыку Юрый Ксёнжык, раздатчыкі Сяргей Кісель і Віктар Валчок.
Першая змена для аператараў завершана, а рабочы дзень галоўнага ветурача Галіны Базыльчык, ветурача Людмілы Голя толькі пачынаецца. Дарэчы, абедзве – выпускніцы аддзялення ветэрынарнай медыцыны Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, іх сем’і атрымалі ад гаспадаркі жыллё. Муж Галіны працуе слесарам па рамонце абсталявання, Людмілы – трактарыстам.
Менавіта спецыялісты ветэрынарнай службы сочаць за здароўем тутэйшых «жыльцоў»: кароў, цялят, бычкоў. Своечасовае правядзенне вакцынацыі –
таксама іх справа. А яшчэ па неабходнасці зробяць рагулям манікюр – абрэжуць капыты.
Галіна Базыльчык упэўнена, што адказны догляд і своечасовыя ветпрацэдуры дазволяць захаваць кароў здаровымі і, адпаведна, затраціць менш сродкаў на лячэнне.
– У «Цэнтры» на розных участках задзейнічаны 49 чалавек. Гэта самае вялікае падраздзяленне нашага прадпрыемства. І за апошнія гады тут сапраўды склалася каманда, намаганні якой скіраваны на адну мэту – павелічэнне прадукцыйнасці працы пры высокай якасці сырадою. У такой арганізацыі заслуга загадчыцы фермы Людмілы Чарапавіцкай. Валавы надой малака за 2017 год на ферме перавысіў пазалеташні паказчык на 126 тон. На 22 працэнты сыравіны больш прададзена на малочны завод гатункам экстра, –
расказвае намеснік дырэктара Галіна Рамейка.
Галіна Мікалаеўна – адзін са старажылаў «Начы», працуе тут 40 гадоў. Адзначае, што малочная вытворчасць дае плён, у многім дзякуючы добра падрыхтаванай кармавой базе. І пераканана, што сярэднегадавы надой на адну карову больш за 8000 кілаграмаў рэальная задача.
алако – асноўная крыніца даходаў «Начы». На кожнай тоне гэтай сыравіны гаспадарка мае 235 рублёў прыбытку. Рэнтабельнасць вытворчасці малака – 48 працэнтаў. Але, разважае дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк (ён, дарэчы, бывае ў «Цэнтры» амаль штодзённа), літаральна ўсе іншыя падраздзяленні працуюць на гэта. Своечасова пасеяць, нарыхтаваць неабходную кармавую базу, паклапаціцца пра здароўе жывёлы, прафілактыку хвароб, правесці рэканструкцыю і рамонт памяшканняў (у «Начы» гэта робіцца ўласнымі сіламі і за ўласныя сродкі) – без гэтых складнікаў высокіх надояў не дасягнуць.
9.00. Дойка завершана. Але ранішняя рабочая вахта ў жывёлаводаў прадаўжаецца. Людміла Чарапавіцкая ўважліва аглядае памяшканні, правярае, ці ўсюды парадак.
– Паглядзіце, якія ў нас умовы для працаўнікоў: у кожнага свая шафа для захоўвання адзення, ёсць утульны пакой для адпачынку, дзе можна папіць чаю, побач душавая, санвузел і пральная машына, – выступае ў якасці экскурсавода загадчыца МТФ.
На інфармацыйным стэндзе «Цэнтра» ёсць месца і для дошкі гонару. На ёй – прозвішчы лепшых аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, якія дасягнулі найбольшых сярэднясутачных прываг цялят.
І калі на ферме адносная цішыня (каровы адпачываюць, аператары і даглядчыкі раз’ехаліся па дамах), то на тэрыторыі вакол «Цэнтра» работа кіпіць. Добраўпарадкуецца тэрыторыя – у Год малой радзімы на гэта ўвага асаблівая. Хаця, трэба заўважыць, у «Начы» такі парадак заведзены даўно.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.