Не парушаць!
Пачалася пасяўная кампанія. Адна з галоўных задач, якую ў гэты час вырашаюць супрацоўнікі міліцыі, – забеспячэнне бяспекі пры правядзенні палявых работ, недапушчэнне і папярэджанне крадзяжоў запасных частак да сельскагаспадарчай тэхнікі, насеннага фонду, гаруча-змазачных матэрыялаў на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, выяўленне фактаў безгаспадарчасці.
Для якаснага выканання пастаўленых задач па забеспячэнні бяспекі пры правядзенні пасяўных работ у Ляхавіцкім РАУС створаны рэйдавыя групы, якія ў адпаведнасці з кампетэнцыяй, ажыццяўляюць рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні фактаў безгаспадарчасці, разукамплектавання тэхнікі, крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і гаруча-змазачных матэрыялаў, ажыццяўляюць праверку ўмоў захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і многае іншае.
Супрацоўнікі РАУС правялі абследаванне ўмоў захоўвання ТМК і сельскагаспадарчай тэхнікі на мехдварах усіх гаспадарак.
Прыемна, што большасць кіраўнікоў гаспадарак адносяцца да захавання тэхнікі і іншай маёмасці адказна, абсталявалі мехдвары камерамі відэаназірання, наладзілі кругласутачную варту і кантроль за работай вартаўнікоў, забяспечылі належнае асвятленне тэрыторыі ў начны час. Але выяўлены і адрасы, дзе не прыняты дастатковыя меры па забеспячэнні захаванасці маёмасці. Напрыклад, у КСУП «Востраў-Агра» тэрыторыя мехдвара не асвятляецца належным чынам у начны час, выязныя вароты не зачыняюцца, складскія памяшканні не абсталяваны сродкамі сігналізацыі. У ЗАТ «Белпрампрыбор» няспраўныя запорныя ўстройствы дзвярэй бокс для захоўвання аўтатранспарту. У КСУП «Ліпнянка» свабодны доступ на тэрыторыю мехдвара. У такіх выпадках на прадпрыемствы накіроўваюцца прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў, з патрабаваннем правядзення пэўных мерапрыемстваў і вызначэннем тэрмінаў для ўхілення недахопаў.
Сёлета ў сакавіку да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты два жыхары в. Куршынавічы, якія тайна ўкралі маёмасць КСУП «Тальмінавічы».
У апошні час найбольшай «папулярнасцю» ў злачынцаў карыстаецца дызельнае паліва. Збыць яго не праблема, аднак не варта забываць, што паліва, якое выкарыстоўваецца пры правядзенні пасяўных работ, афарбавана спецыяльным фарбавальнікам, і ўстанавіць, набыта яно на запраўцы ці крадзенае, вельмі лёгка.
Супрацоўнікі АДАІ 3 красавіка затрымалі жыхара г. Ляхавічы, які перавозіў у сваёй аўтамашыне такое паліва. Вынік – прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і вялікі штраф.
Віталій ДАБРАЧЫНСКІ,
начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУ
Майце на ўвазе
- Непрыняцце належных мер па захаванні маёмасці з’яўляецца падставай для ўчынення крадзяжоў. Найбольш распаўсюджаны дробныя крадзяжы. Калі дробны крадзеж учынены ўпершыню, арт. 10.5 КоАП прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 БВ незалежна ад кошту ўкрадзенага. Калі правапарушэнне ўчынена паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за падобны крадзеж, мінімальны штраф складзе ўжо 30 БВ.
- Згодна ч. 6 арт. 12.30 КоАП, набыццё, захоўванне, выкарыстанне ці рэалізацыя фізічнымі асобамі афарбаванага нафтавага вадкага паліва, што пастаўляецца ва ўстаноўленым парадку ў арганізацыі, якія выконваюць работы, звязаныя з вытворчасцю сельскагас-падарчай прадукцыі, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 50 БВ.