Як маэстра Цітовіч ганаровым калгаснікам стаў

Ці паветра тут асаблівае, ці зямля, але спрадвеку Падлессе славілася галасістымі спевакамі. Менавіта  тут у 1936 годзе падчас адной з фальклорных вандровак малады Генадзь Цітовіч уразіўся песеннасцю мясцовага люду. А праз тры гады  на Баранавіцкае радыё да яго запісаць песні ў сваім выкананні прыйшлі  падляшанкі — сёстры Вольга і Вера Федчыкі. І, па сутнасці, з гэтага імгнення можна весці гаворку пра пачатак біяграфіі хору вёскі Вялікае Падлессе.

…Збіраліся на спеўкі, дабаўлялася ўдзельнікаў калектыву. Як жа, па ўспамінах старажылаў, непаўторна, шматгалоса, чыста, ва ўсю моц прыгажосці гучалі старадаўнія народныя песні і тыя, што прыдумвалі самі. Улюбёны ў фальклор Цітовіч знайшоў такіх жа апантаных, таленавітых аднадумцаў. І паняслося. Запіс на Баранавіцкім радыё, выступленне на ляхавіцкай сцэне, першае месца ў лютым 1940-га ў абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці, паездка ў складзе дэлегацыі на Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскву, выступленне на сцэне Вялікага тэатра, запрашэнне на ўрадавы прыём у Крамлі, ашаламляльны поспех, з якім тут сустрэлі створаную ў хоры песню «Нам прыслала Масква падкрэпленіе»… Ім апладзіраваў сам Сталін.

Генадзь Цітовіч  не памыліўся, калі стварыў і  творча развіваў гэты, непадобны на іншыя, калектыў. Прозвішчы яго першых   удзельнікаў, у тым ліку Ганны Шавель, На-дзеі Ганчарык, Надзеі Праневіч, Васіля Пятуха, Таццяны Карповіч, Валянціны Жук, Валянціны Праневіч і іншых і сёння з павагай называюць у вёсцы. І з самым шчырым захапленнем, пакланеннем, пашанай гавораць пра самога Генадзя Цітовіча. Яго біяграфія і гісторыя Падлескага хору непарыўна звязаны. І сюжэт гэты слаўны. Праз яго прайшла і вайна. Цытую кнігу «Памяць. Ляхавіцкі раён»: «Вера Федчык успамінала: «За нашы песні ледзь вёску не спалілі паліцаі фашысцкія і людзей колькі добрых пазабівалі. Нехта данёс фашыстам на наш хор, яны і прыпёрліся ў вёску. «У Маскву да бальшавікоў у госці ездзілі, — крычаць. — У Крамлі камуністам спявалі? Дзе баян, што яны вам падарылі?» А мы баян схавалі, стаім, маўчым… Дзядзьку Васіля Пятуха забралі, а з ім Сцяпана Таранду, Фёдара Баўтрукевіча, Уладзіміра Кумейшу… Катавалі іх так, што нават успомніць страшна, а там і пазабівалі  па адным».

Пасля вызвалення Ляхавіцкага раёна ад фашысцкіх акупантаў хор быў адразу ж адноўлены, пачаліся рэпетыцыі і выступленні, у тым ліку ў прыфрантавых шпіталях, дзе раненыя, па ўспамінах, гаварылі, што пад песні падляшан сціхаў іх боль.

«Ой, рэчанька, рэчанька», «Зацвілі садочкі», «Партызанскія прыпеўкі», «Песня пра партызанку Галіну» — гэта з іх рэпертуару.

9 мая 1945-га года спявалі ў Баранавічах на аглядзе, потым у Мінску, і заслужылі права зноў прадставіць самадзейнае мастац-тва Беларусі ў Маскве.  Восенню 1947-га выступалі на сцэнах Маскоўскай кансерваторыі, Канцэртнай залы імя Чайкоўскага і г.д. Дзецішча Генадзя Цітовіча  — Падлескі хор — пазнаёміўся і пасябраваў з хорам імя Пятніцкага. Дарэчы, калі ў 1965 годзе нашаму калектыву прысвоілі званне народнага, хор Пятніцкага віншаваў яго непасрэдна ў Падлессі.

А Генадзь Цітовіч не стамляўся зана-    тоўваць лепшыя народныя песні, запас якіх, здавалася, тут бясконцы.

У 1949-м Генадзю Іванавічу як кіраўніку Падлескага хору было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Менавіта тут, у Падлессі, разам з любімым творчым калектывам, які ў 1945-1946 гадах нават уваходзіў у склад Беларускай філармоніі, ён прафесіянальна рос і сталеў. Цітовіч выдатна справіўся з яшчэ адной складанай, пачэснай і вельмі адказнай задачай: стварыў Дзяржаўны народны хор БССР. Сцвярджаў, што «асновай стылю і рэпертуару Дзяржаўнага народнага хору БССР стала творчасць спевакоў Вялікага Падлесся, хоць адтуль у хор прыйшло толькі тры чалавекі. Я хацеў узяць, напрыклад, тэнараў Пране-віча, Махнача, многіх іншых, але іх трымалі сем’і, гаспадаркі. Ды і цяжка было людзям мяняць карэнны лад жыцця. У кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён» ёсць такія радкі: «Але і пасля пераезду ў Мінск, да апошніх дзён жыцця  Г. І. Цітовіч прадаўжаў заставацца апекуном, дарадчыкам калектыву, частым госцем у Вялікім Падлессі».

Потым калектыў узначаліў і шмат гадоў кіраваў ім Міхаіл Жук. Абнаўляўся састаў, разам са старэйшымі спявала моладзь, прыйшлі салісткамі Ніна Буцько і Галіна Мазюк. У Падлескім хоры ёсць сённяшні дзень і перспектыва: і сам калектыў, і тутэйшая «Падляшаначка», і нават «Падляшаняткі» —  дастойны працяг здзейсненай мары-справы Цітовіча.

Між палёў шырокіх, на краю Палесся,

У садах красуе вёсачка Падлессе, —

так пачынаецца песня «Вёсачка Падлессе», якую Генадзь Іванавіч напісаў для гэтага хору. Ён любіў калектыў надзвычайна, і любоў гэта была ўзаемнай. Як сведчанне — факт:  32 гады таму, якраз 23 сакавіка, тагачасны старшыня калгаса імя Леніна Валянцін Сапун агучыў рашэнне праўлення: народнаму артысту СССР Генадзю Цітовічу было прысвоена званне ганаровага калгасніка. Генадзь Іванавіч, успамінаюць у Падлессі,   шчыра прызнаваўся, што гэта самая ганаровая ўзнагарода ў яго жыцці…

Шчаслівая данасць: жыццё масцітага, прызнанага, тытулаванага дзеяча нацыянальнай культуры, чыя творчасць расцвіла і праявілася самым высокапробным мастацтвам, звязана з Ляхавіччынай і яе цудоўным куточкам — вёскай Падлессе. У райцэнтры, дарэчы, адна з вуліц носіць імя Генадзя Цітовіча.

Вольга БАРАДЗІНА.

Р.S. Цікавымі ўспамінамі пра Генадзя Іванавіча падзяліўся наш зямляк, падляшанін па месцы нараджэння, які працаваў выкладчыкам у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, выдатны знаўца гісторыі і проста нераўнадушны чалавек Іван Пятух.

Ён прывёў выказванне стваральніка хору, які прызнаваўся, што «Генка Цітовіч нарадзіўся на Палессі, а Генадзем Іванавічам стаў у Падлессі».

Па словах Івана Фёдаравіча, аднойчы адбылася такая гісторыя. Нейк зімою  Цітовіч  дабіраўся ў Падлессе з Ляхавіч. Ішоў пеша, але яго дагнала машына — у вёску вярталіся калгаснікі, якія здавалі лён. У кабіне разам з вадзіцелем ехалі дзве жанчыны, якія прапанавалі Генадзю Іванавічу заняць іх месца. Той не згадзіўся і залез у кузаў. Машыну кінула — было  слізка і сумёты высачэзныя. Выраўняліся і паехалі далей. І ўжо на месцы ўбачылі, што… згубілі дарагога пасажыра.  Усё абышлося, хіба што смеху хапіла з лішкам.

Чалавек з тонкім пачуццём гумару, Іван Пятух ахвотна ўспамінае яшчэ адну гісторыю, пачутую ад Цітовіча. Нібы той з Шырмай у фальклорнай экспедыцыі плылі па Прыпяці. Заначавалі  ў вёсцы, а раніцай гаспадыня частавала іх сняданкам. Канешне ж, аладкамі. Генадзь Іванавіч быццам бы расказваў, маўляў, бяру аладку, скручваю яе ў «свіное вуха» і ем.  А Шырма з нажом і відэльцам стараецца. Зрэшты надакучыла яму і працягваў сняданак па прыкладу Цітовіча — аказалася, значна смачней…

Падобных сюжэтаў Іван Фёдаравіч памятае нямала. Спадзяюся, што нашы чытачы даведаюцца пра іх.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *