Для ўсіх! 7 красавіка — Сусветны дзень здароўя
Здароўе з’яўляецца станам поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасцю хвароб і фізічных дэфектаў. Гэта азначэнне прынята Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў 1948 годзе, і з тых часоў не мянялася.
Сёлета тэма Сусветнага дня здароўя, які адзначаецца 7 красавіка, – усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя: для ўсіх і ўсюды. Дзень праходзіць пад лозунгам «Здароўе для ўсіх».
У нашай краіне накірункі дзяржаўнай палітыкі ў галіне здароўя насельніцтва вызначаны законам «Аб ахове здароўя». Рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады, якой прадугледжваецца стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва з ахопам усіх этапаў жыцця, шырокай інфармаванасці пра фактары рызыкі, якія пагражаюць здароўю, прапаганды здаровага ладу жыцця, фармі-равання ў насельніцтва самааберагальных паводзін, развіцця і ўмацавання сямейных каштоўнасцяў, павелічэння працягласці жыцця, павышэння якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя і г.д.
Па многіх пазіцыях, якія характарызуюць медыка-дэмаграфічны стан краіны, такіх, як якасць аказання медыцынскай дапамогі, паказчыкі здароўя насельніцтва, Беларусь займае лідзіруючае становішча сярод краін СНД і карыстаецца заслужанай павагай сусветнай медыцынскай супольнасці.
Што ж азначае ўсеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя? Гэта значыць, што кожны чалавек можа атрымаць доступ да важнейшых медыцынскіх паслуг (мінімальны пакет медыцынскіх паслуг). Аднак, гэта не азначае свабодны ахоп усімі магчымымі ўмяшальніцтвамі ў галіне аховы здароўя, незалежна ад іх кошту, паколькі ні адна краіна свету не можа прадастаўляць усе медыцынскія паслугі бясплатна.
Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя – гэта не толькі медыцынская дапамога для некаторых асоб, але і паслугі для ўсяго насельніцтва, такія, як кампаніі вакцынацыі, прафілактычныя праекты, павышэнне інфармаванасці насельніцтва, лекавае забеспячэнне і г.д.
Кожны павінен разумець, што для дасягнення пастаўленых мэтаў у захаванні здароўя недастаткова намаганняў толькі дзяржавы. Лад жыцця чалавека з’яўляецца асноўным сярод іншых фактараў, якія ўплываюць на захаванне і ўмацаванне здароўя.
Інфаграфіка БЕЛТА.