Рабочая акцыя акцыянернага таварыства
Пра тое, што вытворча-эканамічны ўраджай гаспадаркі ў 2018 годзе можа і павінен быць больш высокім, чым летась, падчас агульнага сходу акцыянераў таварыства гучала неаднойчы. У фармаце ААТ «Шлях новы» працуе некалькі больш года і з’яўляецца адным з буйнейшых сельскагас-падарчых прадпрыемстваў раёна. З больш як 10 200 гектараў сельгасугоддзяў 6 716 выкарыстоўваюцца ў якасці ворыва.
Справаздачу аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за 2017 год і асноўных накірунках работы таварыства ў 2018 годзе трымаў дырэктар прадпрыемства Руслан Сцепаненка. На пасадзе ён нядаўна, ды і чалавек у «Шляху новым» новы. Упор у справаздачы быў зроблены на эканоміку ў лічбах.
Зерневыя палеткі гаспадаркі аказаліся летась менш важкімі, чым годам раней. Сярэдні гектар скінуў у вазе каля 20 працэнтаў, прыкладна у такой жа прапорцыі знізіўся і валавы збор зерня, які ў вазе пасля дапрацоўкі склаў 10 334 тоны. Безумоўна, гаспадарка ведала і істотна больш «хлебныя» гады.
«Шлях новы» ўваходзіць у «пул» з трох гаспадарак раёна, якія займаюцца вытворчасцю цукровых буракоў. Летась з кожнага гектара навасёлкаўскія буракаводы сабралі па 470 цэнтнераў караняплодаў. Такім чынам, аналагічная пазалеташняя лічба была перавышана на 135 цэнтнераў. Высокі валавы збор салодкага кораня, яго добрыя якасныя характарыстыкі не засталіся не заўважанымі. За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці цукровых буракоў у 2017 годзе Ляхавіцкі раённы выканаўчы камітэт узнагародзіў ААТ «Шлях новы» пераходным Ганаровым сцягам. Узнагароджанне правёў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Камінскі непасрэдна на агульным сходзе акцыянераў таварыства.
Значна больш ураджайнымі, у параўнанні з папярэднім сезонам, аказаліся па выніку рапсавыя палеткі, нязначна больш у пераразліку на цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву травяністых кармоў.
Аднак, па большасці асноўных вытворча-эканамічных характарыстык жывёлагадоўля спрацавала ў мінус у параўнанні з 2016-ым. Недабор зерня паўплываў і на жывёлагадоўлю, адзначыў у гэтай сувязі дакладчык. Удой на карову зменшыўся амаль на два цэнтнеры і склаў у сярэднім 4440 кілаграмаў. Калі гаварыць пра якасць малака, то і тут «Шляху новаму» ёсць куды расці. У справаздачным годзе максімальна высокім гатункам гаспадарка прадала нязначна больш за 44 працэнты ад агульнага аб’ёму надоенага. Пры тым, што прыкладна кожны пяты кілаграм «гандлюецца» першым гатункам. Гэта хоць і не брак, аднак, за такую прадукцыю перапрацоўка плаціць адчувальна менш, чым у выпадку з экстрай. А іменна жывёлагадоўлю дырэктар назваў прыярытэтнай галіной вытворчай структуры акцыянернага таварыства, асноўнай і самай надзейнай крыніцай паступлення грошай. Чытай – дабрабыту работнікаў гаспадаркі.
У бліжэйшых планах «Шляху новага», канешне, якасна выканаць і своечасова завяршыць комплекс веснавых палявых работ. Яны ўжо вядуцца і з кожнай наступнай гадзінай усё больш актыўна. Разлік на варты ўраджай яравых і азімых, зерневых і зернебабовых, рапсу, цукровых буракоў, траў і іншых кармавых культур і гэтак далей. Стаіць задача падняць прывагі жывёлы, павялічыць удойнасць статка, павысіць якасць малака і іншае. Працаваць так, каб, як адзначыў Аляксандр Камінскі, праз год падчас такога ж сходу гучалі іншыя лічбы. Тым больш, што многія з удзельнікаў мерапрыемства ведаюць «Шлях новы» іншым – больш паспяховым сельгасвытворцам.
Іван КАВАЛЕНКА.