Новік у сваёй справе не навічок

…Адзін за адным падымаліся на сцэну гарадскога Дома культуры лепшыя сельгаспрацаўнікі Ляхавіччыны падчас урачыстага святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Сярод лаўрэатаў у розных намінацыях было нямала і працаўнікоў СВК «Ляхавіцкі». Пад апладысменты прысутных  узнагароду за перамогу ў традыцыйным раённым конкурсе «Лепшы па прафесіі» атрымаў і галоўны інжынер сельгаскааператыва 37-гадовы Андрэй Новік.

Наўрад ці думаў выпускнік Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, што з цягам часу зойме такую важную пасаду і будзе ў адказе за стан машынна-трактарнага  парка адной з лепшых гаспадарак Брэстчыны.

У СВК Андрэй працуе з верасня 2002 года, на працягу 7 гадоў загадваў мехмайстэрнямі. Кіраўніцтва гаспадаркі заўважыла ініцыятыўнага, граматнага, неабыякавага спецыяліста, якому і была прапанавана новая пасада — галоўнага інжынера. Акрамя практычных навыкаў, якія Андрэй Новік назапашваў падчас работы ў гаспадарцы, ён удасканальваўся і тэарэтычна — атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён імкнецца быць заўсёды ў курсе  вытворчых навінак, цікавіцца новымі тэхналогіямі, не саромеецца вучыцца ў больш вопытных калег, дае слушныя парады падначаленым.

А дома яго заўжды чакае надзейны тыл: жонка Святлана (яна таксама выпускніца ЛДАКа, працуе ў «Ляхавіцкім» заатэхнікам-селекцыянерам) і тры дачушкі.

Новікі, як і многія іншыя сем’і, атрымалі ад гаспадаркі новы катэдж па вуліцы Ураджайнай у Гаслаўшчыне. Тут заўсёды рады гасцям.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *