Гарадскі пейзаж жадае разабрацца…Хто знішчае зробленае для камфорту і эстэтыкі?

Пад снегам усё гэта не так кідаецца ў вочы, а пад вясновымі промнямі незаўважаным застацца не можа. Абшарпаныя сцены, разбітая плітка, наўмысна сапсаваныя бардзюры, парушаныя кветнікі –  гарадскі пейзаж яўна пакутуе ад чыіхсьці «дрэнных» рук. У пераважнай большасці –  ад хуліганскіх замахаў, іншы раз – ад безгаспадарчасці. І атрымліваецца тое, што мы бачым і што трэба тэрмінова ўхіляць, а значыць, траціць на гэта час і сродкі. Безумоўна, сітуацыя будзе папраўлена, і эстэтычная карціна палепшыцца. Толькі зноў і зноў узнікае пытанне: каму гэта патрэбна і навошта?
Чалавек па сутнасці сваёй накіраваны на стваральнасць, але часам выступае разбуральнікам. Самае незразумелае, што не паддаецца тлумачэнню, – гэта абсурднасць, бессэнсоўнасць такіх замахаў, калі рукі – «бузукі», а галава – не для думак… Хуліганства? Яно самае. Нахабнае і цынічнае.
Чаму побач са скрыняй для смецця на тратуары тоўстым слоем шалупінне ад семачак, недакуркі? Чаму на пафарбаваных сценах будынкаў цвіком цынічная рука выдрапала «аўтографы»? Безліч «чаму» і «навошта» застаюцца з пытальнікам, і чалавеку разумнаму немагчыма знайсці тлумачэнне такім наўмысным разбурэнням.
А бывае, што ў гарадскога пейзажу ёсць падставы «крыўдаваць» на няякасна пашчыраваўшых на яго карысць будаўнікоў, як гэта, хутчэй за ўсё, мае месца з абшарпаным ганкам гасцініцы «Эдэльвейс». Вельмі крыўдна, што знайшоўся нехта, хто ўчыніў гэта дзікунства…
Месячнік па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні працягваецца. Няма сумненняў, што ў гэты час нашымі стараннямі папрыгажэюць і Ляхавічы, і аграгарадкі, і вёскі, абноўленыя клопатам і вясной. А яшчэ нашым агульным увасобленым жаданнем зрабіць іх такімі, каб радавалі і душу, і вока. І каб сярод нас не знайшлося нікога, хто каменем – у створаныя прыгажосць і камфорт.

Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Не прайшло і пяці гадоў, як ляхавіцкая гасцініца пасля капітальнага рамонту стала двухзоркавай. Але нешта не пасуюць «зорнасці» такія вось прыступкі. Па ўсім відаць, зроблены яны няякасна. Магчыма, не сышоў тэрмін адказнасці за якасць работ у іх выканаўцаў? У любым выпадку, жылкамунгасу, на балансе якога знаходзіцца «Эдэльвейс», трэба папраўляць карціну.

У самым цэнтры Ляхавіч на вуліцы 17 Верасня мае месца такі вось гарадскі пейзаж.

Такіх люкаў толькі на ляхавіцкай вуліцы Цітовіча некалькі, а наогул у райцэнтры іх шмат – яўна небяспечных для аўтамабілістаў. Што на гэты конт думае зноў жа адказны за парадак жылкамунгас?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *