Апошні ліст з Афганістана: «Вы пішаце, што ў Вас надвор’е дрэннае. А тут наадварот: горача.»

Праз дзень краіна зноў схіліць галовы перад памяццю загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Са шкадаваннем, смуткам, з высокім пачуццём гонару за праяўленую мужнасць і шчырымі спачуваннямі родным, блізкім, сябрам воінаў, што не вярнуліся з бою.
Войны, іншыя менш маштабныя, аднак, не абавязкова менш жорсткія ўзброеныя канфлікты ў розных кутках свету, дзе прымалі ўдзел грамадзяне Беларусі, прад’явілі нашай краіне цяжкі рахунак. Алжыр, Ангола, не аднойчы Егіпет — далёка не поўны пералік “кропак”, гарачыню якіх адчулі на сабе нашы суайчыннікі – воіны-інтэрнацыяналісты. Асабліва драматычная інтэрваенная старонка, як у цэлым Беларусі, так і Ляхавіччыны, звязана з падзеямі дзесяцігадовай – 1979–1989 – вайны ў Афганістане. Апошні дзень яе – 15 лютага 1989 года – і стаў штогадовым Днём памяці тых, хто склаў галаву, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак. У адпаведнасці са звесткамі Рэспубліканскай кнігі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, праз афганскае пекла прайшлі 28832 жыхары Беларусі. А ў сумным спісе 723 загінуўшых значацца і 3 нашыя землякі. Хто тут нарадзіўся, вучыўся, натхняўся ляхавіцкай старонкай, адкуль пайшоў служыць і з гонарам, аднак, цаной уласнага жыцця выканаў свой салдацкі абавязак.
Да болю кароткае зямное жыццё гэтых хлопцаў абумоўлівае і сціпласць, ад якой нікуды не дзецца, калі ўзгадваць біяграфічныя радкі-крокі кожнага з іх. Уладзімір Малахвей нарадзіўся ў вёсцы Валасачы 19 студзеня 1963 года. Хрышчэнскі дзень, вялікае праваслаўнае свята. Звычайнае, як і ў большасці, калі не ва ўсіх вясковых хлопчыкаў дзяцінства. Няхітрыя забавы, удзел у дамашніх клопатах. Прыйшоў час – Сваятыцкая базавая школа, пасля заканчэння якой у 1977 годзе Уладзімір вытрымаў уступныя экзамены і конкурс на права стаць навучэнцам Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума. Паспяхова скончыў, працаваў некаторы час у калгасе “Беларусь”.
Зрэшты, зусім няшмат доўжылася працоўная біяграфія Уладзіміра. З атрыманнем у красавіку 1981 года павесткі райваенкамата сельскагаспадарчы палетак давялося памяняць на поле ратнае. Зразумела, не адразу, аднак, у самым літаральным сэнсе слова: пасля курса вайсковай падрыхтоўкі радавы Малахвей быў накіраваны ў Афганістан для далейшага прахо-джання службы. Дзень за днём, дні і ночы, тыдні, месяцы. Што за гэтай простай формулай маюцца на ўвазе зусім няпростыя баявыя будні, гаварыць лішне. 22 ліпеня 1982 года прайшло роўна 15 месяцаў вайсковай службы радавога Малахвея. Пра што, у прыватнасці, Уладзімір паведаміў родным у сваім чарговым лісце.
“Прывітанне, дарагія родныя!
З вялікім салдацкім прывітаннем і мноствам найлепшых пажаданняў да Вас Валодзя. Пісьмо Ваша атрымаў, за якое вялікі дзякуй. Справы ў мяне ідуць па-старому. Служба праходзіць нармальна. Вось ужо 15 месяцаў прайшло, засталося 9 месяцаў. Так што ўжо не шмат засталося. Вы пішаце, што ў Вас надвор’е дрэннае. А тут наадварот: горача. За ўсё лета яшчэ ні аднаго дажджу не было.
Больш і не ведаю, што пісаць. Пішыце, як там у вас справы, як здароўе? Як жывуць бабка, дзед і Сашка, як у іх здароўе? Што новага ў вёсцы? Карацей, пішыце пра ўсё. На гэтым сваё маленькае пісьмо заканчваю. Да пабачэння. Чакаю адказу. 22. 07. 1982 год”.
Гэта быў апошні ліст Уладзіміра, а дзень яго напісання стаў перадапошнім днём жыцця вайскоўца. 23 ліпеня 1982 года радавы Уладзімір Малахвей загінуў пры выкананні баявога задання. За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Пасмяротна.
Полымя той вайны абпаліла і вёску Тальмінавічы, жыхар якой Святаслаў Мядзведскі загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Святаслаў нарадзіўся ў вёсцы Нізкія ў першы дзень жніўня 1966 года. Пасля заканчэння Тальмінавіцкай сярэдняй школы працягваў вучобу ў абласным цэнтры. Імкнуўся набыць прафесію фатографа, спадзяваўся стаць сапраўдным фотамайстрам. З прызывам жа 1 лістапада 1984 года ва Узброеныя Сілы авалодаў воінскай спецыяльнасцю стралка-зенітчыка. З гэтым адданы свяшчэнным словам воінскай прысягі адправіўся ў Афганістан. Далёкі, сумнавядомы, гарачы ва ўсіх сэнсах. 13 лютага падчас выканання баявога задання радавы Мядзведскі гераічна загінуў. За мужнасць і гераізм па-смяротна ўзнагароджаны медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” і Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Святаслаў пахаваны ў Тальмінавічах. У тым ліку і вучні мясцовай школы не пакідаюць без увагі месца пахавання воіна-інтэрнацыяналіста. Наведваюцца, каб прыбрацца, праводзяць ваенна-патрыятычныя акцыі, у асобныя дні нясуць каля помніка вахту памяці.
Рэха афганскай вайны смяротным болем адгукнулася і ў вёсцы Малое Падлессе, дзе 11 мая 1951 года нарадзіўся Генрых Цыкман. Скончыў базавы курс Дараўскай сярэдняй школы, працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе “Прагрэс”. Прызваны Ляхавіцкім райваенкаматам 19 мая 1969 года ва Узброеныя Сілы, тэрміновую вайсковую службу праходзіў у Любанскім раёне Мінскай вобласці. Там жа застаўся на звыштэрміновую, атрымаў воінскае званне прапаршчык. З кастрычніка 1981 года – у Афганістане, на пасадзе старшыны мінамётнай батарэі. Пры выкананні баявога задання прапаршчык Генрых Цыкман цяжка захварэў. Памёр 10 мая 1982 года. Пахаваны ў Любанскім раёне. За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За воінскую доблесць”, “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.
Пра іх, людзей сумлення, гонару, воінскай доблесці і славы гэтыя словы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *