Калі тата абавязаны, ды яшчэ прагульшчык. На жаль, так бывае на свеце, што недзе пакутуюць дзеці

Дыягназ «сацыяльна небяспечнае становішча» атрымлівае сям’я, калі для бацькоў уласныя п’яныя інтарэсы даражэй за дзяцей.
У Ляхавіцкім раёне ў такім становішчы знаходзяцца 73 дзіцяці  з 36 сем’яў. Гэтыя лічбы агучыла намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень пры абмеркаванні стану работы па прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці і падлеткавай злачыннасці. Пытанне разглядалася на пасяджэнні райвыканкама.

Васьмі дзецям з пяці сем’яў летась была патрэбна дзяржаўная абарона. І хоць лічба гэта ўдвая меншая, чым у 2016 годзе, яна трывожыць. У мінулым годзе пазбаўлены правоў у адносінах двух дзяцей двое бацькоў. У біялагічную сям’ю вернута адно дзіця.
Па стане на 1 сакавіка на ўліку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама знаходзіліся 77 абавязаных асоб, чыім 97 дзецям дамашнюю ўтульнасць і цяпло ствараюць дзяржаўныя ўстановы і іх супрацоўнікі. За мінулы год такія гора-бацькі (далёка не ўсе жывуць у нашым раёне) кампенсавалі дзяржаве каля 54 працэнтаў расходаў на ўтрыманне іх дзяцей. У лютым лічба павялічылася да  59 працэнтаў.
У аддзеле прымусовага выканання на ўліку 71 абавязаная асоба. Кампенсацыя дзяржаўных затрат склала за мінулы год 72,6 працэнта.
Каб абавязаныя асобы плацілі па рахунках, выпрацавана адпаведная сістэма. Гэта катэгорыя насельніцтва абавязкова працаўладкоўваецца. Іншая справа, што працаваць многія з іх не хочуць. Летась абавязаныя дапусцілі 670 прагулаў. Прычым, як правіла, не выходзяць на працу адныя і тыя ж. Злосныя парушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнага арышту, накіроўваюцца ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Па інфармацыі Дзіяны Трысцень, добра наладжана адпрацоўка прагулаў у ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы», камунгасе і на льнозаводзе, у СВК «Ляхавіцкі» і райаграсэрвісе. Летась за прагулы на абавязаных асоб складзена 132 адміністрацыйныя пратаколы. Прагульшчыкі прыцягваюцца да грамадскіх работ, у тым ліку па добраўпарадкаванні райцэнтра. Заробленыя грошы камунгас пералічвае для пагашэння бацькоўскай запазычанасці.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская падкрэсліла, што асноўная функцыя ўстаноў адукацыі ў рэалізацыі Дэкрэта №18 – не толькі ранняе выяўленне неўладкаваных сем’яў, але і своечасовая і эфектыўная дапамога ім дзеля аздараўлення сітуацыі. І гэта ў нашым раёне рэалізуецца даволі паспяхова: пасля мэтанакіраванай работы з праблемным «кантынгентам» летась з уліку знята 56 сем’яў, у якіх выхоўвалася 117 дзяцей.
Агульнавядома і бясспрэчна: аб’яднанне намаганняў не толькі ўстаноў адукацыі, але і працоўных калектываў, праваахоўных органаў, медыкаў, іншых службаў у стане дапамагчы праблемнай сям’і стаць нармальнай. Нават запазычанасць сем’яў па камунальных плацяжах павінна стаць сігналам да павышанай паўсядзённай увагі да іх.
Летась на тэрыторыі раёна непаўналетнія ўчынілі 6 злачынстваў, 52 правапарушэнні. Дзеці ідуць на парушэнне закона, калі адчуваюць бескантрольнасць. Адсюль і высновы, якім чынам супрацьстаяць негатыўным з’явам у падлеткавым асяроддзі. Безумоўна, толькі ўвагай бацькоў не абысціся, але менавіта сямейнае выхаванне – аснова.
Асобная размова пра бяспеку непаўналетніх і складнікі гэтай работы – ад фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыкі суіцыдальных паводзін, супрацьпажарных мерапрыемстваў да асцярожнасці і абачлівасці ў зносінах з незнаёмымі людзьмі.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што патэнцыял прафілактычнай работы выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб непаўналетнія не парушалі закон. Для гэтага важна, у тым ліку, ведаць групу рызыкі, працаваць з ёю. Задача ўстаноў адукацыі – забяспечыць занятасць школьнікаў, прапанаваць такое правядзенне вольнага часу, якое зацікавіць, захопіць і не дазволіць збочыць на крывую сцежку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *