«Як жа я люблю спяваць!». Поспех нараджаецца там, дзе яго чакаюць, дзе да яго імкнуцца

Надзея Цямчык на рэспубліканскім прафсаюзным конкурсе «Новыя імёны Беларусі» заняла трэцяе месца.

Яркая, упэўненая, стыльная, абаяльная і, безумоўна, таленавітая. Гэта пра Надзею Цямчык. Калі гучыць знаёмая мелодыя, у руках аказваецца мікрафон і…
– Усё перастае для мяне існаваць. Вы нават не ўяўляеце, як я люблю спяваць, – шчыра прызнаецца Надзея.
Школьніцай яна з захапленнем сачыла за артыстамі на сцэне ў роднай Вілейцы, марыла, што калі-небудь і сама будзе выступаць. Пра што марыла, тое і атрымалася.

Поўная зала. Бязмернае хваляванне. Не кожны дзень выступаеш перад вядомым беларускім прадзюсерам Юрыем Савашам. А калі ўпершыню прэзентуеш СВАЮ песню, увогуле складана выходзіць на сцэну. На рэспубліканскім прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі» Надзея Цямчык выконвала сваю аўтарскую беларускамоўную песню «Палячу за табой».
– Яна пра самае светлае, цёплае, неабходнае кожнаму чалавеку пачуццё – каханне. І калі ты ведаеш, што хаваецца за кожным радком, не проста спяваеш –  пражываеш, адчуваеш твор. Хочацца, каб твае эмоцыі, думкі сталі зразумелымі, каб, увогуле, цябе зразумелі. Магчыма, ад гэтага і было страшнавата выступаць на рэспубліканскім конкурсе. Але намнога лягчэй, калі на адной сцэне з табой людзі, шчыра гатовыя падтрымаць. З акампаніятарам, як кажуць, сябрам па цэху, мастацкім кіраўніком квартэта «Вінс-акорд» Ірынай Тулейка, якая зрабіла неверагодную песенную аранжыроўку, адчувала сябе спакайней. Можна сказаць, мы выступалі творчым дуэтам, – расказвае Надзея.
І, дарэчы, вельмі паспяхова. У самай масавай намінацыі «Вакал» нашы – бронзавыя пераможцы.
Перад выступленнем і пасля, прызнаецца Надзея, была на тэлефоне. Няхай і на адлегласці, але не менш хвалявалася і падтрымлівала моцная частка сям’і Цямчыкаў – муж Андрэй і сын Ягор. Яны першыя, хто ставіць адзнаку яе творчасці, і іх меркаванне галоўнае.
Моцны, чысты, чароўны голас Андрэя гучыць амаль на кожным гарадскім і раённым свяце, за плячыма шмат творчых перамог, паспяховых выступленняў на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях, у аглядах. Актыўнае творчае жыццё ён сумяшчае з не менш творчай прафесіяй – працуе мастацкім кіраўніком у Русінавіцкім СДК. Адным словам, ёсць да каго звярнуцца Надзеі за прафесійнай парадай.
Увогуле, захапленне музыкай, заняткі ў маладзёжным клубе «Юнацтва» і пазнаёмілі іх, тады яшчэ навучэнцаў Ляхавіцкага агракаледжа. Сёння Надзея і Андрэй – удзельнікі народнай эстраднай студыі «Экспрэс». Калі іх сямейна-творчы дуэт на сцэне, гэта заўсёды прыгожа, моцна, сапраўдна – ад сэрца.
Кажуць, складана жыць, калі пад адным дахам сустракаюцца дзве творчыя асобы. На гэта Надзея жартаўліва ўсміхаецца, маўляў, дзвюм складана, а ім траім – цудоўна. Бывае, што квадратныя метры пакою ў міг ператвараюцца ў імправізаваную канцэртную пляцоўку:
– Мы рэпеціруем, імправізуем, менавіта так нараджаюцца ідэі для выступленняў, проста адпачываем. Музыка – наша агульная мова, – расказваюць Цямчыкі.
Сямігадовы Ягор ва ўсім імкнецца быць падобным на бацькоў: школьны расклад дапаўняецца заняткамі музыкай, танцамі, удзелам у школьнай камандзе КВЗ. Цямчык-малодшы хоча запісацца ў музычную школу, праўда, пакуль не вырашыў, які інструмент выбраць –  ударныя ці саксафон. Але адно ведае дакладна: ён хоча спяваць.
Жыццёвае крэда Цямчыкаў: у любой сітуацыі думаць творча. Гэты прынцып спрацоўвае, прызнаецца Надзя, і ў яе прафесіі, няхай і далёкай ад музычнай: яна – заатэхнік-селекцыянер СВК «Ляхавіцкі».
– Поспех нараджаецца там, дзе яго чакаюць, дзе да яго імкнуцца. Ён крочыць побач са справай, што завецца «для душы». І, безумоўна, калі ёсць падтрымка, калі твая сям’я ў цябе верыць, калі ў канцэртнай зале бачыш усмешкі, шчырыя эмоцыі, хочацца ствараць, выходзіць на сцэну і дарыць свой настрой іншым, – пераканана Надзея.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

Сямейнае і творчае трыа Цямчыкаў.

One thought on “«Як жа я люблю спяваць!». Поспех нараджаецца там, дзе яго чакаюць, дзе да яго імкнуцца

  • 18/04/2018 в 21:44
    Permalink

    Хорошая семья, а ещё и очень творческая. Жду их выхода на концертах. Пусть их мечты сбываются!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *