Крэатыў, які прымушае думаць. Прыходзьце на прэм’еру ў Ляхавіцкі ГДК

Ці ёсць у Ляхавічах тэатр? Яшчэ нейкі час назад адказ быў бы адмоўны, сёння ж упэўненае «так». Тэатральная студыя гарадскога Дома культуры некалькі разоў ужо знаёміла землякоў са сваёй творчасцю – і кожны раз водгукі былі найлепшыя. А за спектакль «Антось Лата» калектыў на абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе-2017» быў узнагароджаны дыпломам I ступені і яшчэ некалькімі ў розных намінацыях. Акрылены поспехам, рэжысёр Арцём Бадак вырашыў пайсці далей і паспрабаваць эпаціраваць публіку. Чым? Фантасмагорыяй паводле п’есы ўкраінскага аўтара. У інтэрпрэтацыі нашых тэатралаў спектакль прадстаў пад назвай «Mea culpa», ці «Мая віна».
На сцэне ўвагу гледачоў утрымлівае трыа ў складзе Міхаіла Стрыжова, Аліны Гатоўчыц і рэжысёра-крэатыўшчыка Арцёма Бадака. Светлавыя і гукавыя ракурсы, эмацыянальная ігра самадзейных артыстаў і адкрыты фінал спектакля без гатовага адказу на адвечнае пытанне: «Як быць чалавекам з вялікай літары?» не пакіне раўнадушным. Філасофская тэма не навязлівая – наадварот, інтрыгуе-кружыць, вядзе да роздуму і асабістых высноў.
Застаецца дадаць, што над тым, каб спектакль удаўся, стараўся ўвесь калектыў ГДК.

Прэм’ера 19 красавіка.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *