«Фасіліса» выбрала міні. Прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага завода адзначана гран-пры конкурсу «Прадукт года»
Запатрабаваную прадукцыю выпускае Ляхавіцкі кансервавы завод. Устойлівы спажывецкі попыт на яе ў розных рэгіёнах Беларусі – важкі аргумент
на карысць такога меркавання, якое пацвярджаецца іншымі акалічнасцямі. Напрыклад, «крыштальны яблык» з аднайменнага рэспубліканскага конкурсу, які праводзіць навукова-практычны цэнтр па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, два гады запар дастаецца ляхавіцкім кансерваўшчыкам.
Летась упершыню паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе спажывецкіх пераваг «Прадукт года», па выніках якога ўдастоены дыплома ІІІ ступені ў харчовай намінацыі ў катэгорыі «кансервы плодаагароднінныя» за лінейку «Ляхавіцкае задавальненне».
А сёлета 28 сакавіка ў Мінску на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў ХІХ конкурсу спажывецкіх пераваг спецыяльная прэмія «Прадукт года-2017» – Гран-пры ў намінацыі «харчовыя тавары» – уручана ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» за соус таматны, салаты, сокі.
Гэты конкурс нездарма называюць народным, бо лепшыя маркі выбірае насельніцтва: галасуе 1000 чалавек з паўсотні гарадоў краіны.
– Удзел у такім прэстыжным конкурсе, а перамога тым больш – выдатная магчымасць папулярызацыі сваёй прадукцыі не толькі на айчынным спажывецкім рынку, але і за межамі краіны. Таму, канешне, рады такому выніку. А лагатып «Прадукт года», які цяпер будзе размяшчацца на этыкетках, – своеасаблівы знак якасці, які, спадзяёмся, паўплывае на павелічэнне аб’ёмаў продажу тавару і дапаможа пакупнікам беспамылкова арыентавацца ў выбары якаснай прадукцыі, – зазначае дырэктар завода Сафія Болтуць.
На сённяшні дзень заводскі асартымент – 100 найменняў прадукцыі: першыя абедзенныя стравы, соусы, гарніры, сокі, нектары, варэнне і г.д. А завадчане і не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Зараз вядзецца распрацоўка навінак. Ужо ўбачылі свет пробныя партыі салату «Фасіліса» (фасоля з капустай), «Смачняшка» (фасоля з агароднінай) у міні-ўпакоўцы па 280 грамаў. Дарэчы, «Фасіліса» распрацавана выключна па мясцовай заводскай рэцэптуры. Чарнаплодную рабіну ў яблычным соку ляхавіцкія перапрацоўшчыкі будуць выпускаць па рэцэпце, які падарыў інстытут плодаагароднінаводства – з ім у прадпрыемства даўно наладжаны цесныя кантакты.
Амаль пустыя складскія памяшканні – таксама сведчанне запатрабаванасці прадукцыі ляхавіцкіх перапрацоўшчыкаў. Напрыклад, кансерваваныя агуркі (200 тысяч трохлітровых слоікаў) разышліся, як гаворыцца, на ўра. Хітом сезона сталі карнішоны, расфасаваныя ў маленькія слоікі.
Нязменна карыстаецца попытам і бярозавік, які сёлета тут плануюць рабіць па новых рэцэптах.
Між іншым, на цану гатовай прадукцыі ўплывае наяўнасць уласнай падсобнай гаспадаркі. На 170 гектарах завадчане вырошчваюць зяленіва, кабачкі, цыбулю, моркву, буракі, што дае магчымасць патаннення сабекошту прадукцыі.
Галіна КАНЬКО.