Без талончыка. Платныя паслугі прапануюць многія медустановы, у тым ліку і Ляхавіцкая ЦРБ

Бясплатнасць і даступнасць медыцыны гарантуюцца Канстытуцыяй. Але бясплатная для насельніцтва яна абыходзіцца дзяржбюджэту ў важкія фінансавыя затраты. Часцей за ўсё людзі пра гэта не задумваюцца. Калі трэба трапіць на прыём да ўрача, дастаткова ўзяць талончык і дачакацца сваёй чаргі. Але бываюць і такія сітуацыі, калі чалавек хоча абследавацца без паказанняў – звышпланава, па-за чаргой і г.д. У такім выпадку можна скарыстацца платнымі паслугамі. Іх прапануюць многія медустановы, у тым ліку і Ляхавіцкая ЦРБ. І няхай даход ад такіх паслуг у нашай райбальніцы складае ўсяго каля 5 працэнтаў тых сумаў, што ў бюджэце прадугледжаны на ахову здароўя, але і ён накіроўваецца на развіццё аховы здароўя – набыццё неабходных матэрыялаў і абсталявання, павышэнне заработнай платы медперсаналу.

Наколькі запатрабаваны платныя медыцынскія паслугі ў ляхавічан, што ў гэтым плане сёння прапаноўвае райбальніца і пра многае іншае – у размове з галоўным урачом Ляхавіцкай ЦРБ Георгіем ХЛЯБОВІЧАМ, які сцвярджае:
– Меддапамога грамадзяніну краіны заўсёды будзе аказана поўная і прафесійная. Справа ў іншым: пэўны плюс платных паслуг у эканоміі асабістага часу. Па-за чаргой можна зрабіць, напрыклад, эндаскапічную дыягностыку страўніка, прайсці іншыя дыягнастычныя даследаванні. Пералік паслуг, што прапаноўвае наша райбальніца, усяго на 15-20 працэнтаў меншы, чым у медустановах буйных гарадоў, а аснашчанасць сучасным медабсталяваннем, кваліфікацыя ўрачоў высокая. Мы гатовы выканаць усё на месцы, у поўным аб’ёме і высокакваліфікавана.

Загадчык аддзялення ўльтрагукавой дыягностыкі Аляксандр Літвіненка — вопытны прафесіянал

– Якія платныя медыцынскія паслугі самыя запатрабаваныя?
– Увогуле, наша бальніца аказвае паслугі па 17 накірунках: стаматалагічныя, эндаскапічная і ультрагукавая дыягностыка, рэнтгеналагічныя, акушэрскія і гінекалагічныя, оталарынгалагічныя, афтальмалагічныя і іншыя абследаванні, фізіятэрапеўтычныя працэдуры. Самыя запатрабаваныя –дыягнастычныя метады абследавання ўсіх унутраных органаў, сасудаў,
шчытападобнай і малочнай залозаў. Кошт працэдур – ад 3,19 да 15,90 рубля. Не менш запатрабаванае і дыягнастычнае эндаскапічнае абследаванне стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі, тоўстага кішэчніка. Нядаўна ляхавіцкія медыкі пачалі рабіць калонаскапію пад наркозам, што дазваляе бязбольна і, адпаведна, больш поўна правесці абследаванне.

Эндаскапічнае абследаванне праводзяць загадчык эндаскапічнага кабінета Павел Тупальскі і медсястра Ала Леваш

– Ці карыстаюцца попытам платныя стаматалагічныя паслугі ад райбальніцы?
– Безумоўна. Больш таго, за стаматалагічнай дапамогай у ЦРБ прыязджаюць не толькі ляхавічане, але жыхары суседніх раёнаў. Прыцягвае і кошт, і якасць лячэння. Нашы стаматолагі пастаянна павышаюць узровень прафесійных ведаў і навыкаў, удзельнічаюць у міжнародных трэнінгах, укараняюць новыя метады абследавання і лячэння. Напрыклад, адзін з урачоў пры лячэнні выкарыстоўвае відэакамеру – увесь працэс цяпер і на экране.
Сярод стаматалагічных паслуг запатрабавана зубное пратэзаванне.

– А што наконт фізіяпрацэдур?
– У нашым аддзяленні фізіятэрапіі самы шырокі спектр паслуг, выдатны эфект ад іх прымянення, прафесійныя работнікі. Тут вам прапануюць масаж (пры адсутнасці медыцынскіх паказанняў) – ад 0,99 да 3,96 рубля за сеанс, падводны душ-масаж, душ Шарко (3 і 1,5 рубля адпаведна). Запатрабаваны электрафарэз пастаянным, імпульсным токамі, электрасон, магнітатэрапія, лекавыя і ультрагукавыя інгаляцыі, гальванізацыя. Зразумела, гэта далёка не ўвесь пералік паслуг.
На ўсе фізіяпрацэдуры можна трапіць па папярэднім запісе з 8.00 да 20.00 у рабочыя дні і да 15.00 у суботу (у нядзелю – выхадны). Пагадзіцеся, розныя варыянты аздараўлення ў крокавай даступнасці дазваляюць зняць напружанне, адпачыць, падмацаваць арганізм: няма неабходнасці ехаць у санаторыі.

Лячэбная працэдура ад медсястры па масажы Вольгі Войцік

– Георгій Яўгеньевіч, якія новыя віды платных паслуг з’явіліся ў райбальніцы?
– Сярод нядаўна ўкаранёных – псіхалагічная дыягностыка пры праходжанні вадзіцельскай камісіі (па накіраванні нарколага), паслугі псіхатэрапіі дарослым, дзецям, усёй сям’і.
Здараюцца сітуацыі, калі вадзіцель не згодны з вынікамі агляду на факт ужывання алкаголю, наркатычных і таксічных рэчываў. У такім выпадку можна на платнай аснове зрабіць у райбальніцы паўторны аналіз. Кошт пытання – 15,28 рубля. Паслугай вывядзення з запою (ад 70 да 100 рублёў) можна скарыстацца і на ананімных умовах (без пастаноўкі на наркалагічны ўлік).

Ванну для чарговага пацыента рыхтуемедсястра па фізіятэрапіі Лілія Хлапянік

– Георгій Яўгеньевіч, а наколькі «пад’ёмная» цана пытання?
– Цэны, без сумненняў, можна назваць дэмакратычнымі. Ні адна паслуга не каштуе даражэй, чым у суседзяў, некаторыя ў нас больш танныя. Напрыклад, УГД-абследаванне органаў малога таза ў цяжарных у Ляхавіцкай райбальніцы каштуе каля
6 рублёў, а УГД сэрца – ад 14 рублёў. Параўнаць з прайс-лістом ад іншых можа кожны.

– Дзе можна знайсці больш падрабязную інфармацыю пра платныя паслугі райбальніцы?
– Пералік медыцынскіх платных паслуг пастаянна пашыраецца. На сайце Ляхавіцкай ЦРБ www.lcrb.by ёсць асобная старонка з актуальнай інфармацыяй пра платныя паслугі і іх кошт. Парадак атрымання паслуг можна ўдакладніць і па тэлефонах 2-20-11, 2-34-51 або звярнуцца да свайго ўчастковага ўрача ці медсястры. Нашы спецыялісты не толькі раскажуць пра магчымасці, але і падбяруць зручны для вас час.
Гутарыла Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

ФАКТЫ

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што здароўе чалавека на 50 працэнтаў залежыць ад ладу яго жыцця, на 20 працэнтаў – ад умоў навакольнага асяроддзя, на столькі ж працэнтаў – ад яго генетычнага кода (спадчыннасці) і толькі на 10 – ад якасці медыцынскага абслугоўвання.

Запатрабаваныя ў пацыентаў лабараторныя даследаванні на сучасных аналізатарах, з дапамогай якіх вызначаецца канцэнтрацыя тырэатропнага гармону, прастат-спецыфічнага і ракава-эмбрыянальнага антыгенаў. Кошт паслугі – ад 2,99 да 3,85 рубля. Такія даследаванні дазваляюць выявіць анкалагічныя захворванні на ранніх стадыях.

Сярод платных прапаноў – палаты павышанай камфортнасці ў стацыянары хірургічнага, тэрапеўтычнага і неўралагічнага аддзяленняў (ад 7,1 да 7,5 рубля за суткі).

Калі ў пацыента няма часу чакаць прыёму ўрача па талончыку, без чаргі на платнай аснове можна атрымаць кансультацыю практычна ўсіх спецыялістаў (ад 6,64 да 11,1 рубля).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *