Тэма тыдня. Слова пра справу. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і калек-тывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі
У тэлестудыі прысутнічалі больш за 130 журналістаў, якія прадстаўлялі Белтэлерадыёкампанію, Другі нацыянальны канал, Сталічнае тэлебачанне, інфармагенцтва БЕЛТА, рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия», выдавецкі дом «Звязда» і нацыянальны філіял міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР». Шчырая размова працягвалася каля чатырох гадзін.
Аб асаблівасцях інфармацыйнага поля
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, наколькі насычана інфармацыйная прастора. «Прэса, тэлебачанне, інтэрнэт паглынаюць наш час і запаўняюць свядомасць. Любая інфармацыя распаўсюджваецца са скорасцю гуку. І пазітыўная, і негатыўная. І ўсё гэта пера-тварылася сёння ў інфармацыйную вайну. І мы гэта бачым паўсюдна», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. І падкрэсліў, што менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай ХХІ стагоддзя. Паводле яго слоў, у гэтых умовах галоўная задача, якую ставіць час, – гэта барацьба за розумы і душы людзей. «Калі мы не авалодаем розумамі і душамі беларусаў, мы суверэнную і незалежную краіну ў такім класічным выглядзе ніколі не пабудуем», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь – выключна мірная краіна.
«Ніякая агрэсія ніколі не будзе зыходзіць з нашай зямлі. Але і ў крыўду мы сябе не павінны даваць як у ваенных, так і ў інфармацыйных адносінах. Гарачай вайны быць не можа сёння. Усё пачынаецца з вас. На пярэдні план выходзіце вы – журналісты. Ваша задача – фарміраваць канструктыўнае грамадскае меркаванне праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй», – рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аб змяненнях у закон аб СМІ
Гаворачы аб задачах, якія сёння стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка з іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці айчыннага кантэнту на тэлебачанні. Пры гэтым сам закон, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка,
прызначаны «абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, непраўдзівай, дэструктыўнай інфармацыі».
Паводле слоў Прэзідэнта, сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай.
«Абудзіць цікавасць, утрымаць чытачоў, гледачоў – гэта ваша задача. Разумна расстаўце прыярытэты і падумайце аб тэматычнай, жанравай разнастайнасці тэлеканалаў, газет, каб прыцягнуць людзей розных узростаў і настрояў», – арыентуе СМІ Кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, дастаць моладзь з тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ўжо наўрад ці атрымаецца. «Але ў такім выпадку ў інтэрнэце мы павінны прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае і аб’ектыўнае», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што адобрыў, каб у парламенце абмяркоўвалася пытанне змяненняў у закон аб сродках масавай інфармацыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ.
Ён падкрэсліў, што плануемыя змяненні неабходна абмяркоўваць. «Але галоўнае, каб усе працавалі ў роўных умовах, каб канкурыравалі. Нехта з вас выходзіць на экран і гаворыць адкрыта, сумленна. Усе бачаць, камусьці падабаецца, камусьці не… А чаму хтосьці хаваецца за нейкі кручок. Чаму ён у інтэрнэце адкрыта недзе не напіша і не паставіць свой подпіс. Чаго ты баішся?» – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заклікаў усіх адкрыта выказваць сваю пазіцыю і абмяркоўваць праект змяненняў у закон. Але разам з гэтым будзе захоўвацца кантроль за тым, каб не распаўсюджвалася інфармацыя тэрарыстычнага плана і заклікі або папулярызацыя іншых негатыўных працэсаў.
Аб адказнасці СМІ
Удзельнікі сустрэчы закранулі тэму адказнасці СМІ ў цяперашніх няпростых умовах, калі фэйкавыя навіны здольны сур’ёзна паўплываць на грамадскае меркаванне.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам шчырай і сумленнай палітыкі, і параіў медыя дзейнічаць такім жа чынам.
«Можна адступіць ад прынцыпаў, але пройдзе час, і ён усё расставіць на месцы», – адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што СМІ, як бы гэта цяжка і складана ні было, трэба захоўваць аб’ектыўнасць. Беларусы прадаўжаюць будаўніцтва сваёй дзяржавы, і на гэтым шляху важна захоўваць маральныя прынцыпы.
Аб’ектыўна, з першых вуснаў
Журналісты расказалі, што пасля рэзанансных здарэнняў падчас не могуць атрымаць своечасовыя каментарыі ад кіраўнікоў адпаведных ведамстваў. Некаторыя адказваюць – «без каментарыяў», збягаюць ад камер. Але ж атрымліваецца, што адразу пасля якога-небудзь здарэння яно пачынае абрастаць у сацыяльных сетках здагадкамі, якія часам не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што такая сітуацыя не з’яўляецца нармальнай. Ён падкрэсліў, каб грамадскасць атрымлівала аб’ектыўную і своечасовую інфармацыю, неабходна, каб сваю пазіцыю выказвалі кіраўнікі адпаведных ведамстваў. У ходзе размовы з Прэзідэнтам адзначалася і роля прэс-службаў, якія таксама павінны хутка даводзіць да грамадскасці актуальную і важную інфармацыю.
Прэзідэнт адзначыў, што часам з-за няўмення чыноўнікаў пракаменціраваць нейкую праблемную сітуацыю гэта даводзіцца рабіць Кіраўніку дзяржавы, каб «расхлёбваць гэты бруд».
«Калі ты прыйшоў міністрам, намеснікам, кіраўніком прадпрыемства, будзь ласкавы размаўляць з журналістамі, як ні было б цяжка і складана», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, паводле яго слоў, і самі журналісты павінны быць больш настойлівымі, дабіваючыся каментарыяў у чыноўнікаў.
Пытанне аб узаемадзеянні з афіцыйнымі асобамі і іх адмовах часам пракаменціраваць тую ці іншую праблему ўзняла на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы гендырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч. Паводле яе слоў, кіраўнікі ўсіх рангаў і ўзроўняў павінны разумець, што, калі ў іх ёсць інфармацыя, ёю трэба дзяліцца, пакуль праблема не набыла разбуральных маштабаў.
Зрабіць тэлебачанне лепшым
«Вельмі прашу вас і строга патрабую: зрабіце тэлебачанне лепшым. Каб карцінка была і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы, але трапна. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я вельмі нацыяналістычны ў гэтым плане», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва адзначыў, што беларускія журналісты ў няпростыя гады змаглі захаваць унутраны стрыжань. «Я лічу, што ў свеце вы лепшыя. І не страцьце гэта, – адзначыў ён. – Вы маглі, разам са мной, вядома, пасеяць поўны хаос і бардак у краіне. Але вы прытрымліваліся нейкага стрыжня. Так заўсёды ў жыцці павінна быць. Старэйшыя журналісты гэта дакладна разумеюць. Вы ад яго не адышлі, не залгаліся. Я вас не падвёў да таго, каб вы прадаваліся за капейку».
Аб журналісцкіх кадрах
Была закранута і праблема забеспячэння кадрамі сродкаў масавай інфармацыі.
У прыватнасці, журналісты Белтэлерадыё-кампаніі расказалі аб трывожнай, на іх думку, тэндэнцыі дэфіцыту журналісцкіх кадраў для тэлебачання, хоць падрыхтоўка гэтых спецыялістаў вядзецца ў краіне.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба падбіраць тых людзей, якія пасля вучобы будуць запатрабаваны ў прафесіі.
Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што прафесія журналіста – асаблівая. І вельмі важна, каб на журфак ішлі менавіта тыя, хто захоплены журналістыкай і пасля вучобы будзе працаваць у СМІ. «Калі адвучыўся, то павінен працаваць па спецыяльнасці», – упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт паставіў задачу вырашыць праблему забеспячэння кадрамі сродкаў масавай інфармацыі. Ён таксама падтрымаў выказаную тэлежурналістамі ідэю аб папярэдняй рабоце на ўзроўні школ з тымі дзецьмі, якія хочуць звязаць сваё будучае з журналістыкай і падкрэсліў, што ў гэтым працэсе папярэдняга адбору важна не ўпусціць з поля зроку і таленавітую моладзь з сельскай мясцовасці.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава расказала, што цяпер прыкладна 1200 студэнтаў атрымліваюць прафесію журналіста ў 4 ВНУ. Яна лічыць, што закранутая праблема вельмі важная. Пры гэтым Наталля Качанава звярнула ўвагу, што студэнтаў не заўсёды хочуць браць на практыку. Разам з гэтым яна падкрэсліла, што ў краіне ёсць нямала магчымасцей для творчага развіцця як студэнтаў, так і журналістаў, прывёўшы ў прыклад творчыя конкурсы. Кіраўнік Адміністрацыі запэўніла, што ўзнятым у час сустрэчы пытанням падрыхтоўкі журналістаў будзе ўдзелена належная ўвага.
Без працы ніякі рынак не выратуе
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прыватная ўласнасць, як правіла, больш эфектыўная за калектыўную, аднак да гэтага пытання неабходна падыходзіць эвалюцыйна.
Прэзідэнт адзначыў, што часта можна чуць пытанні або разважанні аб нейкіх сістэмных змяненнях. «У нас няма вось гэтай эйфарыі наконт прыватнай уласнасці. Вы хочаце, каб за адну ноч была прыватная ўласнасць замест дзяржаўнай? Гэта сістэмныя змяненні. Але нідзе не напісалі канкрэтна, што за сістэмныя змяненні. Таму што гэта будзе прадугледжваць тое, што народ ніколі не падтрымае. Да гэтага трэба ісці спакойна», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Калісьці мяне папракалі, што я не рыначнік і не прыхільнік прыватнай уласнасці. Бог з вамі. Я ўвесь час у матэрыяльнай вытворчасці працаваў і жыў сярод сялян. Я ведаў, што такое сваё. Сваё заўсёды больш эфектыўнае, чым калгаснае, і гэтак далей», – заявіў Прэзідэнт.
«Мне гавораць: тое змяніць, гэта… Я публічна сказаў – пытанне не ўва мне. Калі вы хочаце, я прыму рашэнне за дзень. А вы гэтага хочаце?
Добра, хочаце. А вы да гэтага гатовы, вы гэта можаце ажыццявіць, вы гэта вытрымаеце ці не?», – паставіў пытанне беларускі лідар.
«Жыццё паказала, што і да прыватнай уласнасці, да змянення нашай сістэмы мадэрнізацыі трэба падыходзіць эвалюцыйна. Ніякіх рэвалюцый. Таму што гэта балюча і не факт, што мы трапім у кропку», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў правільнасць таго, што ў свой час Беларусь не пайшла па шляху шокавых рэформ і пераўтварэнняў. «Мне ўжо вас не трэба пераконваць у гэтым. А тады мне даводзілася гэта рабіць. Усім расказваць, што не спяшайцеся, у нас свае асаблівасці, сваё жыццё. Мы будуем сваю краіну. Не трэба бегчы за Расіяй у тым ліку па гайдараўскіх рэформах. Калі б мы па гэтай шокавай тэрапіі прайшлі, краіны сёння не было б. Без працы нічога не будзе. Ніякі рынак не выратуе», – заявіў беларускі лідар.
Аб змяненнях у Канстытуцыю
Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы перспектывы ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, адзначыў, што, з яго пункту гледжання, частка функцый павінна перайсці ад Прэзідэнта іншым галінам улады. Асабліва, на яго думку, трэба ўзмацніць ролю выканаўчай улады.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што момант для змянення Канстытуцыі яшчэ не настаў.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Па даных на 1 красавіка, у Беларусі зарэгістравана 1660 друкаваных СМІ (751 газета, 867 часопісаў, 31 бюлетэнь, 9 каталогаў і 2 альманахі). Акрамя таго, у краіне працуюць 9 інфармацыйных агенцтваў, выходзяць 103 тэле- і 176 радыёпраграм
Меркаванні «веснікаўцаў»
«Вольга БАРАДЗІНА, галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка»:
– Шчаслівая быць вучаніцай на выдатным адкрытым уроку, таму што менавіта так успрыняла гэту глыбокую аналітыку і філасофію ў дачыненні СМІ і іх ролі ў грамадстве, гэту шчырую размову пра агульную справу.
Слова ў барацьбе за розумы і душы. Слова на службе міру. Слова, якое пачута і кліча да стваральнасці. Прэзідэнт гаварыў з журналістамі пра жыццёва важнае, пра тую высокую адказнасць перад грамадствам, якая вынікае з прафесійнага раскладу газетчыка, супрацоўніка радыё, тэлебачання, інтэрнэт-рэсурсаў.
Грамадзянін абавязаны быць патрыётам. Прыналежнасць да журналістыкі яшчэ больш узмацняе гэту канстанту асобы. Рэпартаж з месца падзеі (а падзея – жыццё) журналісты вядуць у рэжыме анлайн. З любоўю да Радзімы, з пашанай да чалавека, з жаданнем увасобіць слова ў справу на карысць таго, што любіць і шануе, – краіны і чалавека. Такое вось прызнанне ў высокіх пачуццях, якое выказваем нарысам, замалёўкай, інфармацыяй, эсэ, аналітычным артыкулам і нават крытычным, у якім крытыка канструктыўная, аб’ектыўная і ні ў якім разе не крытыканства.
Сёлета нашай раёнцы спаўняецца 75 гадоў. Народжаная ў партызанскім атрадзе, названая тады «Совецкім патрыётам», яна патрыётам застаецца заўсёды. Сённяшнія «веснікаўцы» працягваюць лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў, ствараюць новыя, удасканальваюць прафесіяналізм, заўсёды ў творчым пошуку і ў цеснай сувязі з землякамі.Галіна КАНЬКО, загадчыца аддзела радыёінфармацыі і навін:
– Глядзела і слухала рэпартаж з сустрэчы ў Белтэлерадыёкампаніі, чытала ў інтэрнэце і нібы сама была ўдзельніцай гэтага важнага для кожнага журналіста мерапрыемства. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на актуальных для сродкаў масавай інфармацыі тэмах. Цяпер ідзе абмеркаванне новага закона аб СМІ. Як падкрэсліў Прэзідэнт, ён павінен абараніць людзей ад неправеранай, ілжывай, дэструктыўнай інфармацыі. У дакуменце ёсць нормы аб развіцці айчыннага тэлевізійнага кантэнту. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта стане магутным стымулам да стварэння праграм, дзе расказваецца пра ўсе дасягненні Беларусі за гады незалежнасці.
Тэма актуальная і для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. У нашай раёнцы нямала цікавых праектаў, у якіх расказваем пра землякоў, хто сваімі справамі ўслаўляе раён, вобласць, краіну. У Год малой радзімы гэта, лічу, надзвычай важна, змястоўна, пераканаўча.
Журналісты абавязаны зацікавіць чытачоў, слухачоў, гледачоў, карыстальнікаў інтэрнэту творчымі праектамі, аналітычнымі публікацыямі, падштурхнуць да роздуму.
Пазітыўная ацэнка работы СМІ, якую даў Кіраўнік дзяржавы, – пэўны крэдыт даверу, своеасаблівая матывацыя для нашай далейшай працы.Наталля ПЕРАПЕЧКА, загадчыца аддзела сацыяльных пытанняў:
– Галоўнае, што кіруе мною і маімі калегамі, – аб’ектыўнасць, справядлівасць, дакладнасць падачы інфармацыі. Разумеем, што «добранькімі» словамі, фэйкавымі навінамі павагі чытачоў не дасягнеш. Граматны чалавек давярае праверанай, надзейнай крыніцы інфармацыі. Гэта падкрэсліваў Прэзідэнт падчас вялікай размовы з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых сродкаў масавай інфармацыі.
Што датычыць змяненняў у закон аб СМІ, то лічу іх своечасовымі і вельмі патрэбнымі. Справядліва, што ўладальнікі інтэрнэт-парталаў, сайтаў нараўне з журналістамі друкаваных выданняў павінны несці сацыяльную адказнасць за праўдзівасць інфармацыі. Колькі ў краіне стваральнага: будуецца жыллё, узводзяцца школы-дзіцячыя сады, бальніцы, спартыўныя аб’екты, развіваецца навука, працягваецца мадэрнізацыя вытворчасці… Трэба быць аб’ектыўным, трэба бачыць пазітыўнае і светлае, тым больш, што яго хапае!
Сумленнасць, адказнасць, прафесійная этыка – добрыя спадарожнікі на шляху да сэрца чытача.Маргарыта КУХТА, карэспандэнт аддзела сацыяльных пытанняў:
– Жыццяздольная сіла працоўнага калектыву – яго кадры. Журналістыка – тым больш не выключэнне, тут надзвычай важны прафесіяналізм. Невыпадкова тэма падрыхтоўкі кадраў для сродкаў масавай інфармацыі неаднаразова ўзнімалася падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных СМІ краіны.
Для мяне, нядаўняй выпускніцы Інстытута журналістыкі, а сёння маладога спецыяліста, яна асабліва блізкая. На сваім вопыце пераканалася, што знаёмства з творчай прафесіяй трэба пачынаць яшчэ ў школе. Выпуск школьных газет, удзел у творчых конкурсах, сяброўства з раёнкай, парады ад газетчыкаў – а ў выніку зроблены асэнсаваны выбар, і я па мэтавым накіраванні раёнкі закончыла Інстытут журналістыкі.
Яшчэ адна немалаважная акалічнасць, якая датычыць не толькі будучых газетчыкаў, – сур’ёзныя і адказныя адносіны да практыкі. І гэтыя сур’ёзнасць і адказнасць павінны быць двухбаковымі. Калі праходзіла першую вучэбна-азнаямляльную практыку ў «Ляхавіцкім весніку», у мяне спыталі, ці гатова я працаваць, развівацца, вучыцца? Сцвярджальны адказ, імкненне стаць адной з «веснікаўцаў» і, што вельмі важна, зацікаўленасць кіраўніцтва ў практычнай дапамозе – неверагодны стымул у рабоце, жаданне не падвесці людзей, якія шчыра дзеляцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі, парадамі, вопытам.
Назаўсёды ў памяці, як мой куратар у раёнцы чытаў мой першы студэнцкі матэрыял: увага да кожнага слова, кожнага сказа. Кожная памылка – дэталёвае тлумачэнне, прапанова, як зрабіць лепш. Такая падтрымка пачынаючаму журналісту дарагога вартая, з ёй не страшна рабіць крокі ў невядомае.