На пяцёрку

Наталля Пятроўна – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца пачатковых класаў. Гэта на рабоце, у СШ № 1, а дома – самая лепшая на свеце мамачка для сваіх трох дачушак Таццяны, Лізаветы, Стэфаніі, любімая жонка для мужа Аляксандра. Адным словам, галоўная жанчына ў вялікай і дружнай сям’і ляхавічан Маслоўскіх.

У двухпакаёвай кватэры па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры яны жывуць дружна і ў згодзе. Будавалі кватэру, калі ў сям’і было двое дзяцей, а цяпер у планах паляпшэнне жыллёвых умоў. Маслоўскія мараць пабудаваць уласны дом: большая жылплошча для мнагадзетнай сям’і лішняй дакладна не будзе. Спадзяюцца на дзяржаўную дапамогу. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці жанчына адразу звярнулася з заявай аб прызначэнні сямейнага капіталу:
– Сямейны капітал – сур’ёзная падтрымка. Куды яго  патрацім, час пакажа. Хутчэй за ўсё,  пойдзе на вучобу дзяцей ці на жыллё для іх. Галоўнае, што ў будучыню глядзім з аптымізмам, у тым ліку дзякуючы ўнушальнаму дзяржаўнаму падарунку, – гаворыць мнагадзетная мама.
Апора сям’і – Аляксандр, які работы не баіцца. Больш таго, умее і змайстраваць, і пакулінарыць (яго фірменныя галубцы і бліны любяць усе). І старэйшыя дочкі пятнаццацігадовая Таня і чатырнаццацігадовая Ліза ад бацькі перанялі любоў да прыгатавання ежы.
– Ніколі не прымушалі дзяцей прыбіраць, гатаваць ежу. З мужам заўсёды гэта рабілі разам, не дзялілі абавязкі на мужчынскія і жаночыя, вучылі гэтаму і дзяўчынак. Цяпер дочкі – галоўныя памочніцы. Яны ў нас цудоўныя, выдатныя, самыя лепшыя, –  расказвае Наталля.
Таццяна летась закончыла мастацкае аддзяленне Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Хоць і даводзіцца шмат займацца па школьных прадметах (вучыцца ў 10 класе гімназіі), рыхтавацца да паступлення ў наступным годзе ва ўніверсітэт (марыць пра прафесію гісторыка-палітолага), але штодня дастае алоўкі, чысты аркуш, і на паперы з’яўляецца новы сюжэт. Творчасць – гэта ад мамы. Наталля па адукацыі настаўніца пачатковых класаў і малявання. Расказвае, як у дзяцінстве збірала суседскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з вуліцы Камсамольскай, гуляла з імі ў школу, дзе абавязкова была настаўніцай. Калекцыянуе матылькоў і нават шпалеры ці дываны купляе з іх выявамі. А яшчэ ў яе ёсць цудоўная калекцыя архідэй.
Ліза займалася дзюдо, гандболам, футболам, але па словах бацькі, перагарэла і цяпер у пошуках чагосьці новага.
Бадай, самы галоўны член сям’і Маслоўскіх – маленькая Сцеша, так пяшчотна называюць Стэфанію Аляксандраўну мама з татам і сястрычкі. Яна нарадзілася сёлета 26 лютага. І адразу адчула на сабе ўвагу моцнага полу, бо ўсе астатнія нованароджаныя ў палаце раддома былі хлопчыкі.
– Ніколі не бачыла Аляксандра такім разгубленым, як тады, калі прыехалі забіраць нас са Сцешкай з раддома, – з усмешкай успамінае Наталля.
­– Вельмі разгубіўся. Яна такая маленечкая, хоць і нарадзілася з добрай вагой – 3 кілаграмы 850 грамаў. Узяў на рукі і ледзь не расплакаўся. Такая цеплыня ўнутры пайшла, адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым. Багаты я чалавек – тры дачушкі-прыгажуні і любімая жонка, – далучыўся да размовы Аляксандр.
– Калі даведаліся, што ў сям’і чакаецца папаўненне, нам не важна было дзяўчынка ці хлопчык з’явіцца. Вельмі чакалі, хваляваліся і радаваліся нара-джэнню Сцешы, – успамінае Таня.
– Люблю з сястрычкай няньчыцца, яна такая цікавая. Калі ўсміхаецца, на шчочках з’яўляюцца ямачкі, як у таты. Здорава, што яна ў нас ёсць, – безапеляцыйна сцвярджае Ліза.
Па магчымасці дапамагаюць і бабулі, якія любяць папесціць унучак, асабліва малодшую.
Маслоўскія прызнаюцца, што не планавалі траіх дзяцей, хаця абодва раслі ў мнагадзетных сем’ях. Канешне, Аляксандр быў не супраць хлопчыка, але бясконца рады сваім дачушкам.
– Недзе прачытала, што мара жанчыны –  быць жанчынай мары. І калі муж неяк сказаў, што марыў пра такую жонку, як я, адчула сябе шчаслівай, – расказвае Наталля і ўдакладняе: – Зноў, у каторы раз.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У ТЭМУ

Летась у Ляхавіцкім раёне  сямейны капітал прызначаны 69 сем’ям, з якіх 39 жывуць у сельскай мясцовасці. У большасці з іх нарадзілася трэцяе дзіця. Cёлета за прызначэннем сямейнага капіталу звярнуліся 10 мнагадзетных сем’яў, шасцёра – гараджане. Атрымальнікам прадастаўляюцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў суме 10 тысяч долараў, якія размяшчаюцца на дэпазітным рахунку ў Беларусбанку.
Сёння на Ляхавіччыне жывуць 379 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 1229 непаўналетніх. Акрамя  адносна новага  віду дзяржаўнай падтрымкі – сямейнага капіталу, большасць з іх  атрымлівае і іншыя віды  дапамогі: пры нараджэнні дзіцяці, па яго доглядзе, адрасную сацыяльную і г.д
Дзяржаўным клопатам ахоплены ўсе сем’і, якія выхоўваюць дзяцей. У мінулым годзе ў нашым раёне  з фонду сацыяльнага страхавання на выплату дапамог па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў  выдаткавана амаль 450 тысяч рублёў.  Акрамя таго, больш за 100 тысяч рублёў – дапамога сем’ям па доглядзе за дзецьмі ва ўзросце ад трох гадоў і старэйшымі.  
70 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да  двух гадоў былі забяспечаны бясплатным харчаваннем (з раённага бюджэту на гэтыя мэты пайшло амаль
50 тысяч рублёў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *