Залатая мара Дзмітрыя Лобана. Днямі ён сустрэўся з землякамі ў Ляхавічах
Хваляваліся, балелі, трымалі кулакі цяпер ужо за капітана каманды беларускіх паралімпійцаў Дзмітрыя Лобана, які сваімі спартыўнымі перамогамі ў Пхёнчхане ўславіў і краіну, і сваю малую радзіму на ўсю планету. А днямі ён сустрэўся з землякамі ў Ляхавічах
А памятаеце, як прасторы інтэрнэту, газетныя старонкі, тэле- і радыёпраграмы зашумелі: «Серабро ў біятлоне для атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату заваяваў у спрынце на 7,5 кіламетра ўраджэнец вёскі Ганчары Ляхавіцкага раёна Дзмітрый Лобан!». І, дарэчы, ён не спыніўся на гэтым: у скарбонку зборнай прынёс яшчэ адзін медаль такой жа высокай пробы.
…Сціплы, разгублены ад увагі (хаця, здавалася б, павінен да яе прывыкнуць), але з асаблівай цеплынёй Дзмітрый Лобан ужо не ў навіннай стужцы перадаваў прывітанне – сам прыехаў у Ляхавічы і ў ГДК сустрэўся з землякамі, якія, без перабольшання, былі проста шчаслівыя ад стасункаў з гэтым неверагодным чалавекам.
Кожны імкнуўся выказаць захапленне, падзякаваць за тое, што ўслаўляе Беларусь і сваю малую радзіму, за тое, што з вялікім жаданнем прыязджае ў родныя Ганчары, дзе яго заўсёды чакаюць бацькі.
Шчыра гучалі словы кіраўніка раёна Вячаслава Сельмановіча, які неаднаразова падкрэсліваў: Ляхавіччына ганарыцца сваім земляком Дзмітрыем Лобанам, яго жыццёвымі і спартыўнымі перамогамі і верыць у далейшыя поспехі:
– Паралімпійскія гульні без перабольшання можна назваць трыумфам сілы духу, волі, настойлівасці, упартасці і веры ў сябе. Дзмітрый – прыклад таго, як трэба змагацца насуперак усяму і перамагаць. Прыклад, які ўсяляе ўпэўненасць у тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Дарэчы, для многіх выхаванцаў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Ляхавіцкага раёна гэта сустрэча стала асаблівым стымулам для далейшага развіцця. Самыя дужыя, хуткія, спрытныя ў сваіх відах спорту і катэгорыях школьнікі раёна па выніках леташняга агляду-конкурсу «Лепшыя спартсмены года» атрымалі медалі і дыпломы з рук двойчы сярэбранага прызёра Паралімпіяды ў Пхёнчхане, бронзавага прызёра Паралімпіяды ў Ванкуверы, уладальніка медалёў Кубка свету Дзмітрыя Лобана.
Юніёры не прапускаюць магчымасці пацікавіцца справамі, папрасіць прафесійнай парады: што надае сілы, у чым сакрэт поспеху, як стаць пераможцам. Літаральна закідалі пытаннямі Заслужанага майстра спорту міжнароднага класа юныя спартсмены. Шчымлівы момант: у руках хлопчыкаў і дзяўчынак тыя самыя два алімпійскія медалі – патрымаць іх, як самі прызнаюцца, значыць дакрануцца да ўдачы.
Дзмітрый расказаў, што ў яго планах: марыць пазначыць здзейсненым пункт «узяць алімпійскае золата», а яшчэ хоча заняцца трэнерскай дзейнасцю. Між іншым, дзве пхёнчханскія бронзы жонкі Дзмітрыя Лідзіі Графеевай – вынік і яго трэнерскай працы.
І ці варта тлумачыць, што для трэнера-выкладчыка аддзялення дзюдо Віктара Богуша шматразова прыемна і ганарова атрымаць узнагароду ў раённай намінацыі «Лепшы трэнер года» з рук такога класнага спартсмена, як Дзмітрый Лобан.
Задаць сваё пытанне свайму славутаму земляку мог кожны жадаючы. Пагаварылі пра многае: як складваліся адносіны з іншымі камандамі на Паралімпіядзе, чым плануе займацца пасля завяршэння спартыўнай кар’еры, засяродзілі ўвагу на падтрымцы юных спартсменаў, а тыя, у сваю чаргу, не ўпусцілі магчымасці атрымаць параду ад сапраўднага профі.
– Поспех нельга ўявіць без жадання. Галоўнае, ставіць перад сабой мэты і ісці да іх. Будзе нялёгка, будзе шмат складанасцяў, але трэба не здавацца, а рухацца наперад. У школе я не вызначаўся ў спорце, не надта ладзіў з фізкультурай. Нейк цэлае лета працаваў над сабой – і ў выніку ў атэстаце адзіная пяцёрка, менавіта па фізічнай культуры. Калі я атрымаў траўму, спытаў у свайго сябра, што рабіць далей. Ён гаворыць: «Проста жыць». А я адказаў: проста – не хачу, буду развівацца. Верце ў свае сілы, – раіць Дзмітрый.
Шчыра прызнаецца, калі ёсць магчы-масць, едзе дадому – у Ганчары. Дзякаваў сваім землякам за неверагодную падтрым-ку, якая надавала сілы і падбадзёрвала.
На памяць пра гэту сустрэчу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч уручыў памятны падарунак Дзмітрыю, каб нагадваў яму пра малую радзіму, дзе яго любяць, ганарацца і заўсёды чакаюць. І, безумоўна, словы падзякі і кветкі бацькам – Валянціну Васільевічу і Галіне Казіміраўне Лобанам. Яны, як і належыць маме і тату, заўсёды побач з сынам і гэта сувязь самая моцная.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ