Любоў з «радаслоўнай». Давайце сустрэнемся – мы ці нашы дзеці, а потым унукі, праўнукі – пад пышнымі кронамі на цяністай грушаўскай алеі, у флер’яноўскім парку, у свяціцкіх мясцінах, на «мілых дарожках» у Крывошыне… Успомнім пра будучыню, азірнёмся на мінулае
Больш стагоддзя напамінае пра вядомую пісьменніцу, чароўную жанчыну, лірычную натуру асілак-дуб: яго ў 1909 годзе пасадзіла ў Флер’янове Эліза Ажэшка, якая гасцявала ў паноў Бохвіцаў. У іх маёнтку віравала культурнае жыццё: сюды прыязджалі артысты, мастакі, паэты і пісьменнікі, ладзілі літаратурныя чытанні, тэатральныя пастаноўкі, музычныя вечарыны. Эліза адпачывала тут душою, перажывала светлыя пачуцці…
Век дрэў звычайна перасягае век людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб даўным-даўно развітаўся са сваёй летуценнай гаспадыняй. Ён распасцёр пышную крону высока-высока: сто «з хвосцікам» для яго – не ўзрост. Тым больш, што ён знайшоў працяг у парку-дуброве, прамое дачыненне да якой маюць прыдумаўшыя яе газетчыкі- «веснікаўцы». Пасаджаныя маленькія дрэўцы даўно і актыўна пайшлі ў рост. А сочаць за іх «здароўем» няўрымслівыя і нераўнадушныя сённяшнія гаспадары былога бохвіцаўскага маёнтка Генрых Міхайлавіч і Ларыса Паўлаўна Траццякі. Сёння сто дрэўцаў цягнуцца да сонца і «назапашваюць» сваю гісторыю.
Як жа хочацца, каб менавіта тут зноў гучалі вершы і музычныя накцюрны – ля ажэшкінскага дуба і яго працягу. І першыя «Флер’яноўскія чытанні» пазалетась адбыліся.
І ў Грушаўцы – колішнім сямейным маёнтку Рэйтанаў – падчас фэсту «З крыніц спрадвечных» гучыць роднае-народнае. Час тут нібы спыняецца. Цудоўная грушаўская «лесвіца ў неба» – алея з 24 лісцёўніц, пасаджаная Рэйтанамі больш стагоддзя назад, вядзе да іх фамільнай капліцы і нібы купаецца ў сонцы. Калі прыглядзецца, можна заўважыць выкарыстаную пры пасадцы дрэў сістэму «па росце». Нібы лесвіца атрымліваецца: па ёй, меркавалі, у неба падымаліся душы продкаў… Гэта адступленне, але настройвае яно на тое, каб спыніцца і азірнуцца, падумаць пра ўзвышанае і зямное.
Давайце сустрэнемся – мы ці нашы дзеці, а потым унукі, праўнукі – пад пышнымі кронамі на цяністай грушаўскай алеі, у флер’яноўскім парку, у свяціцкіх мясцінах, на «мілых дарожках» у Крывошыне… Успомнім пра будучыню, азірнёмся на мінулае і паслухаем шэпт дрэў, напрыклад, тых, што сталі працягам пасаджанага непаўторнай Элізай. І гэты працяг – не выпадковасць, а прымножаная беражліва і сардэчна памяць.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з архіва «ЛВ».